Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Прайсці шляхамі Караля. У снежні на Чэрвеньшчыне адсвяткуюць 105-годдзе знакамітага архітэктара

У старажытным Ігумене, сучасным Чэрвені, сапраўды нарадзіўся Кароль. Больш за тое, гэтага Караля можна лічыць добрым чараўніком. Менавіта па ўзмаху яго чароўнай палачкі – простага алоўка – спачатку на паперы, а пасля і ў рэальнасці вырасталі на беларускай зямлі прыгожыя будынкі.

А зваўся Кароль Уладзімірам Адамавічам. І быў ён знакамітым савецкім архітэктарам.

Памяць праз стагоддзі

Навучальны год у чэрвеньскай гімназіі №1, якая носіць імя Уладзіміра Караля, праходзіць пад знакам пяці добрых спраў у гонар славутага земляка, чые 105-я ўгодкі мы адсвяткуем у снежні. Пра частку зробленага пачулі ўдзельнікі «круглага стала», які зладзілі на базе гімназіі.

Унікальныя фотаздымкі Караля і яго праектаў, факты з біяграфіі, дакументальныя відэакадры. Чэрвеньскія гімназісты разам з настаўнікам гісторыі Андрэем Гаўронам прадставілі творчы праект «Памяць аб ім захаваем на стагоддзі».

Спытайцеся зараз у любога чэрвеньскага гімназіста: «Хто спраектаваў мінскі Галоўпаштамт? Абеліск Перамогі на аднайменнай плошчы сталіцы?» – і пачуеце хуткі і канкрэтны адказ. Як і на пытанне: «Ці ведаеце, хто такі Уладзімір Кароль?» У гэтым я ўпэўнілася, калі знаёмілася з выставай работ вучняў «Архітэктура ў творчасці нашчадкаў».

– У рамках святкавання 105-годдзя з дня нараджэння Уладзіміра Караля мы аб’явілі ўнутрыгімназічны конкурс творчых работ, – патлумачыла дырэктар гімназіі №1 г. Чэрвеня Аксана Калтовіч. – Удзел узялі шмат вучняў. Гэта – найлепшыя з малюнкаў.

Разглядаю святочны абеліск Перамогі, пераводжу позірк на подпіс: Юлія Баброўская, 6 клас. Гэта ж наша сёлетняя ўладальніца Гран-пры абласнога конкурсу-пленэру «Фарбы роднай зямлі»! Па-дзіцячы кранальным і разам з тым захапляльным атрымалася мастацкае адлюстраванне на паперы мінскага Галоўпаштамта ў чацвёртакласніцы Тані Ждановіч…

Хутка ў гімназіі збіраюцца запусціць вэб-квэст «Крокамі Уладзіміра Караля». І так нязмушана, падчас гульні, – пазнаёміць вучняў раёна з яго біяграфіяй, творчай і грамадскай дзейнасцю. Ды і самім можна больш даведацца, дзякуючы дакументам з фонду Караля, запісаным на дысках. Іх падчас «круглага стала» падараваў гімназіі прадстаўнік Беларускага дзяржаўнага архіва навукова-тэхнічнай дакументацыі Святаслаў Кулінок.

Аб’ект – вядомы, позірк – свой

На другім паверсе гімназіі праходзіў пленэр «Новы погляд на архітэктуру Чэрвеньшчыны». Сваё мастацкае бачанне аб’ектаў на паперы адлюстроўвалі выхаванцы арт-цэнтра «Вулей» цэнтра творчасці дзяцей і моладзі г. п. Смілавічы Чэрвеньскага раёна.

Гледзячы на творчасць смілаўчан, прыгадала словы ўдзельніцы «круглага стала» архітэктара Галіны Левінай пра Уладзіміра Караля: «Вось мы – проста архітэктары. А ў яго ў дыпломе было запісана: «Архітэктар-мастак». Таму ён і яго сучаснікі цудоўна валодалі алоўкамі і бачылі забудову таго ці іншага ўчастка комплексна, што сёння бракуе сучасным архітэктарам».

У гэтых хлопчыкаў і дзяўчынак – усё наперадзе. І калі хтосьці з іх зможа стаць вядомым архітэктарам, хочацца верыць, што ён не забудзецца і пра сваю малую радзіму, пакіне добры след на Чэрвеньшчыне.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте