Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
«Прусаўчанка». Старадарожскі калектыў са статусам гісторыка-культурнай каштоўнасці

Іх рэпертуару багата год. Адмысловая манера выканання. Ганаровае званне «народны», статус гісторыка-культурнай каштоўнасці. Выпуск уласнага дыска да 45-годдзя… Паслужны спіс сталага векам, але маладога душой фальклорнага калектыву «Прусаўчанка» са Старадарожчыны салідны.

«Будзеш пець – зраблю печ!»

…На пад’ездзе да тамтэйшага сельскага Дома культуры пачулі заліхвацкую песню – здавалася, ажно скаланаліся яго сцены. «Ого, якія магутныя галасы!» – падумала з павагай. Ды гэта ж я яшчэ не бачыла, якія там жанчыны! Бойкія, дасціпныя – і такія актыўныя, нягледзячы на ўзрост!

Той дзень атрымаўся ў «Прусаўчанкі» спрэс журналісцкім: напачатку – здымкі тэлеканала, затым – размова з карэспандэнтам МЛЫН.BY.

45 год – дата не круглая, ды знакавая. Тым больш калі ўлічыць, што некаторыя прусаўчанкі спяваюць тут ад самага пачатку… Зрэшты, навічкі ёсць таксама. Сваю спеўна-танцавальна-фальклорную спадчыну перадаюць маладзейшым бабулі.

У свой час стваральнік і першы мастацкі кіраўнік «Прусаўчанкі» Міхаіл Лапуцька рознымі спосабамі завабліваў жанчын у калектыў.

– Я ж сястра яго! – тлумачыць Вольга Балоцька. – Во і падтрымлівалі па-сямейнаму. Спявалі тут маці мая, і мужык, і дзеці. Нават калі нашай дзяўчынцы было чатыры гады, мы яе за сабой вазілі на ўсе выступленні. Міша пастаянна людзей арганізоўваў, і я хадзіла па хатах. Прасіла прыйсці паспяваць-патаньчыць, дапамагала яму. Тады ў нас вялікі калектыў быў. І я ж сама так спяваць люблю…

– А якія песні?

– Усе-ўсе! Пасяджу, дык прыдумаецца тая і тая…

– Успамінаецца?

– Так. Якія чула ў ягадах, якія – як сена грэбла. Усе ж тады спявалі за працай.

А гэта ўжо Марыя Ляшкова.

– Значыць, развалілася ў мяне печ… – грунтоўна так пачынае жанчына.

Яе аповед перапыняецца дружным рогатам каляжанак:

– О, Марыя, малайчына – здалёк пачынаеш!

А яна, перачакаўшы хвалю весялосці, працягвае:

– Толькі пераехала я тады ў Прусы. Як кажуць, прывыкала да ўсяго. Печ развалілася – хто ж будзе рабіць? Ну, кажуць, Лапуцька добра ўмее. Я да яго: «Мішка, залаценькі, дапамажы!» А ён: «Мне казалі, што ты вельмі добра спяваеш. Будзеш пець – зраблю печ!». Ну, калі так… Запрасіў – прыйшла. Я тут і салісткай была, і артысткай – кім хочаш! У Казахстане як жыла, і там спявала. А тут калектыў добры, а голас у мяне вунь куды ідзе! (Паказвае рукой угору.) Як падцягну, дык далёка чуваць!

– Вы ці мясцовая? – удакладняю.

– Так. Проста як 10 класаў скончыла, дык паехала па белым свеце шукаць лёгкага хлеба.

– Знайшлі?

– А як жа! Трэба было і хлеба шукаць, і адзежы, бо жылі мы ў бядноце. Нас чацвёра ў маці, бацька на фінляндскай загінуў. Ехала, каб што дзе зарабіць, адзецца-абуцца. А там і шчасце знайшла. Пражыла з мужам разам – крыху да 55 год не дацягнулі, памёр. Тры гады, як яго няма…

Людміла Ткачова і не думала, што калісьці будзе ў «Прусаўчанцы».

– Мая мама, Кацярына Пятроўна, тут спявала ад самага пачатку, – тлумачыць. – І я дзяўчынкай ездзіла з гэтым калектывам – проста паглядзець на выступленні. Сама дагэтуль эстраду спявала. А такія песні, можна сказаць, новыя для нас, хаця і старыя. Пераймаем, падабаецца…

– Мне тыя песні, абрады, звычаі добра памятаюцца, – прыгадвае Валянціна Розум, якая больш за 40 год адпрацавала ў школе. – Мы ж малымі на вячоркі бегалі, калядаваць хадзілі, таньчыць вучыліся. Але ў клуб дзяцей тады не пускалі. Народу шмат было ў вёсцы, дык мы дарослым заміналі б. Таму збіраліся асобна, самі па сабе. Як дзесяць класаў скончылі, во тады ўжо нас пусцілі ў клуб. Мне і па прафесіі трэба было спяваць. Дык усё жыццё гэта і раблю – і хорам, і сольна…

Сёлета «Прусаўчанка» брала ўдзел у сёмым рэгіянальным фестывалі фальклорнага мастацтва «Сугалоссе» ў Салігорску, дзе і пацвердзіла званне «Народны аматарскі калектыў».

Бухгалтар і паштарка, настаўніца і простая сялянская жанчына – лучыць іх матчына песня.

– 37 старых колісь тут спявала і таньчыла, – наперабой прыгадваюць прусаўчанкі. – Было нам весела, ахвотна выступаць. Упраўляліся па гаспадарцы, а то і кідалі ўсё ды ехалі. А наш клуб на святы проста набіты быў людзьмі. Ведаеце, колькі дарослых збіралася? 900 чалавек! Эх, дзе ж вы, журналісты, тады былі?!

– Дык а цяпер ці таньчыце падчас выступленняў? – дыпламатычна пераводжу размову на іншую тэму.

– А як жа! Віктар, зайграй «Беднага»!

І жанчыны ў вышыванках (уласная праца, між іншым, – любата!), разабраўшыся па парах, пускаюцца ў скокі.

Унікальны Віктар Іванавіч

На агульным фотаздымку акампаніятар Віктар Красоўскі – адзіны мужчына сярод дзевяці жанчын. Хаця колькасць «дзевак», як высветлілася, часцяком мяняецца. Віктар Іванавіч – чалавек унікальны. У гэтым сельскім Доме культуры, тагачасным клубе, ён увогуле ўжо 50 год.

– Па сумяшчальніцтву я тут, – зазначае. – Прыехаў у саўгас працаваць па накіраванню ды так і застаўся. Па спецыяльнасці – інжынер-механік, працаваў галоўным інжынерам. Ну, і граю, для душы…

– Дзе ж вывучыліся?

– Самавучка. Тата трохі на гармоніку граў, на балалайцы, на гітары. Маці добра спявала. А яе родная сястра і ўвогуле была артысткай опернага тэатра ў Ленінградзе. Такая спадчыннасць…

– Ці знаходзіце паразуменне з жанчынамі?

– Канешне!

І Віктар Красоўскі пачынае граць, а жанчыны – таньчыць.

Не калектыў, а каштоўнасць

Пасля Міхаіла Лапуцькі і Алены Чаркоўскай над адраджэннем мясцовых традыцый апякуецца Марыя Гасанава – мастацкі кіраўнік, актыўная ўдзельніца «Прусаўчанкі», захавальніца гісторыі калектыву.

Вясельны абрад «Заручыны», абрад «Хрэсьбіны», беларускія вячоркі… – тут адраджаюць, берагуць, перадаюць творчую спадчыну дзецям.

Дзесяць год калектыў штораз паспяхова пацвярджае найменне «народны». Удзельнічае ў шматлікіх святах як у сваім раёне, так і за яго межамі, у конкурсах абласнога і рэспубліканскага ўзроўню.

Два гады таму «Прусаўчанцы» быў нададзены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці нематэрыяльнага праяўлення чалавека «Спеўныя традыцыі міжрэчча вярхоўяў Пцічы і Случы ў вёсцы Прусы Старадарожскага раёна Мінскай вобласці». І гэта не толькі надзвычай ганарова, але і вельмі адказна – быць носьбітам жывой спадчыны.

… Гэта трэба чуць і бачыць.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте