Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
На Купалле сонца грае: як у Маладзечне папараць-кветку шукалі

Гэтае чароўнае, авеянае паданнямі свята прыпадае на самую  макаўку лета. У розных кутках Беларусі яго называюць па-рознаму: дзе — Купала, дзе — Купалейка, дзе — Купавачка. Затое адзначаюць — аднолькава. З песнямі, танцамі, карагодамі, гульнямі, вогнішчам. Ну і, канешне ж, пускаюць вянкі па вадзе.

Учора вечарам у Маладзечне іх плялі прама ў гарадскім парку.

У купальскі вянок, які нашы продкі лічылі самым надзейным абярэгам ад чараў, клаліся рамонкі, валошкі, жытнёвыя каласы, галінкі бярозы. І не было, здавалася, чалавека, які б не захацеў паспрабаваць сябе ў гэтай справе. Плялі іх, прайшоўшы майстар-клас, і дзеці, і дарослыя.

А запраўлялі ўсёй гэтай справай кіраўнік народнай студыі выяўленчага мастацтва “Чароўная палітра” дзіцячага цэнтра “Расток” Вольга Кавальчук і яе калега, начальнік аддзела выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Вольга Гулевіч.

Кветкі для вянкоў майстрыхі збіралі з самай раніцы ў ваколіцах Маладзечна. І не было ў той вечар ніводнай дзяўчыны альбо дзяўчынкі, якая б не захацела прымераць на сябе гэты цуд.

Арганізатары свята сёлета пастараліся. У яго палітры з’явіліся новыя забаўляльныя праграмы для дарослых і самых маленькіх гараджан.

Дзетак пазнаёмілі з казачнымі персанажамі, рознымі абрадамі і звычаямі, а вядучыя наладзілі для іх гульні і конкурсы.

Купалле для дарослых у выглядзе тэатралізаванага прадстаўлення з Купалішам і Купалінкай пачалося ў Летнім амфітэатры позна ўвечары.

Гуляла па парку ведзьма, круцілася ў натоўпе нячыстая сіла, чапляючы тых, хто адважыўся шукаць папараць-кветку.

Згодна з легендай, расцвітае яна звычайна ў купальскую ноч а 12-й. І цудадзейную сілу мае толькі тады, калі чалавек, што знайшоў яе, носіць кветку ў надрэзе пад скурай правай далоні. Адгэтуль ён пачынае бачыць усе скарбы, схаваныя ў зямлі, разумець мову звяроў, птушак і раслін.

Другая легенда, якую беларусы перадаюць з пакалення ў пакаленне, звязана ўжо з Сонцам, якое грае раніцой  на Івана. Нібыта едзе яно на калясніцы, запрэжанай трыма конямі — залатым, сярэбраным і жамчужным. Свецяцца прывідным святлом рэкі, расліны надзяляюцца дарам мовы, пераходзяць з месца на месца, перашэптваюцца сваімі лістамі-галінамі вялікія дрэвы…

А яшчэ ў народзе расказваюць пра купальскага дзеда, які ходзіць ноччу і збірае кветкі папараці, а таксама пра ведзьмакоў, што адбіраюць у кароў малако і робяць заломы на жыце. І пра шабас ведзьмаў, пра разгул нячыстай сілы ходзяць павер’і.

Але ў Маладзечне ў купальскія вечар і ноч было спакойна. Гром не грымеў, маланкі не бліскалі.

У самым цэнтры парку гулялі казачныя героі, а па вадзе, насустрач свайму лёсу, плылі купальскія вянкі.

Марына СЛІЖ

Фота аўтара

 

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте