Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Регион, Эксклюзив
«У ім жыў Бог» — дачка Міхаіла Пташука аб сваiм бацьку

З дачкой Лікай

Пра лёсавызначальныя радкі з юнацкага дзённіка, хатні тэатр, прыгоды Ашыма і Яліл, працу ў Галівудзе, творчую мару зняць беларускі «тытанік» напярэдадні юбілею расказала карэспандэнту МЛЫН.BY дачка майстра Ліка Пташук — рэжысёр і рэдактар Беларускага радыё.

— Ліка Міхайлаўна, калі б вы пісалі кнігу пра бацьку, з чаго б пачалі? Якія б словы знайшлі для эпіграфа?

— Мабыць, пачала б так: «У ім жыў Бог». У гэтых словах я не адчуваю фальшы ці перабору, залішняга пафасу. Бог ёсць Любоў. Для мяне жыццё бацькі, уся ягоная творчасць адзначаны знакам Любові. Любові да людзей, да справы, якой ён прысвяціў сябе, да беларускага кіно, да Радзімы. Памятаю, калі бацька пісаў кнігу ўспамінаў, сваю «Споведзь кінарэжысёра», ён накідваў урыўкі, эпізоды, але сабраць іх у кнігу ніяк не атрымлівалася. Казаў, што няма пачатку. Пакутліва шукаў патрэбныя словы, дакладную ноту, якая б задала тон. Але аднойчы раніцай бацька радасна паведаміў, што словы, нарэшце, нарадзіліся: «Я вырас сярод слёз»… І неўзабаве кніга была завершана.

— Якім ён быў па характары?

— У нашай кватэры не суціхаў смех. Тата любіў гасцей, атмасферу свята. У яго было выдатнае пачуццё гумару. Мог таксама ў любы час сутак патэлефанаваць маці і сказаць, напрыклад: «Маруся (бацька чамусьці любіў звяртацца да яе менавіта так), мы зараз едзем да нас дахаты пасля здымкаў, нас пяцёра». І мама ўсіх гасцінна сустракала, карміла, укладвала спаць. Часта гэта былі вядомыя кінематаграфісты, знакамітыя акцёры, сцэнарысты, мастакі.

Тата ўмеў шчыра радавацца поспехам калег, іх перамогам. Быў шчаслівы, калі бачыў чыюсьці таленавітую працу, ніколі не зайздросціў.

— Ваш бацька часта знаходзіўся ў раз’ездах. Напэўна, вам з мамай яго не хапала?

— Мае бацькі — гэта быў прыклад шчырых і жывых адносін. Мамы (Ліліі Міхайлаўны. — Аўт.) не стала пазалетась.

Жыццё нашай сям’і было яркім, цікавым. І вельмі шчаслівым. Таму, што ў ім было шмат любові. Кахання адно да аднаго, і любові да справы — беларускага кіно, якому бацькі аддана служылі. Мама была найлепшым сябрам таты, першым слухачом і рэдактарам сцэнарыяў яго фільмаў, дарадчыцай. З хваляваннем іншы раз перачытваю пяшчотныя лісты бацькі з камандзіровак, што ён нам дасылаў. У кожным ён ласкава называе маці «мая Маруся»…

— Як Міхаіл Мікалаевіч вас выхоўваў?

— Дзякую лёсу за тое, што мне давялося нарадзіцца ў такой выдатнай сям’і. Тата быў «генералісімусам» — ён жа зняў гэтулькі фільмаў пра вайну! Яго слова было вырашальным, самым аўтарытэтным, бо акрамя велізарнага таленту і жыццёвага досведу, тата меў незвычайную інтуіцыю. Ён прадбачыў падзеі, прадказваў паводзіны людзей і не памыляўся.

Адзін з самых яркіх дзіцячых успамінаў — хатні тэатр, што бацька прыдумаў для мяне пяцігадовай. Гэта як незвычайны цуд, як найлепшы ў свеце тэатр, які толькі магла пабачыць! Мае лялькі ператвараліся ў іншапланецянак, настольная лямпа — у планету, кухонная талерка — у лятаючую, а чырвоная шаўковая маміна хустачка, прыбітая да рэечкі (ух і атрымалі мы потым за яе з татам!), — у заслону, якая адкрывалася дзіўным чынам. На прайгравальнік ставілася пласцінка, сюжэт і дыялогі прыдумляліся імгненна. З таго часу я назаўжды ўлюбілася ў тэатр.

Памятаю, для таты паняцце яго Радзімы — Беларусі — было вельмі сакральным, глыбока кранальным. Ён з хваляваннем сачыў за маім веданнем беларускай мовы: тэлефанаваў маёй школьнай настаўніцы, цікавіўся поспехамі дачкі. Дома часта размаўляў па-беларуску, са здымкаў дасылаў мне на мове лісты. Пэўна, дзякуючы тату, нават пражыўшы 10 год у Маскве, я не забыла беларускую мову. Зараз працую на радыё, размаўляючы на ёй.

Тата быў вельмі музыкальным чалавекам. Дома ў нас заўсёды гучала музыка з пласцінак… На ноч бацька распавядаў мне казкі. Яны нагадвалі серыялы і заўсёды былі пра прыгоды Ашыма і Яліл (у рускім варыянце — Ашим і Ялил. — Аўт.) Так гучаць імёны маіх бацькоў наадварот. Гэта была хвалюючая гісторыя. І кожны дзень я з нецярплівасцю чакала працягу «серыяла». А тата, нягле­дзячы на стомленасць пасля працы, знаходзіў сілы, каб прыдумваць для мяне чарговую серыю «калыханкі».

У нашай сям’і панавала досыць вольная і жывая атмасфера. Бацька ўмеў з жыцця зрабіць шоу, свята. Успамінаю тату як выдатнага акцёра — заўсёды вельмі смешна расказваў цікавыя эпізоды са здымкаў і кінафэстаў.

Запомнілася, як ён старанна аглядаў мой дзіцячы абутак — ці не знасілася падэшва, каб своечасова купіць новую пару. Ён быў вельмі клапатлівым бацькам, любячым мужам, сынам, дзедам…

З унукам Мішам на здымачнай пляцоўцы «У жніўні 44-га»

— Бацька далучыў да мастацтва і вас…

— Мы з татам былі сябрамі. Нягледзячы на занятасць у кіно, ён паспяваў удзяляць мне час. З самага дзяцінства бывала на здымачных пляцоўках усіх яго карцін. Адыгрывала ролі ў некаторых яго фільмах. Мы шмат разважалі з ім на тэмы кіно, творчасці, мастацтва. Бацька — мой галоўны настаўнік у прафесіі, нягледзячы на маю маскоўскую тэатральную адукацыю. Ён быў апантаны прафесіяй рэжысёра, апантаны творчасцю, кіно. Любіў паўтараць: толькі апантаны чалавек можа займацца мастацтвам!

У таты на працягу ўсяго жыцця захавалася звычка весці дзённік. У храналагічнай паслядоўнасці ён старанна фіксаваў усе важныя падзеі, сустрэчы, дзяліўся ўражаннямі. Запісваў ідэі, што ўзнікалі, філасофскія думкі пра творчасць, пра кіно. Для мяне гэтыя запісы вельмі каштоўныя.

Разбіраючы сямейныя архівы, знайшла адзін з самых першых яго асабістых дзённікаў, калі бацька пасля заканчэння школы ў 17 год паехаў з вёскі Федзюкі ў Калінінград паступаць у культасветвучылішча. Дзённік пачынаецца словамі: «Мне 17 год! Я зрабіў вельмі мала! Я абяцаю, што стану рэжысёрам кіно і буду вучыцца ва УДІКу (ВГИКе)!» Мне здаецца, што ён нават дома не развітваўся з прафесіяй, многае рэжысіраваў у нашым з мамай жыцці, дапамагаў сваякам, сябрам, калегам і нават малазнаёмым людзям.

— Вы адзначылі, што Міхаіл Мікалаевіч меў незвычайную інтуіцыю, нават мог прадбачыць падзеі. Вядома, што аднойчы ў сваім сне ён убачыў Брэжнева, які з трыбуны кінуў яму два мяшкі пшаніцы. А на наступны дзень ваш тата даведаўся з газет, што атрымаў прэмію Ленінскага камсамола за «Час выбраў нас»… Ваш бацька звяртаў увагу на прыкметы ці знакі? Якое месца ў яго жыцці займала рэлігія?

— Тата быў веруючым чалавекам. Праваслаўным. У іх вясковай хаце ў Федзюках захоўвалася шмат абразоў. У дзяцінстве хадзіў разам з маці ў храм на службы. Потым, калі быў заняты рэжысёрскай работай, не меў магчымасці часта бываць у царкве. Аднак падчас здымачнага працэсу яго заўсёды суправаджаў абраз Збавіцеля. Хрысціянскія святы былі важнымі падзеямі ў яго жыцці. Памятаю, як яшчэ ў савецкія часы мы святкавалі дома Вялікдзень. Бацька тэлефанаваў родным і знаёмым, гучна і радасна абвяшчаючы: «Хрыстос Уваскрос!» Любіў сам фарбаваць велікодныя яйкі, якія затым па традыцыі мы правяралі на трываласць: усёй сям’ёй за святочным сталом гулялі ў біткі…

Незадоўга да сваёй трагічнай гібелі ў сакавіку 2002 года тата з дабрачыннай паездкай у складзе рускіх і сербскіх кінематаграфістаў і дзеячаў культуры, святароў наведаў ваенную Сербію, Косава. Безумоўна, яны рызыкавалі жыццём. Даводзілася ездзіць пад аховай на бронетранспарцёрах, начаваць у праваслаўных манастырах, маліцца ў паўразбураных храмах. Творчыя сустрэчы і паказы фільмаў праслаўленых сербскіх і рускіх кінематаграфістаў, у ліку якіх былі карціны бацькі «Кааператыў «Палітбюро» і «У жніўні 44-га…», адбываліся пад гул самалётаў НАТА. Паездка гэтая праходзіла ў рамках праекта, задуманага як працяг кінафэсту «Залаты Віцязь» у Сербіі. І нішто не магло спыніць жадання ўдзельнікаў праекта падтрымаць дух сербскага народа, дух праваслаўя сярод гэтай страшнай вайны. Вярнуўшыся з Сербіі, тата адразу ж паехаў працаваць у Галівуд.

— З Лос-Анджэлеса на прысуджэнне «Нікі» Міхаіл Мікалаевіч вярнуўся шчаслівы і натхнёны. І, здаецца, нішто не прадказвала бяды…

— Прыляцеўшы ў Беларусь, бацька патэлефанаваў мне раніцай. У трубцы гучаў бадзёры, радасны голас: «Доча, я прыехаў на адзін дзень, заўтра ад’язджаю ў Маскву, адтуль лячу ў Мексіку на фестываль, а потым — зноў у Амерыку: там мне прапануюць новы праект, а таксама выкладчыцкую дзейнасць у кінаакадэміі, так што доўга не ўбачымся, тэрмінова прыязджайце!»

У кватэры бацькоў мы разам з маім маленькім тады сынам Мішкам адразу ж патанулі ў абдымках бацькі. Тата, літаральна захлынаючыся ад шчасця, паведаміў: «Я знайшоў у Галівудзе гук, які шукаў усё жыццё і не мог знайсці нідзе! Я знайшоў гук смерці!» Гэты асаблівы гук ён пачуў яшчэ ў дзяцінстве: «плач» самотнай птушкі, якая кружылася над разбураным гняздом, калі ля іх хаты ў Федзюках ссеклі сад. Журботны гук назаўжды застаўся ў памяці бацькі і асацыіраваўся са знакам смерці. Ён доўга і беспаспяхова шукаў яго на айчыннай кінастудыі. І нарэшце знайшоў за акіянам… Тата эмацыянальна распавядаў пра сваё жыццё і працу ў Галівудзе, пра планы, пра творчую мару зняць беларускі «тытанік» — фільм пра Чарнобыль… Мы сядзелі за накрытым сталом усёй сям’ёй, але не ведалі, што гэта наша з ім апошняя сустрэча…

Дадаткова

Міхаіл Пташук экранізаваў класічныя творы беларускай літаратуры: «Знак бяды» Васіля Быкава, «Чорны замак Альшанскі» Уладзіміра Караткевіча, «Вазьму твой боль» Івана Шамякіна.

28 студзеня знакамітаму кінарэжысёру Міхаілу Пташуку споўнілася б семдзесят пяць. Аднак 28-га — дата недакладная. Рэжысёр нарадзіўся 30 студзеня. Яго маці памылілася, запаўняючы дакументы.

Міхаіл яшчэ не нарадзіўся, а яго бабуля бачыла дзіўны сон: быццам у сям’і Пташукоў з’явіўся залаты хлопчык, узабраўся на неба і абышоў яго ўсё…

Так яно і адбылося на самай справе. Рыжавалосы, рослы, рашучы Міхаіл Пташук з глухой палескай вёскі Федзюкі стаў вядомым рэжысёрам, здабыўшы не толькі ўсесаюзную, але і міжнародную славу. Таленавітага творцу нават запросяць працаваць у Галівуд.

…З Амерыкі ён вернецца ў Маскву на ўручэнне кінапрэміі «Ніка»: карціна рэжысёра «У жніўні 44-га…» прэтэндавала на ўзнагароду адразу ў 6 намінацыях. Аднак на ўрачыстую цырымонію Пташук не трапіць. Яго жыццё ў 59 год трагічна абарве аўтааварыя.

Алена ПАШКЕВІЧ

 

5 2

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте