Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Храм, які будавалі з дапамогай мядзведзяў. Галоўнай святыні Валожына 200 год

Галоўнай святыні Валожына – будынку касцёла Святога Юзафа роўна 200 год. Існуе легенда, што да яго будаўніцтва спрычыніліся і выхаванцы “Смаргонскай акадэміі” — мядзведзі. Чаму пра чалавека, які не давёў пачатую справу да канца кажуць “Ну, ты як смаргонскі мядзведзь” , і якое дачыненне да святыні мае граф Тышкевіч. Карэспандэнт МЛЫН.BY знаеміўся з мясцовымі легендамі.

Знаўцы сцвярджаюць, што Валожын — практычна адзіны на Беларусі горад, у цэнтры якога захаваліся  адразу некалькі  гістарычных помнікаў першай паловы ХІХ ст. Сярод іх будынак ешыбота (школа для равінаў), палацавыя пабудовы графа Тышкевіча, а таксама касцёл Святога Юзафа, гісторыя якога бярэ пачатак з глыбінь сярэднявечча.

— Будаўніцтва святыні ў гэтым мястэчку было пачата графам Іосіфам Тышкевічам, які набыў горад 10 сакавіка 1803 года, — расказвае дырэктар Валожынскага краязнаўчага музея Наталля Лоўчая. — Першы камень у падмурак храма заклалі роўна праз тры гады, 10 сакавіка 1806-га. На жаль, давесці справу да канца  граф не паспеў. 1815-ы стаў апошнім у яго жыцці. Мару бацькі спраўдзіў сын Міхаіл.

Новы касцёл, які ўрачыста асвяцілі 19 сакавіка 1816 года, адрозніваўся класічнымі формамі і багатым інтэр’ерам. Даўжыня будынка, які ўзвышаецца над плошчай з урэзанага ў адхон пагорка подыума з валуноў, —  57 метраў, вышыня — 18.

Уладзіслаў Сыракомля, вядомы паэт і краязнаўца XIX стагоддзя, пісаў пра валожынскую святыню: «Над прысадзістым мястэчкам, якое, здаецца, пала на калені перад веліччу касцёла, свецяць цудоўныя «муры» храма. Гэтая святыня ў гусце ХVІІІ стагоддзя, калі алоўкам архітэктара кіравала не набожнасць, а захапленне грэцкай прыгажосцю».

— Храм і сапраўды вытрыманы ў строгіх формах класічнай архітэктуры Старажытнай Грэцыі, — кажа Наталля Лоўчая. — Яго галоўны ўваход вылучаны дарычным порцікам з шасцю  калонамі. Плоскасць фасада раздзелена чатырма паўкруглымі арачнымі нішамі, дзе раней знаходзіліся гіпсавыя статуі евангелістаў. Ледзь воддаль ад касцёла, у мініяцюры паўтараючы яго архітэктуру, — брама-званіца на тры званы.

У гады Вялікай Айчыннай вайны храм быў разбураны, а 8 кастрычніка 1960 года яго наогул закрылі.

Першапачаткова былы касцёл выкарыстоўваўся ў якасці складскога памяшкання для мэблі, затым у ім знаходзіўся цэх жалезабетону міжкалгасбуда, філіял мінскага завода “Тэрмапласт”.

— Машыны і станкі з касцёла пачалі вывозіць на пачатку 1990-х, — узгадвае мясцовая жыхарка Зоя Лукашэвіч. —  Якраз у гэты час завод, дзе працавала вельмі шмат жыхароў райцэнтра, закончыў узвядзенне новага корпуса, яго пабудавалі  ў іншым месцы горада. А парафіяне касцёла Святога Юзафа ўзяліся за рэстаўрацыю збудавання.

Працавалі талакой. Не шкадуючы ні сіл, ні часу. На сёння храм цалкам адроджаны. Ганарацца ім вернікі і гараджане, сюды прыязджаюць турысты  з замежжа. Каб падзівіцца на хараство святыні, атрымаць у падарунак абразок з выявай Святога Юзафа, ну і, канешне ж, пазнаёміцца з гісторыяй, паслухаць легенды.

Месцічы расказваюць, што касцёл у Валожыне дапамагалі ўзводзіць тагачасным будаўнікам мядзведзі. Касалапыя працаўнікі, якія цягалі на сабе камяні, былі выпускнікамі “мядзведжай акадэміі”. Так жартоўна называлі ў той час школу дрэсіроўкі касалапых, заснаваную князямі Радзівіламі ў мястэчку Смаргонь яшчэ ў XVII стагоддзі.

Вось што пісаў французскі манах-езуіт Філіп  Аўрыль, які падарожнічаў па Рэчы Паспалітай у 1687—1689 гадах: «…Мне паказалі таксама акадэмію, дзе дрэсіруюць мядзведзяў. Селішча, у якім яны вучацца гэтым вядомым практыкаванням, каб потым паказваць іх з такім спрытам і нават кемлівасцю, завецца Смаргонню…».

Але ў жыхароў Валожына ніякіх рэальных доказаў дачынення мядзведзяў да будаўніцтва храма не захавалася. Хіба што прымаўка, якая бытуе на прасторах Налібоцкай пушчы не адзін дзясятак год. “Ну, ты як смаргонскі мядзведзь”, — кажуць тут пра чалавека, які не давёў пачатую справу да канца. Маўляў, менавіта так паводзілі сябе касалапыя на будоўлі. Пачуўшы сігнал на абед, кідалі каменне, якое паднімалі ўверх па прыступках, і беглі сталавацца.

Колькі ў гэтай гісторыі праўды, колькі выдумкі — невядома. Але легенда жыве…

Марына СЛІЖ

5 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте