Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
На Чэрвеньшчыне прайшоў XVIII Абласны пленэр юных мастакоў «Фарбы роднай зямлі»

Сёлета Чэрвеньшчына ў васямнаццаты раз прымала абласны пленэр юных мастакоў «Фарбы роднай зямлі». Прысвяцілі яго 630-годдзю сучаснага Чэрвеня – старажытнага Ігумена. За тры дні 32 юныя мастакі з усёй вобласці наведалі тры раёны – Пухавіцкі, Бярэзінскі і ўласна Чэрвеньскі, якія раней уваходзілі ў адзін Ігуменскі павет. Пабывалі ў сядзібна-паркавым турыстычным комплексе «Дукорскі маёнтак», што на Пухаўшчыне, у паляўнічым комплексе «Вязычын» Бярэзінскага лясгаса, у адмысловай вёсцы Ведрыца Чэрвеньскага раёна, горадзе Чэрвені. Кожны з юных мастакоў упадабаў свой куточак зямлі ігуменскай.

Да адкрыццяў у творчасці – з Гагарыным

Разам з дырэктарам Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Галінай Прышывалка кіруем у вёску Ведрыца, каб паглядзець, як працуецца ўдзельнікам пленэру.

Некалькі чалавек бачу непадалёк ад вадасховішча, іншыя аблюбавалі вясковыя падворкі. Крыху далей адкрываецца цудоўны краявід: вялізны луг, а на ім – буслянка з самым сапраўдным буслом!

Пачуўшы шчоўканне фотаапарата, птушка пачынае хвалявацца. Яна  здзіўлена пазірае на дзяўчат, што размясціліся тут, унізе, з мальбертамі. Хто гэта, маўляў?

Сярод тых, хто абраў луг, і навучэнка Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў Мілена Радоўня. Гляджу на яе накід алоўкам на паперы і разумею: карціне – быць! Недарэмна яна спасцігае азы малявання ўжо чатыры гады. Бусла ўпадабала, бо любіць адлюстроўваць жывую прыроду.

Тут, на лузе, таксама старанна працуе алоўкам Настасся Жураўская са Старадарожскай дзіцячай школы мастацтваў. Маральна падтрымлівае дзяўчынку яе педагог Таццяна Гутырчык. Пазіраю з-за пляча юнай мастачкі: на малюнку – каза, за ёю плот… І што самае цікавае: ляжала напачатку тая жывёліна, перажоўвала сабе траўку. А ўбачыўшы такую ўвагу да сваёй персоны, паднялася і пачала пазіраваць.

Дзве салігарчанкі – Яўгенія Бунас і Аляксандра Мігура – выбралі для натуры вясковую хату, дзе ў гародчыку дэкаратыўныя макі. Здаецца, бачаць яны адно і тое ж. Але ці будуць падобныя іх малюнкі? Аляксандра ў справе малявання – не навічок. Летась ужо ўдзельнічала ў «Фарбах роднай зямлі», атрымала дыплом ІІ ступені. Такую ж узнагароду ўзяла і на фестывалі ў Італіі.

Юлія Баброўская з Чэрвеньскай школы мастацтваў зацікавілася фрагментам хаты з сучасным плотам і блакітным небам над ім.

– Я вам зараз пакажу, што гэта прыкладна будзе! – кажа.

Адступае на некалькі крокаў, складае пальцы рамкай і запрашае паглядзець праз яе. А тады нязмушана зазначае:

– Гэта будзе шэдэўр! А пакуль яшчэ мазня. Вы пазней падыходзьце…

Спускаюся да Ведрыцкага вадасховішча, дзе зусім блізка ад вады ўладкавалася Дыяна Грэкава з Плешчаніцкай дзіцячай школы мастацтваў. У адрозненне ад папярэдніх маіх суразмоўцаў яна не з маленства маляваннем захапляецца, вучыцца толькі першы год. На пытанне, чаму выбрала менавіта гэтую мясціну, адказвае: натхненне прыйшло!

Тым часам за спіной, дзе займаюцца сваёй справай яшчэ некалькі юных мастачак, чуецца дружны смех. Аказваецца, на натуру выйшлі… куры! І патрапілі на карціны.

Пра тое, што многіх удзельнікаў пленэру чакаюць прыемныя адкрыцці, сведчыла нават назва ведрыцкай вуліцы: яна ўганаравана імем першага касманаўта Юрыя Гагарына. І на камяні нават ёсць яго партрэт! Даўніна і сучаснасць тут крочаць поруч.

Гран-пры – зноў у Чэрвені!

У апошні дзень пленэру галасамі поўнілася фае Чэрвеньскага прафесійнага будаўнічага ліцэя. Наведвальнікі разглядалі шматлікія малюнкі, размешчаныя проста на падлозе. Рамкі чакалі работ прызёраў і пераможцаў. А юныя мастакі – вынікаў конкурсу.

Я проста не магла прайсці міма адзіных хлопцаў-канкурсантаў, не пацікавіўшыся іх уражаннямі ад «Фарбаў». Іван Давыдаў прыехаў з суседняга Беразіно, а Марат Сергіевіч – з Маладзечаншчыны, Лебедзеўскай дзіцячай школы мастацтваў. Юнакі вырашылі трымацца разам. Паспелі і з дзяўчатамі пазнаёміцца і пасябраваць з імі. Іван больш любіць маляваць нацюрморты. Марат аддае перавагу графіцы, але тут узяўся за пэндзаль, бо графічны малюнак – гэта доўга. Вельмі спадабалася ім прырода кожнага з раёнаў. І конкурс – таксама.

Шмат добрых слоў удзельнікі пленэру пачулі ад начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Чэрвеньскага райвыканкама Лідзіі Шчацінкі і журы конкурсу – дырэктара музея сучаснага выяўленчага мастацтва Наталлі Шаранговіч і члена Беларускага саюза мастакоў Леаніда Хобатава. А далей пачалася інтрыга.

Дзевятнаццаць дыпломаў за ўдзел. Дыпломы трэцяй, другой і першай ступені ў малодшай і старэйшай узроставай групе – агульным лікам дванаццаць… І як прыемна бачыць сярод прызёраў тых, з кім я пазнаёмілася!

Гран-пры зноў у Чэрвені! Яго ўзяла мая арыгінальная суразмоўца ў Ведрыцы Юля Баброўская, выхаванка Віталя Чарнаўца – педагога з вялікім стажам. Узнагароду ёй уручыў старшыня журы, член Беларускага саюза мастакоў Леанід Гоманаў.

Хацела перамагчы? – пытаюся ў Юлі, калі крыху ўлегліся страсці, якія віравалі ў зале.

– Вельмі! Але больш хацелася заняць першае месца, бо не ведала, што такое Гран-пры. Па шчырасці, не думала, што ўвогуле займу якое месца.  Калі ўбачыла на выставе толькі адну сваю карціну, засмуцілася. Пасля знайшла яшчэ адну – і ўсё роўна было прыкра. Дзе ж яшчэ дзве? Не спадабаліся?! Я хадзіла, як кіслая салата! Падчас падвядзення вынікаў думала: хаця б трэцяе месца… А тут – Гран-пры!

– Што зараз адчуваеш?

– Радасць і шчасце! Шчыра дзякую свайму выкладчыку Віталю Уладзіміравічу. Ён вельмі добры настаўнік. Бывала, я яго не слухалася, але ён усё роўна мяне вучыў, шмат дапамагаў. Калі  была зусім маленькая, у мяне нічога не атрымлівалася. Я ўвесь час плакала, а так хацелася маляваць!

– А як увогуле з’явілася такое жаданне?

– У мяне вельмі прыгожа малюе старэйшая сястра Яна.  Я хацела гэтак жа. Яна траўку выдзяляе, змешвае колеры. А ў мяне – усё адным! Я глядзела, глядзела… А сястра мне: «Не вісі над душой!» Тады я пачала назіраць здалёк. Пасля запамінала, як іншыя малююць. І паціху пачало атрымлівацца і ў мяне.

Ну а мы чакаем дзевятнаццатыя «Фарбы»!

12 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте