Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Эксклюзив
500-годдзе беларускага кнігадрукавання: друкарская “фанабэрыя” і “малы” Гутэнберг

Сёлета мы адзначаем 500-годдзе беларускага кнігадрукавання. Так склалася, што праз пяць стагоддзяў у краіне захавалася няшмат арыгіналаў кніг, выдадзеных Францыскам Скарынай.

Напрыклад, “скарынаўская” калекцыя Расійскай нацыянальнай бібліятэкі (РНБ) нашмат большая, чым у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Але на варце гэтых скарбаў у РНБ стаіць беларус. Знаёмцеся: загадчык аддзела рэдкіх кніг РНБ, доктар філалагічных навук Мікалай Нікалаеў. Карэспандэнт МЛЫН.BY выехаў у Піцер, каб сустрэцца з вучоным.

А ў велізарным кабінеце сярод паліц са старадаўнімі фаліянтамі сустрэў… аднаго з сярэднявечных кнігадрукароў. У выглядзе невялікай статуі.

– Гэта Іаган Гутэнберг. Еўрапейскі першадрукар, – кажа Мікалай Нікалаеў, вітаючы мяне. – У яго шапка такая, якія і ў Маскоўскім княстве насілі. У той час і ў Заходняй Еўропе яны былі ў модзе.

– Мікалай Віктаравіч, Скарына ж, так бы мовіць, нашчадак Гутэнберга. Чаму мы яго лічым першадрукаром?

– Скарына – бацька ўсходнеславянскага кнігадрукавання.  Дарэчы, Гутэнберга я нездарма назваў еўрапейскім, а не сусветным першадрукаром. Ужо даказана, што кітайцы пачалі друкаваць  кнігі раней за яго. Але вернемся да Беларусі. На яе землях у XV стагоддзі ведалі толькі замежную друкаваную кнігу. Звычайна гэта былі тэксты на лацінскай ці нямецкай мовах. Не шмат людзей тады маглі іх чытаць. Свае ж кнігі былі толькі рукапісныя і даражэйшыя за друкаваныя. Іх было мала.

Думаю,  выдаваць кнігі на роднай мове самастойна Скарына не змог бы. Былі мецэнаты. Ён жа цэлы год да выдання першай кнігі рыхтаваўся, фактычна нідзе больш не працуючы. У Празе Скарына шукаў, у каго можна арандаваць друкарню. Таксама трэба было знайсці работнікаў-друкароў. Ну а самая галоўная частка працы – пераклад Святога Пісання. Францыск не браў гатовы тэкст. Ён імкнуўся зрабіць Біблію даступнай для  простых людзей.

– Перакладаў з арыгінала?

– Хутчэй за ўсё – з чэшскага варыянта, хаця карыстаўся і лацінскай “Вульгатай”. Скарына пакідаў трохі чэхізмаў. Але вось што хачу адзначыць. Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы ўжо пішуць, што сёлета  мы адзначаем юбілей беларускай Бібліі. Гэта не так. Яе пераклалі значна  раней. Святое Пісанне – гэта шмат кніг. Яны існавалі ў нашым славянскім свеце асобна. Упершыню ўсходнія славяне сабралі іх разам у Вялікім Ноўгарадзе ў 1495 годзе. А ў 1502-м у Вільні Мацей Дзясяты пачаў працу над рукапіснай Бібліяй для Вялікага княства Літоўскага. У 1507 годзе ён скончыў укладанне гэтага зборніка – “Дзясятаглава”. Атрымаўся вельмі якасны і добра ілюмінаваны, гэта значыць размаляваны, кодэкс кніг Бібліі. Літары слоў Божых нават выпісаны залатымі чарніламі. Зараз “Дзясятаглаў” захоўваецца ў Піцеры. Думаю, што і пра гэтую кнігу ведаў Скарына, бо гэта была падзея агульнаеўрапейскага значэння: у ВКЛ з’явіўся свой біблейскі кодэкс. Але ён быў не для кожнага. Скарына ж хацеў – для кожнага.

Колькі каштавалі кнігі Скарыны?

– На жаль, кошты нідзе не запісаны. Але друкаваў ён не на дарагім пергаменце, а на таннай паперы. Пакуль не атрымліваецца ўстанавіць, дзе Скарына яе набываў. На ёй альбо няма вадзяных знакаў, альбо яны амаль не чытаюцца. У любым выпадку ясна, што гэта не самы дарагі матэрыял. А вось на афармленні не эканоміў. Для гравюр набываў нямецкія дошкі, заказваў новыя. Прычым выразаў нямецкія надпісы і ўстаўляў свае. Думаю, дошкі для вокладкі Скарына рабіў сам. Але не займаўся пераплётам. Кожны ўладальнік ужо сам замаўляў пераплёт у майстра. Вось паглядзіце. Гэта першая кніга Скарыны – “Псалтырь”. Тут вокладка з аксаміту. Яе зрабіў ужо не першы ўладальнік.

Асцярожна гартаю кнігу, якой ужо пяць стагоддзяў. Першыя лісты, як бывае заўсёды, захаваліся дрэнна. Рэстаўравалі іх, наклейваючы  на новую паперу. Недзе ў сярэдзіне раптоўна знаходжу не друкаваныя, а рукапісныя старонкі.

– Некаторыя старонкі згубіліся, і ўладальнік альбо  сам аднавіў іх ад рукі, альбо замовіў каму-небудзь гэтую працу, – адзначае Мікалай Нікалаеў.

А гэта што за плямы?

– Воск ад свечкі. Але вернемся да афармлення. Скарына, на маю думку, пры падрыхтоўцы  некаторых экзэмпляраў карыстаўся паслугамі мастакоў – тыя расфарбоўвалі ілюстрацыі акварэллю. Магчыма, Скарына хацеў  даражэй прадаць кнігі ці падараваць фундатарам.

– Які быў тыраж яго Бібліі? 

– Для тых часоў немалы – 200 экзэмпляраў. Не ўсё ішло ў ВКЛ. Некаторыя кнігі  – на Нямеччыну. Іх набывалі бібліяфілы. Напрыклад, адзін з калераваных экзэмпляраў зараз захоўваецца ў Верхнялужыцкай бібліятэцы ў Гёрліцы. Шмат кніг ішло ў Маскву і на Украіну. Іх цяжка збіраць. Habent sua fata libelli (з лацінскай – “Кожная кніга мае свой лёс”). Ведаеце, Скарына хацеў выдаць усю Біблію. Ён рабіў, скажам так, серыял. Спачатку “Псалтырь”, потым іншыя. Але выдаваў часткі Пісання не ў кананічным парадку. Выпускаў, выпускаў, а потым альбо  грошы скончыліся, альбо  нейкія сямейныя ці грамадскія справы паклікалі яго на радзіму. Трошку не паспеўшы давесці справу да канца, друкуе тытульны аркуш і спыняе працу. Дык вось, зараз няма ў свеце ніводнага экзэмпляра скарынаўскай Бібліі, дзе ўсе часткі разам. У XIX стагоддзі сярод  бібліятэкараў узнікла мода збіраць кнігі з Бібліі Скарыны і пераплятаць разам. Распляталі канвалюты, вымалі асобныя часткі, збіралі разам розныя кнігі. Кнігу з тытульным аркушам ставілі першай. Таму многія думаюць, что ён адным разам выдаў Святое Пісанне.

Кім быў Скарына: каталіком, праваслаўным?

–  Не сумняваюся, што каталіком. Па-першае, не было ў праваслаўнай культуры такого імя – Францыск. Але ён так сябе называе ва ўсіх кнігах. Пры гэтым яго кнігі былі цалкам прыдатныя для выкарыстання ў праваслаўнай традыцыі. Іх выданне падтрымаў каталіцкі біскуп, у якога працаваў Скарына. Магчыма,  гэта сведчыла аб пачатку ўніяцкіх працэсаў.

Праўда, што Скарына ў свой час быў адзіным выдаўцом, які змясціў уласны  партрэт у Бібліі?

– Так. Гэта была выключная з’ява для Еўропы. Чыстая фанабэрыя. З пункту  гледжання артадоксаў любой канфесіі: каталікоў, праваслаўных, пратэстантаў. Ніхто не рабіў так. Але гэта ілюстрацыя да нашага позняга Рэнесанса. На партрэце шмат сімвалаў. Напрыклад, пчала азначае мудрасць. А да яго Мацей Дзясяты таксама зрабіў свой партрэт. Толькі слоўны. Напісаў, хто такі, адкуль паходзіць, хто яго браты, хто бацькі. Гэта была аўтабіяграфія. Гэта было ўпершыню ва ўсходнеславянскай рукапіснай традыцыі. Раней так не пісалі. Альбо проста: “Раб Божы…”

– Ці спраўдзіў Скарына сваю мару – каб кнігі з’явіліся не толькі ў багатых?

– Пасля выдання друкаванай Бібліі кніга па-ранейшаму каштавала нямала. Скарына не вырашыў пытанне, пра якое вы кажаце. Але ён паказаў кірунак, даказаў, што мы можам.

Вы жывяце ў Расіі. Тут сваім  першадрукаром лічаць  Івана Фёдарава. Ці ведаюць людзі, што ён працаваў яшчэ і ў ВКЛ, у горадзе Астрог, што на тэрыторыі сённяшняй  Украіны?

– Хто як вучыўся. Я вам раскажу адну гісторыю. У 1857 годзе ў нашай бібліятэцы працаваў беларус Каэтан Андрэевіч Касовіч. Быў загадчыкам аддзялення. Дарэчы, гэта аналаг вайсковай палкоўніцкай пасады. Дык вось, Касовіч быў павінен праводзіць экскурсіі і пісаць справаздачы для дырэктара. Гэтыя паперы захаваліся. У адной з іх ён піша, што ў групе экскурсантаў была дзяўчынка з вельмі прыгожай гувернанткай. Быў там і чыноўнік, па гальштуку якога можна было зразумець, што ён з правінцыі. Чыноўнік пачаў красавацца перад гувернанткай і ўвесь час перабіваў Касовіча: “Ды  хто ж гэтага не ведае!”. Калі падышлі да вітрыны з Астрожскай Бібліяй, чыноўнік сказаў: “Як жа Іван Фёдараў мог зрабіць Біблію, седзячы ў астрозе?”.  Яму патлумачылі, што Астрог – горад. Збянтэжаны чыноўнік  вымушаны быў рэціравацца… Мы ў 2014-м адзначалі 450-годдзе расійскай друкаванай кнігі. Было агучана нямала знакавых  фактаў. Напрыклад, Фёдараў выдаў “Апостала” ў Львове, нягледзячы на тое  што гэта быў перыяд напружанасці паміж Украінай і Маскоўскай дзяржавай. Іван Фёдараў належыць нам усім: Украіне, Беларусі і Расіі. Скарына таксама шмат зрабіў для ўсёй усходнеславянскай культуры.

Васіль МАЛАШЭНКАЎ

Фота аўтара

Мікалай Нікалаеў трымае ў руках той самы “Псалтырь” Скарыны

Дадаткова

Мікалай Нікалаеў скончыў у 1977 годзе Белдзяржуніверсітэт. З 1978 года працуе ў  РНБ, у тым ліку з 2003-га – у аддзеле рэдкіх кніг. Спецыяліст па гісторыі кніг, аўтар даведніка “Беларусы Пецярбурга”, старшыня Санкт-Пецярбургскай асацыяцыі беларусістаў, перакладчык некаторых твораў рускіх аўтараў на беларускую мову і гэтак далей.

2 3

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте
Эксклюзив