Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
У госці да Янкі Купалы: У Вязынцы адсвяткавалі 135-годдзе з дня нараджэння паэта

Вязынка прымала гасцей з самай раніцы. Наведвальнікаў здзіўляў кірмаш народных рамёстваў, падымалі настрой сваімі выступленнямі артысты, людна было ў месцах, дзе прадавалі сувенірную і друкаваную прадукцыю.

Многія госці, пакланіўшыся помніку песняра, не міналі магчымасці зазірнуць у дом, дзе ён нарадзіўся. Каб яшчэ раз пачуць гісторыю сям’і Луцэвічаў, дакрануцца да атмасферы тагачаснага побыту і ўбачыць інтэр’ер «хаты арандатара».

“Вязынку мы ўжо даўно ўспрымаем як месца, дзе нарадзіўся вялікі чалавек і майстар слова – Янка Купала”, – адзначыў, адкрываючы рэспубліканскае свята паэзіі, песні і народных рамёстваў “З адною думкаю аб шчасці Беларусі…”, прымеркаванае да 135-годдзя паэта, намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік.

А тое, што слова яго і сёння гучыць на ўвесь свет, пацвердзіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол нашай краіны ў Францыі Павел Латушка. “Не так даўно ў Парыжы прайшла вечарына, прысвечаная юбілею паэта, – сказаў ён. – Непаўторная, цікавая, асаблівая, якая яшчэ раз паказала, што Купалаўскія паэтычнае слова, драматургія, літатурная спадчына – гэта падмурак фарміравання нашай нацыянальнай самасвядомасці, якая стала адраджацца ў пачатку ХХ стагоддзя. І ў той жа час духоўны стрыжань беларускай дзяржаўнасці, патрыятызму, разумення таго, што мы з’яўляемся нацыяй”.

Свае вершы, прысвечаныя Янку Купалу, чыталі паэты Віктар Шніп, Мікалай Шабовіч, Анатоль Крэйдзіч, Уладзімір Скарынкін, Уладзімір Мазго і іншыя. Музычныя творы на вершы Янкі Купалы выконвалі Беларускі дзяржаўны ансамбль “Песняры”, фальклорна-этнаграфічны ансамбль “Неруш”. Радаваў прысутных сваім выступленнем вакальны ансамбль “Заранак”, мастацкія калектывы Маладзечанскага раёна.

Праходзіла дзейства на сцэне, устаноўленай тут жа, на тэрыторыі запаведніка. Сярод гледачоў і слухачоў былі дырэктары беларускіх музеяў і тэатраў, паэты, прыхільнікі творчасці Купалы як з Маладзечна, Мінска, так і іншых гарадоў Беларусі, студэнты, школьнікі, народныя майстры.

21 гектар зямлі, менавіта такая плошча адведзена пад літаратурны музей Янкі Купалы ў Вязынцы, быў цалкам аддадзены гасцям і ўдзельнікам свята. І не было тут, напэўна, ніводнага куточка, дзе б не гучалі слова паэта, музыка, песні, не праходзілі майстар-класы.

Маладзечанка Ганна Бабовіч размясцілася за столікам пад разгалістым дрэвам. Паклаўшы на калені вялікі белы ручнік, жанчына вышывала крыжыкам прыгожы нацыянальны ўзор. Абступіўшы яе з усіх бакоў, юнакі і дзяўчаты стараліся пераняць вопыт майстрыхі, каб пасля і самім, узброіўшыся іголкай і ніткай, вышыць на вялізазным ільняным палатне першую літару свайго імя. Такую акцыю прыдумалі арганізатары “Фэсту вышыванкі”, які прайшоў у межах свята.

Захапіў ён не толькі дзяўчат, бралі, можа, першы раз у сваім жыцці, прылады для вышывання і хлопцы. У адных рукі хадзілі спрытна, у іншых – не вельмі. Але ж затое дакрануліся да аднаго са старажытных промыслаў сваіх продкаў, якія ўмелі прасці, ткаць, вязаць.

Свята доўжылася да самага вечара. Госці і ўдзельнікі, хаваючыся ад гарачага сонца і спякоты, з задавальненнем гулялі ля рэчкі Вязынкі, якая дала назву мясцовасці, спыняліся ля рэшткаў былога маёнтка Замбжыцкіх, разглядалі валуны з высечанымі на іх радкамі з твораў Янкі Купалы. Многія прызнаваліся, што адчуваюць тут сябе практычна як дома, бо ў госці да песняра прыязджаюць штогод.

Марына СЛІЖ

Фота аўтара

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте