Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Лячэнне прыгажосцю, або Як чэрвеньскія медыкі здзівілі творчасцю

Хто б мог падумаць, што тэрыторыя Чэрвеньскай бальніцы стане любімым месцам вечаровых прагулак для мам з дзецьмі. Прычым не столькі пацыентаў, хворых, колькі проста жыхароў мікрараёна Барыкіна.

Зайчыкі і совы, жабкі і лесавік, кубкі з ручкамі, вясёлы смоўжык, драўляныя коні, фіялетавая студня і яшчэ шмат арыгінальных кампазіцый упрыгожылі тэрыторыю бальніцы. Яны выклікаюць шчырую ўсмешку і ўзнімаюць настрой. Праверана на сабе!

— Ідэя ўпрыгожыць тэрыторыю ўзнікла падчас наведвання нашай медыцынскай установы начальнікам галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінаблвыканкама Наталляй Баярскай, — тлумачыць галоўны ўрач Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы Андрэй Прахарэнка.

— Яна прапанавала: а чаму б не правесці конкурс сярод сваіх аддзяленняў? Мы падумалі: “А чаму б і не?”. Выдалі свой загад аб правядзенні агляду-конкурсу на лепшае малое архітэктурнае збудаванне. І ўсе адгукнуліся, заактыўнічалі. Раніцай прыязджаю на працу а палове сёмай, а тут ужо нашы медыцынскія работнікі з мужамі кампазіцыі будуюць, кветкі садзяць. Прыемна на ўсё гэта глядзець, малайцы! Нават не думаў, што так цудоўна ў іх атрымаецца. Вечарам іду  з працы,  а яны ўсё штосьці дасаджваюць яшчэ, дарабляюць. Гэта ж усё ў вольны ад працы час стваралася.

— Андрэй Уладзіміравіч, за які тэрмін  усё  зроблена?

— Літаральна за тыдзень! Удзельнічалі  ўсе структурныя падраздзяленні. Канешне, у кагосьці большая кампазіцыя, у кагосьці — меншая. Але і аддзяленні ў нас розныя. Узяць той жа тубкабінет: доктар, фельчар і санітарка. Але і яны зрабілі ўнёсак у добраўпарадкаванне.

— Між тым    у інтэрнэце можна  сустрэць і станоўчыя водгукі, і адмоўныя. Напрыклад: такія кампазіцыі больш падышлі б для дзіцячага садка…

— Нашу дзіцячую паліклініку і наведваюць мамы з дзеткамі. Часцяком малыя баяцца ісці да ўрача, пужаюць іх белы халат, уколы, таблеткі. А калі дзіця бачыць на тэрыторыі прыгожую кампазіцыю — бывае, забываецца, да каго ідзе. Значыць, лепш пройдзе медыцынскі агляд, калі  ў дзетак  станоўчыя эмоцыі.

— Андрэй Уладзіміравіч, на вашай тэрыторыі яшчэ шмат месца. Ці будзеце працягваць добраўпарадкаванне, скажам так, па-за конкурсам?

— Думаю, трэба працягваць. Сапраўды, ёсць месцы, дзе можна штосьці яшчэ зрабіць, устанавіць кампазіцыі, стварыць клумбы.

— Якія водгукі пра саму ідэю конкурсу чулі вы ад сваіх работнікаў — непасрэдных выканаўцаў?

— Усе шчыруюць з усмешкамі. Учора іду па тэрыторыі, а медработнікі пытаюцца: “Андрэй Уладзіміравіч, якая кампазіцыя вам больш падабаецца?”. Але я пакуль не гавару. Тым больш што гэта будзе камісійнае рашэнне.

— Паколькі гэта конкурс, значыць, прадугледжаны прызавыя месцы?

— Так, першае, другое, трэцяе і матэрыяльнае заахвочванне: сем, пяць і тры базавыя велічыні адпаведна.

Паглядзець  на такое адмысловае добраўпарадкаванне тэрыторыі ўстановы аховы здароўя завіталі намеснік старшыні Чэрвеньскага райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька і старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік. У суправаджэнні галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Андрэя Прахарэнкі і яго работнікаў робім своеасаблівы “круг гонару”. Кампазіцыі, за рэдкім выключэннем, практычна не паўтараюцца. Жабкі, зробленыя з аднолькавых аўтамабільных пакрышак, тым не менш выглядаюць па-рознаму.

Прыемна ўбачыць беларускую мову! Як кажуць, просценька, але з густам

Выклікаюць добрую ўсмешку і разнастайныя боты з кветкамі

Як пацвярджэнне сказанаму галоўным урачом, бачым жанчын, якія дасаджваюць на клумбе кветкі

І гэта яшчэ далёка не ўсё, што створана рукамі медыцынскіх работнікаў і размешчана на тэрыторыі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы.

Некаторыя з малых архітэктурных форм уражваюць асабіста мяне. Прашу, каб пазнаёмілі з непасрэднымі выканаўцамі.

(Забягаючы наперад, хачу сказаць: менавіта ўсе яны і аказаліся прызёрамі. Але пра гэта я даведалася толькі праз некалькі гадзін, калі спецыяльна створаная камісія падвяла вынікі агляду-конкурсу.)

…Ля кампазіцыі з фіялетавай студняй, драўлянымі зайчыкамі, цікавым чалавечкам, сонейкам і кветкамі сустракаемся з работнікамі інфекцыйнага аддзялення — старшай медсястрой Таццянай Садзюкевіч і медсястрой Аксанай Мурашка.

Пытаюся, як узнікла менавіта такая ідэя.

— Інтэрнэт — вялікая рэч! — наперабой расказваюць дзяўчаты. — Галоўную ідэю прыдумала Аксана, а мы яе ўжо развівалі. Мужы нам, канешне ж, дапамагалі. Чалавечак павінен быць зроблены з карычневых пластыкавых форм для расады, але мы знайшлі толькі чорныя. Увогуле, хацелася яркіх колераў  — лета ж на вуліцы. Закладвалі сэнс у кожную дэталь: вадаспад з кветак — любоў, радасць; сонейка — цяпло. Зайчыкі спадабаліся, мы ім толькі чырвоныя крыжыкі дабавілі. Рабілі ў каго што атрымлівалася, а тады састыкоўвалі. Дапамагалі і медсёстры, і санітаркі.

У аглядзе-конкурсе гэтая кампазіцыя работнікаў інфекцыйнага аддзялення  заняла трэцяе месца.

… Шчырае захапленне выклікаў, так бы мовіць, мастацкі вобраз машыны “хуткай дапамогі” каля адпаведнага аддзялення Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы. Вось цяпер не памылішся, калі патрэбна будзе яго адшукаць: маляўнічы паказальнік здалёк відаць. А сама кампазіцыя дапоўнена яшчэ мноствам цікавостак.

Гэта  задумка нашай таленавітай моладзі, — тлумачыць фельчар па прыёму выклікаў аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Аліна Грыгор’ева. — Удзел прымалі ўсе нашы работнікі: фарбавалі, складвалі, садзілі, выкопвалі… Матэрыялы прыносілі з дому, дапамагалі сваякі. І ўсё ішло ад сэрца! Атрымалася тое, што задумвалі, таму зробленым — ганарымся. Спадзяёмся, людзям таксама спадабаецца…

Гэтая кампазіцыя таксама заняла трэцяе прызавое месца.

…Работнікі педыятрычнага аддзялення бальніцы абралі народны, вясковы кірунак. І матэрыялы выбіралі адпаведныя.

— Гэтых соў знайшлі ў інтэрнэце наша старшая медсястра Іна Лепеш і медсястра Вольга Толкач, — распавядае санітарка Людміла Ржавуцкая. — Нам птушкі таксама спадабаліся. У Вольгі муж працуе ў лясгасе. Ён дапамог з круглякамі, і яны дома тых соў збівалі. Кампазіцыя ўдалая, але малаватая. А ў сястры-гаспадыні аддзялення Наталлі Аляшкевіч дома былі непатрэбная бочка і маленькі сувенірны лесавічок. Гледзячы на яго, зрабілі вялікага. Кошык яна ж прынесла — стары, плецены. Паглядзелі — зноў чагосьці не хапае. Вырашылі дасадзіць кветак. Не сказаць, каб займаўся хтосьці адзін. Гэта калектыўная творчасць.

І за гэтую творчасць педыятрычнае аддзяленне атрымала другое месца.

…Цэлая сям’я — тата, цяжарная мама, дзіцятка — размясцілася на бярозавай лаўцы. Побач прызямліўся бусел з калыскай. Тэматычная кампазіцыя належыць работнікам гінекалагічнага аддзялення.

— Генератар ідэй у нас акушэрка Ганна Бурая, — заўважае старшая акушэрка Ала Мінчонак. — А мы дапамагалі па меры сіл. Драўляную лаўку самі рабілі. Дзякуй фундатарам за матэрыял!

— Калі мне патэлефанавалі і паведамілі  пра конкурс, я адразу ж зразумела, штó ў нас будзе за кампазіцыя, — кажа Ганна Бурая. — Гэта будзе шчаслівая сям’я. Я захапляюся вырабам малых лялек, шмат іх раздарыла. А цяпер вырашыла зрабіць у натуральную велічыню. У іх унутры пілавінне, сінтэпон — не сапсуецца.

— Вось  гляджу на гэты гальштук… Ужо год 40 была ўпэўнена, што ён існуе толькі ў майго таты ў адзіным экзэмпляры, прывезены здалёк,  з санаторыя!

А ў майго таты быў знаёмы цыган, які падараваў яму такі ж! Я доўга яго захоўвала. Таты няма з 1999-га, а гальштук дзецям на Новы год апрануць ці яшчэ куды. Бачыце — спатрэбіўся. З матэрыяламі мне ўсё аддзяленне дапамагала. І яшчэ мы іх узімку хочам адпаведна “апрануць”, “уцяпліць”.

Як высветлілася пазней, сям’я і бусел гінекалагічнага аддзялення падзялілі ганаровае другое месца з совамі і лесавіком — педыятрычнага.

…Пры галоўным уваходзе ў бальніцу з боку вуліцы Барыкіна ўзбоч ганка размясцілася прыгожая драўляная кампазіцыя — работнікі паліклінічнага аддзялення пастараліся.

— Планавалі мы зусім іншае, — усміхаецца старшая медсястра паліклінікі Лілія Кудзелка, — атрымалася ж — экспромтам. Проста нам дахаты прывезлі дровы… З іх усё і пачалося. Самі фігуры ды іншае зрабілі літаральна на працягу вечара мой муж і брат. Яны малайцы, такія крэатыўныя заўсёды! Пляменнік таксама паўдзельнічаў. Хтосьці штосьці прапаноўваў сваё. Так што вечар выхаднога дня ў нас атрымаўся! Пачалі ўстанаўліваць усё раніцай панядзелка. Тут далучылася таксама творчая асоба — медсястра кабінета неўролага Марына Левашкевіч. Грыбочкі — гэта яе. Дапамагалі нам і іншыя калегі. Мы выставілі сваю кампазіцыю першымі. Тады дух спаборнасці зрабіў сваю справу, і ўсе пачалі старацца — адно перад адным! Здаецца, самыя простыя матэрыялы, якія літаральна валяюцца пад нагамі. А вось такія цуды з іх атрымаліся…

— Ліля,  а за рэакцыяй наведвальнікаў назіраеце?

— Канешне! Яны ідуць, усміхаюцца. Дзеткам хочацца ўсё памацаць, залезці ў вазок ці да рыбака на масток. У мяне акно сюды выходзіць, дык усё чую і бачу. Чалавек зірнуў на кампазіцыю — у  бальніцу заходзіць у зусім іншым настроі. Прыемна і нам…

Драўляная кампазіцыя паліклінічнага аддзялення атрымала першае месца.

Такое своеасаблівае ноу-хау Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы: тут, апрача іншага, лечаць усмешкамі і добрым настроем.

Святлана АДАМОВІЧ 

Фота аўтара

 

19 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте