Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Усадьба
Цуд у вёсцы Касцюкі, альбо Райская прыгажосць сядзіб Уз­дзенскага раёна

Гэтыя сядзібы абсалютна непадобныя адна да адной. А агульнае ў іх – выключная дагледжанасць і любоў гаспадароў да зямлі. 

Набыўшы 15 год таму ў вёсцы Касцюкі Уз­дзенскага раёна ўчастак для дачы, сямейства Рагоўскіх з энтузіязмам пачало будавацца і распланоўваць свае 18 сотак. Усе пабудовы займелі адмысловае афармленне, у садзе з’явіліся хвойныя расліны. Атрымаўся куток лесу пасярод вёскі – з агародам, кветнікамі і сажалкамі, у якіх узровень вады – прыродны, натуральны.

– Рабілі ўсё самі, для душы, каб, прыехаўшы з Мінска, было дзе адпачыць пасля працоўнага тыдня, – тлумачыць гаспадыня Зінаіда Рагоўская. – У майго мужа Аляксандра – залатыя рукі! Апошнім часам мода на суперсучасныя лазні з рознымі наваротамі, але мы будавалі традыцыйную – усю ў дрэве, дый у кожным памяшканні максімум натуральнага. Таму тут так лёгка дыхаецца ў спякоту і ўтульна ўзімку.

Шмат елак і соснаў гаспадары садзілі спецыяльна, дзеля натуральнай засцярогі ад вятроў. Вырошчваюць і дэкаратыўныя хвойнікі. Іх Рагоўская, трохі падвучыўшыся, падстрыгае сама, надаючы форму шара ці яшчэ якую.

Шмат на сядзібе куткоў з кветкамі, а ўвесь газон выкашаны «пад нуль». Агароду адве­дзены правы бок участка, злева – зона адпачынку. Ніякага пустазелля, ссохлых раслін. Вось толькі праблема: участак нізкі, і дажджы яго заліваюць. Але такой бяды…

Міма гэтай сядзібы не пройдзеш, міжволі прыпынішся, захоплены ўбачаным. Стваралі Рагоўскія прыгажосць для сябе, атрымалася – усім на радасць.

Хустка стала… вазай

Па дыяганалі ад хвойнага саду – сядзіба Людмілы Белаш. Тут таксама можна ладзіць фотасесіі – столькі цікавых куткоў і куточкаў, у кветках і адмысловых – ніцых! – раслінах, сярод якіх і казіная вярба на штамбе.

Дзівіць прадуманая планіроўка і дагледжанасць – без адзінай лішняй травіны!

– Людміла, вам, пэўна, хтосьці дапамагае? – цікаўлюся.

– У асноўным – адна. Бывае, дачка далучаецца.

– А колькі часу спатрэбілася, каб займець такое хараство?

– Як пачала пасля прыезду, з васьмідзясятых год, дык і зараз працягваю. Узгорак, зямля спаўзае, таму ўмацоўвала каменнем. Многія кветкі цяпер вырошчваю са свайго насення, туі вельмі добра прыжываюцца.

– Але ж вы яшчэ і працуеце?

– Так, езджу ў Самахвалавічы на хлебазавод. Праца ў мяне цяжкая – укладчык-упакоўшчык. Па­зменна, па 12 гадзін. Так што тут проста ажываю душою. Вяртаюся дахаты, саджуся на ганку і любуюся. А душа ажно трапеча!

– Гляджу – вазы нейкія незвычайныя пад петуніямі…

– Самі рабілі – з хустак… Ой, у інтэрнэце зараз чаго толькі не знойдзеш! І няцяжка зусім зрабіць. Бярэш хустку з махрамі, абмакваеш у прыгатаваны цэментны раствор, нацягваеш на форму – вядро ці яшчэ што, пакідаеш да поўнага высыхання. А пасля можна размаляваць на свой густ.

– Аднавяскоўцы просяць па­дзяліцца кветкамі ці раслінамі?

– Прыходзяць. Нікому не адмаўляю, дзялюся з усімі. Бывае, з кімсьці мяняемся…

Райская прыгажосць! Вярнулася дадому, а кусты драбнакветкавай ружы дагэтуль перад вачыма…

Святлана АДАМОВІЧ
 Фото аўтара

 

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте