Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Ад 2 капеек да 7 рублёў: як змяняюцца цэны на лекі ў чэрвеньскай аптэцы

Разам з жыхаркамі Чэрвеня цэнамі на айчынныя і замежныя лекавыя прэпараты ў цэнтральнай раённай аптэцы №20 цікавілася карэспандэнт МЛЫН.BY.

5 капеек эканоміі

Напачатку марна “адсвечваюся” ў аптэцы: там не тое што пенсіянераў — увогуле нікога няма. Дзесяць хвілін, дваццаць… Ну што за дзіва?! Канешне, добра, што “прастудны” сезон не пачаўся яшчэ, але хто-небудзь сёння па лекі прыйдзе?!

Каб не нерваваць фармацэўтаў фотаапаратам і дыктафонам напагатове, выходжу прагуляцца вакол шматпавярхоўкі, што прылягае да аптэкі. А на зваротным шляху знаёмлюся з Людмілай Агурцовай – яна крочыць у аптэку:

— Ці чулі вы, што кошт на лекі павінен зніжацца? – звяртаюся з пытаннем.

— Па праўдзе, то не.

— Ну, давайце тады разам паглядзім, колькі вы сёння тут сэканоміце.

— А для мяне і так танней атрымліваецца, — тлумачыць Людміла Агурцова. – Па пенсійным пасведчанні на беларускія лекі скідка 15%.

У аптэцы жанчына купляе валідол, актываваны вугаль, параскафен – усё па адной пласціне. З улікам 15-працэнтай скідкі — 1.29.

— Гэта 12 900 ранейшымі? — удакладняе яна. — Так, а што тут па чым?

Валідол каштуе 38 капеек.

— Патаннеў, — кажа Людміла Аляксандраўна. — Раней брала, дык 40 капеек аддавала.

Адна пласцінка параскафену каштуе 82 капейкі, дзве адпаведна — 1.64.

— Патаннеў таксама, на 2 капейкі, — дапамагаюць нам фармацэўты.

А вось цана вугалю актываванага не змянілася — 25 капеек за пласцінку.

— Яшчэ, бывае, ад ціску бяру эналапрыл, — зазначае Людміла Агурцова. — Але калі моцна галава забаліць, тады спачатку іду да тэрапеўта.

— А колькі эналапрыл? — цікавіцца ў акенцы. — Так, барысаўскі каштуе 1.70, а быў 1.75. Мінус 5 капеек.

— Я яшчэ раней цытрамон набывала, — прыгадвае жанчына. — Але ён  перастаў мне дапамагаць.

Цікавімся цаной — стаў таннейшым на 1 капейку.

— Карацей, дробязь — 4-5 капеек эканоміі, — махае рукой.

— Але ж сёння пяць, заўтра пяць — глядзіш, і рубель назбіраецца, — разважаю я.

— Ну, так, — пагаджаецца Людміла Аляксандраўна.

На развітаенне шчыра жадаю ёй не хварэць і радзей наведваць  аптэку.

Аспірын не патаннеў

Ля другога акенца нечакана заўважаю сваю даўнюю знаёмую Любоў Альшук.

— Па якія лекі прыйшлі, Любоў Іванаўна? — цікаўлюся.

— Ад ціску бяру звычайна ды ад сэрца, — адказвае. І замаўляе ў акенцы:

— Эналапрыл гексал.

— І па якім кошце?

— Калі шчыра, не памятаю. Але, здаецца, асабліва не памяняўся, — сведчыць наведвальніца. — Што апошнім часам не даражэў, дык дакладна. Вось цана яго — 3.39. Ён нямецкі, а наш чамусьці мне не ідзе. Дайце дзве ўпакоўкі, калі ласка. І параскафену дзве.

— Дык пра яго мы ўжо даведаліся — скідка дзве капейкі, — зазначаю.

—  А з дзвюх упаковак, значыць, чатыры, — падлічвае Любоў Альшук. — А яшчэ мне памятаецца, што я яго даўней за 1.90 брала ці што… Значыць, сапраўды, зніжаюць цэны на лекі…

— А вось калі банальны аспірын, напрыклад, спатрэбіцца? — падказваю, пра што яшчэ спытацца.

Разам даведваемся, што цана яго апошнім часам не змянялася — 34 капейкі каштуе. Гэтак жа на месцы стаіць цана на аспікард — 1.70.

Мінус 10. Рублёў!

Даведаўшыся, што іду ў аптэку, мама просіць набыць гепарынавую мазь.  За яе, 25-грамовую, вытворчасці “Белмедпрэпараты”, аддаю 2.47. Параўноўваю з цаной на пустой упакоўцы, узятай для памяці — 22.700 (недэнамінаваная цана). Па-новаму гэта 2.27. Атрымліваецца, што год таму яна каштавала трохі танней.

А пра самыя значныя скідкі давялося пачуць ад знаёмых. Напрыклад, “Нольпаза” замежнай вытворчасці знізілася з 25.25 (дзесьці на пачатку года) да 18.25 зараз. Сем рублёў! А замежны ж Кальцый Д-3 Нікамед Фортэ “скінуў” амаль тры рублі. Мінус 10 рублёў?! Аказваецца, гэта рэальна…

Ад аўтара.

Я прывыкла да БАДа “Чарніцы-фортэ з лютэінам” расійскай вытворчасці і дагэтуль набываю па дзве-тры ўпакоўкі ў аптэцы. Але не ў чэрвеньскай, бо тут звычайна прапаноўваюць толькі беларускі аналаг, а ў сталічнай. А хацелася б мець выбар… І цану, супараўнальную з расійскай. Ведаю пра яе не па чутках: неяк прывезла з Піцера аднакласніца 100 таблетак. Іх кошт не нашмат адрозніваўся ад набытых “чарніц” тут, у Мінску. Толькі ва ўпакоўцы “мінскіх” было роўна напалову меней — 50… Мо,  падчас чарговага прыеду ў сталіцу і гэтыя цэны мяне прыемна здзівяць?!

Святлана Адамовіч

Фота аўтара

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте