Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Сцёрся след вясковай хаты. Успаміны рыбчан пра сваю зніклую вёску

Рыбчына – буйнейшая з дзесяці вёсак, якім было наканавана знікнуць з карты Вілейшчыны. Але толькі не з людской памяці. Ужо больш дваццаці год на Сёмуху ля вадасховішча, дзе некалі стаялі вясковыя хаты, збіраюцца землякі-рыбчане. Вёска знікла па волі людзей дзеля ідэі інтэнсіўнага развіцця народнай гаспадаркі. Дзякуючы воднай артэрыі Віліі папоўніла свой басейн сталічная Свіслач. А сам Мінск набыў крыніцу пастаяннага ўзнаўлення сваіх водных рэсурсаў.

Саграе ўспамінаў цяпло

Максімка – двойчы рыбчанін. Яго дзед па маме – з Рыбчына. І бабуля па тату – таксама. Ларыса Журыха, старэйшая жыхарка зніклай вёскі, замілавана глядзіць на  малога. А той робіць мудрагелістыя выкрутасы на вузкай прасёлкавай дарозе, дзе і дзвюм легкавушкам цяжка размінуцца. Сёння тут іх дзясяткі два набярэцца. Не здраджваючы традыцыі, патомныя рыбчане  сабраліся ў пойме Вілейскага вадасховішча. Памятны камень з таблічкай, металічны крыж, выраблены Валерыем Сонічам, колішнім жыхаром гэтай вёскі… “Сцёрся след тваёй хаты вясковай. Быццам зроду яго не было. Памяць вёскі, затопленай морам, саграе успамінаў цяпло”.

… А наўкол буяе шыпшына.

– Каб мы далёка па вечарынках не бегалі, нашы бацькі пабудавалі пасярод вёскі танцпляцоўку, – дзеліцца ўспамінамі Раіса Соніч, ініцыятар рыбчанскага грамадскага праекта. З яе лёгкай рукі сустрэчы ладзяцца штогод, калі ўбяруцца  ў празрыстую зелень прыбярэжныя бярозавыя зараснікі на месцы былых сядзіб, да якіх не дабеглі марскія хвалі. Над астатнімі – воднае сутарэнне, вышынёю некалькі метраў. У Рыбчыне было 117 двароў, пражывала каля пяцісот жыхароў. Кармілі іх рака, па якой вяскоўцы сплаўлялі лес, навакольныя саснякі ды гаі. Там на купінах ірдзелі буйныя, як пацеркі, брусніцы.

– З адной галінкі – цэлая жменя, – прыгадвае Раіса Філістовіч, парастак адной з самых паважаных у Рыбчыне сем’яў. Бацька Раісы Канстанцінаўны  быў дырэктарам мясцовай пачаткоўкі. Чалавек шырокай эрудыцыі, уважлівы да праблем вяскоўцаў. Умеў выслухаць. Паспачуваць, падказаць выйсце. І сёння яго, як і тых, каго ўжо таксама няма на свеце, хто не даехаў-не дайшоў, добрым словам успамінаюць на гэтай сустрэчы.

Рыбчанская ластаўка

 

На першую сустрэчу прыехала больш за 150 чалавек. З усіх куткоў Беларусі, з Масквы, Адэсы, далёкай Сібіры.

Здаецца, пераставала плёскацца вада, калі жанчыны акапэльна выводзілі “Рыбчанскую ластаўку”. “Не лятай ты, ластаўка, каля саду рана…”. Гэтую песню любіць спяваць Алеся Супрановіч, дырэктар Вілейскага Палаца культуры. Яе дзед нарадзіўся ў Рыбчыне. Алеся скончыла ўніверсітэт культуры. І студэнцкі ансамбль, якім яна там кіравала, уключыў  песню ў свой рэпертуар. На сённяшнюю сустрэчу Алеся прыехала з дачкой Насцяй. Маленькія нашчадкі рыбчан усвядомлена ўслухоўваюцца ў размовы дарослых, спасцігаючы сэнс такіх  паняццяў, як  бацькоўскі дом, свая зямля… Насця ведае, што далей, за бярозавым хмызняком, – Астапаў сад. Там ужо адцвілі грушы-дзічкі і вось-вось закіпяць ружова-белай квеценню яблыні. На іх калісьці  раслі найсмачнейшыя ва ўсім Рыбчыне яблыкі.

Рэха памяці

А ў Васіля Смаляка была самая вялікая сядзіба. А Ігнась купіў самы першы ў вёсцы тэлевізар, на тэлеперадачы  збіралася ледзь ці не ўсё Рыбчына. Ён першы і аўтамабіль купіў. Працавіты быў, сціплы. Як і яго жонка Вера.

Ілья Самаль называе сябе рыбчанскім зяцем. Яго родная вёска Лясная была спалена ў   вайну. Жонку Ніну знайшоў Ілья ў Рыбчыне, дзе выбіралі сабе нявест многія тутэйшыя хлопцы.

– Жылі побач з Буслаўскімі, на адным двары, – ківае Ілья Самаль у бок Міхаіла Буслаўскага і яго сястры Ніны, якія працуюць урачамі ў Вілейскай бальніцы.

Валерый Філістовіч прыехаў з  Масквы. Ад Сёмухі да Сёмухі жыве  чаканнем сустрэчы з землякамі. У Валерыя было шэсць сясцёр. Бацька ўсё на сына стаўку рабіў. Атрымалася. Ён годна нясе па жыцці статус рыбчаніна. Закончыў у Маскве Акадэмію МУС, даслужыўся да палкоўніка міліцыі, узначальваў Дзяржаўтаінспекцыю Паўднёва-Усходняга раёна Масквы. Цяпер на пенсіі, але працуе намеснікам начальніка Маскоўскай адміністрацыйна-дарожнай інспекцыі. Многае ў  жыцці Валерыя прадвызначана   бацькавымі генамі – у таго быў сапраўдны мужчынскі характар: з 14-ці  год пайшоў на лесасплаў. І неўзабаве ўжо  кіраваў некалькімі брыгадамі сплаўшчыкаў. Шмат парасткаў у радаводзе Філістовічаў. І адна трэць  вялікай радні сёння тут, на беразе  вадасховішча. Дзе буяе разнатраўем заліўны луг.  А на месцы сцёртых часам падмуркаў, па перыметры сяліб, – здзічэлыя пладовыя кусты…

– Тата, бяры інструмент! – Алеся Супрановіч гукае бацьку. Той садзіцца ля каменя, на клапатліва падсунутую кімсьці складную табурэтку. Над наваколлем лунае мелодыя. Вольная – як прастор прыбярэжных лугоў. Светлая – як пялёсткі рамонкаў на падмурках былых сяліб. Вечная – як душа.

Марыя КУЗАЎКІНА

Фота аўтара

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте