Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
«Святло Марыі дае нам арыенціры і ратуе»: ў Будславе завяршыўся фэст у гонар цудатворнай іконы

На Мядзельшчыне, у мясцовым касцёле, які мае статус Нацыянальнага санктуарыя Рэспублікі Беларусь, адбыліся урачыстасці ў гонар храмавага свята, датасаваныя да стогадовых угодкаў аб’яўленняў Маці Божай Фацімскай. Іх шырока адзначае ўвесь хрысціянскі свет.

У фэсце, які праходзіў 30 чэрвеня –1 ліпеня, ўдзельнічала духавенства каталіцкай царквы, прадстаўнікі дыпламатычных місій, уладных структур, удзельнікі дваццаці пешых пілігрымак у колькасці 2300 чалавек з розных мясцін краіны, Польшчы, Прыбалтыкі, Расіі.

Пешыя пілігрымкі—традыцыйныя для свята цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Сёлета да іх далучыліся тры групы веласіпедыстаў. Са сталічнай прыбыў на ўрачыстасць сам арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. А пілігрымка з Ракава адкрыла сапраўдны парад пешых вандроўнікаў, якія спяшаліся пакланіцца вобразу каранаванай апякункі Беларусі. Кожную чарговую групу шчыра вітаў на парозе храма кусташ  Нацыянальнага санктуарыя ксендз-пробашч Віктар Бурлака.

Харугві, рознаколерныя стужкі над галовамі тых, хто пераадолеў нялегкі шлях пад дажджом і спекай, каб прыпасці ў малітоўным паклоне да алтара з выяваю Божай Маці. Яна 2 ліпеня 1998 года была ўвенчана папскімі каронамі і аб’яўлена апякункай нашай Айчыны. А,значыць, і кожнага верніка, які з чыстым сэрцам і шчырымі думкамі падыходзіць да алтара.

—Калі ласка, Маці чакае!—вокліч кусташа раз-пораз гучыць на радамі пілігрымаў. Самая арыгінальная пілігрымка — сямейная. Яе склалі ўдзельнікі міжнароднага руху “Суполка Маці Божай”.

Ірына і яе сям’я, у якой пакуль трое дзетак — актыўныя яе ўдзельнікі. ”З намі жыве Бог, мы навучаем дзяцей святой малітве і законам хрысціянскай маралі, —расказвае маладая жанчына, якая цяжарнай пераадолела нялегкі шлях.

Дзіяна, Маша, Ліза і Руслан прыйшлі з Баранавіч. Каля трохсот кіламетраў — пешшу. Кожны нес у душы сваю інтэнцыю.

Нехта жадае, каб Маці Божая дапамагла ў выбары спадарожніка жыцця, нехта не можа вызначыцца з прызваннем. І кожны спадзяецца на высокую схільнасць нябёсаў. І шматдзетная маці, і юнак. Бо абодва яны мараць аб духоўным і маральным зямным шляху. Самы маленькі па ўзросту пілігрым — гэта дзіцянё, якое ўтульна адчувае сябе на бацькоўскіх руках. Сары ўсяго адзінаццаць месяцаў. Марта і Арцем неслі яе на руках з самой Ліды.

—Усё нармальна. Мы – веруючыя людзі, коратка каментуюць свой учынак.

Іра—удзельніца пілігрымкі з Нарачы. У дзяўчыны—узнеслы настрой. Ад усведамлення пераадолення яшчэ адной прыступкі на шляху пасціжэння веры.

Нездарма, напэўна, першая святая імша падчас будслаўскіх урачыстасцей прысвячаецца пешым вандроўнікам. І распачынае яе Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч:

—Калі мы апынаемся на ўзбураным акіяне часу, святло Марыі дае нам арыенціры і ратуе, —звяртаецца да моладзі каталіцкі іерарх.

Гучаў акафіст у выкананні хору грэка-каталіцкай царквы, праходзіла своеасаблівае “выпрабаванне сумленнем” пры падрыхтоўцы да таямніцы споведзі…

Найбольш адметнай з’явай, якой завяршыліся ўрачыстасці першага дня, стала працэсія з фігурай Маці Божай Фацімскай.

Тысячы чалавек рухаліся вакол плошчы перад касцелам з запаленымі свечкамі, спяваючы “Аве Марыя”. Плыла па мястэчку вогненная рака , ствараючы ўражанне неба, спушчанага на зямлю з высокай ласкі Усявышняга.

На начной імшы звярнуўся да вернікаў арцыбіскуп Габар Пінтэр, апостальскі нунцый святога пасаду ў Рэспубліцы Беларусь. Ен упершыню за час сваей тут місіі наведаў Нацыянальны санктуарый. Усе пачутае і ўбачанае, заключыў пантыфік, дазваляе яму зрабіць выснову аб прысутнасці Бога ў Беларусі: “ Дзе Маці, там і сын. Марыя нас не палохае, не настаўляе, не абяцае, а пераконвае прыкладам свайго жыцця, АДДАДЗЕНАГА Богу. Ведайце,што маці, якая стаяла пад крыжам свайго сына, выслухае і ўратуе вас.”

Цэнтральную святочную імшу напрыканцы ўрачыстасці ўзначаліў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У ей удзельнічалі ўсе ардынарыі каталіцкага касцела, кансэкраваныя асобы, прысутнічаў пасол Польшчы ў Рэспубліцы Беларусь Павел Конрад, госці з Літвы і Злучаных Штатаў  Амерыкі. Усіх прадстаўнікоў замежжа арцыбіскуп прывітаў на іх нацыянальных мовах. Імша прайшла пад дэвізам “Фацімскае пасланне Марыі—шлях да навяртання”. Яно сапраўды было папярэджаннем чалавецтву ў імкненні абараніць яго ад жорсткіх кровапраліццяў. Абарона не здзейснілася, бо людзі, насуперак пасланню, ігнаравалі Бога. Гсторыя войнаў паўтараецца і сення, калі лакальныя ваенныя канфлікты, тэрор ствараюць уражанне пачатку новага сусветнага катаклізму. Завяршаючым момантам урачыстасцей стала працэсія з копіяй абраза Маці Божай Будслаўскай. І пасля быў абвешчаны акт прысвячэння беззаганнаму сэрцку Марыі з нагоды 100-годдзя яе аб’яўленняў ў Фаціме.

Марыя КУЗАЎКІНА

Фота Паўла АРЛОЎСКАГА 

Торжества в честь Будславской иконы Божьей Матери

14 3

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте