Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Попурри
Як спраўлялі наваселле нашы продкі: абрад «Уваходзіны» правялі ў Слуцку

У цэнтры традыцыйнай культуры Слуцка адбылася важная падзеяпасля двух год чакання завяршылася будаўніцтва новай этнаграфічнай студыі «Беларуская хатка». Тут усё па-сапраўднаму, як калісьці было ў нашых продкаў: памяшканне цалкам аздоблена дрэвам, вялікая печ па цэнтры, на покуці – абразы пад ручнікамі. Таму кіраўнікі студыі і наваселле вырашылі спраўляць па ўсіх правілахправялі старадаўні абрад «Уваходзіны». На свяце нашых дзядоў і прадзедаў пабывала карэспандэнт МЛЫН.BY.

– Калі ласка, госці дарагія! Запрашаем вас у нашу хатку! – яшчэ на ганку сустракаюць шаноўную публіку гаспадары «новабудоўлі».

Але далей сенцаў пакуль не пускаюць. Паводле старажытнага звычаю, першымі ў хату павінны зайсці кот ці певень. На месцы, куды яны сядуць, гаспадары паставяць ложак, а потым і дзіцячую калыску. Толькі пасля таго як выбар будзе зроблены, гасцей запросяць за сталы.

Прысмакаў на святочнай вячэры вялікае мноства, бо здавён лічыцца: як сустрэнеш гасцей у новым доме, так і жыць у ім будзеш. Галоўнае месца на стале займае хлеб – сімвал дабрабыту і багацця, які гаспадары і госці разам выпякаюць у новай печы – яшчэ адзін важны абрад.

Гасцей на «Уваходзінах» звычайна поўная хата. Тут табе і родныя, і суседзі – бадай, уся вёска. Тлумачыцца гэта проста: у нашых продкаў быў звычай брацца за работу талакой – усім разам, таму будаўніцтва вялося хутка. У новую хату ні адзін госць не ішоў з пустымі рукамі – дрэнная прыкмета. Неслі гаспадарам хлеб ды соль, вышыўкі, саматканыя палавікі.

– А зараз, паважаныя гаспадары, пакажыце нам, якія вы спрытныя: на новых палавічках станцуйце, да так, каб яны з месца не зрушыліся, – даюць заданне гаспадарам «Беларускай хаткі» госці. – Каб не рыпелі ў хаце палавіцы, хай гаспадар станцуе з маладзіцай!

Дарэчы, «Прытоптванне палавікоў» –  абрад, характэрны менавіта для слуцкага рэгіёна. Яшчэ адна мясцовая асаблівасць «Уваходзінаў» па-слуцку – прывязванне да столі «залатога руна». Калі будаўнічыя работы былі ў самым разгары, пад страхой вешалі аўчыну і пакавалі туды ўсялякія прысмакі для работнікаў. Як адзначалі наваселле, пачастункі аддавалі будаўнікам.

– Мы стараліся ўсё зрабіць па-сапраўднаму. Вывучалі метадычную і гістарычную літаратуру, архівы, гутарылі са старажыламі. Рыхтавалі абрад «Уваходзіны» доўга, але атрымалася максімальна натуральна, –  адзначае Зінаіда Губановіч, дырэктар слуцкага цэнтра традыцыйнай культуры.

Атмасферу старажытнай беларускай хаткі ў студыі ствараюць арыгінальныя прадметы побыту нашых продкаў. Напрыклад, драўлянай рыдлёўцы, што каля печы, – больш за стагоддзе. Прыкладна такога ж «узросту» і ручнікі на абразах.

– Мы перакананы, што кожная рэч акумулюе энергетыку сваіх гаспадароў, зараджаецца ёю. Таму для нашага цэнтра вялікі набытак – старажытныя прылады, якімі калісьці карысталіся нашы продкі. Спадзяюся, гэтую энергетыку адчуюць і наведвальнікі «Беларускай хаткі», –  падкрэсліла Зінаіда Губановіч.

Да адкрыцця новай студыі ў «Беларускай хатцы» сустракалі пераважна дзяцей – малодшым школьнікам расказвалі пра побыт беларусаў, іх звычкі і традыцыі. Цяпер супрацоўнікі цэнтра традыцыйнай культуры будуць пашыраць рамкі сваёй  працы – на базе этнаграфічнай студыі плануць правядзенне шматлікіх абрадаў. У «Беларускай хатцы» можна будзе нават справіць вяселле. Дарэчы, першая пара ўжо ёсць на прыкмеце.

Кацярына СУРМА

Фота аўтара

8 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте