Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
У рэйд з Асводам: на лёд выходзіць можна, але небяспека засталася

Хаця забарона выхаду на лёд на Міншчыне ўжо адменена, усё ж і ў маразы ён можа таіць небяспеку. Таму старшыня Чэрвеньскай раённай арганізацыі Рэспубліканскага дзяржаўнага грамадскага аб’яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на вадзе» Васіль Ладуцька выпраўляецца ў рэйды – калі адзін, а калі з супрацоўнікамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.

Адным з самых блізкіх да Чэрвеня вадаёмаў, аблюбаваных аматарамі падлёднай рыбалкі, з’яўляецца Натальеўскае возера. Туды разам з Васілём Ладуцькам выправіўся ў рэйд карэспандэнт МЛЫН.BY.

Дзень выдаўся вельмі прыгожы: марозны і сонечны. Зрэшты, без спецыяльнай экіпіроўкі пры такім холадзе доўга на лёдзе не вытрываеш. А паколькі сёння будзень, дык шмат рыбакоў не назіраецца: па аднаму – каля супрацьлеглых берагоў і два – амаль пасярэдзіне.

Па шчырасці, нягледзячы на запэўніванні майго спадарожніка, што лёд сёння надзейны, з вялікай асцярогай прыкідваю на вока адлегласць, якую трэба пераадолець.

Суцяшае толькі адно: як што – ёсць каму выцягнуць за каўнер! А фотаапарат адкінуць убок я, спадзяюся, паспею.

Дзе жартамі, а дзе сур’ёзна, але найперш мы вырашаем праверыць таўшчыню лёду хаця б на вока. Падыходзім да палонкі, якую высякалі перад Вадохрышчам.

Яна абкладзена лёдам, які даставалі з вады. На выгляд яго таўшчыня – больш за 10 сантыметраў! А на лёд дазваляецца выходзіць ужо пры сямі. Нармалёва! Тым больш, што ў гэтую ноч, кажуць, на тэрмометрах у Чэрвені было ажно мінус 17! А значыць, лёд яшчэ патаўсцеў.

Пра папулярнасць гэтага месца ў аматараў зімовай рыбалкі красамоўна сведчаць шматлікія лункі, якія то там, то сям раскіданы па ўсёй паверхні Натальеўскага возера.

Многія з іх ужо таксама  трывала зацягнуты лёдам. І ўсё ж старанна іх абыходжу: беражонага Бог беражэ!

Ды яшчэ стараюся ісці ўслед за Васілём Ладуцькам, які ўпэўнена накіроўваецца да бліжэйшага рыбака. Знаёмімся.

Аляксандр Герасімовіч працуе пазменна, таму на возеры ў дзень будзённы. Кажа, што ўзімку ловіць рыбу ўжо гады два. І не тое каб апантаны аматар падлёднай лоўлі. Проста вольны час так бяжыць хутчэй. Трапляюцца яму у асноўным маленькія акунькі – на радасць дваравым катам. Аднойчы вылавіў каля паўсотні рыбак!

На пытанне, ці ведае ён, што рабіць у выпадку надзвычайнай сітуацыі, Аляксандр адказвае сцвярджальна. І зазначае, што на тонкі лёд не выходзіць, толькі на трывалы. Да таго ж непадалёк ад берага.

І літаральна ў гэты ж момант ён выцягвае з лункі лёску з рыбкай! Ёсць здабыча!

Прачытаўшы рыбаку кароткую лекцыю (ведаў многа не бывае!), Васіль Ладуцька ўпэўнена крочыць на сярэдзіну возера. Я, усё гэтак жа баючыся, прастую за ім.

Паблізу адзін ад аднаго размясціліся два сябры – два Анатолі. Як высвятляецца з размовы, абодва – ураджэнцы Расіі, якія даўно пераехалі на Чэрвеньшчыну. Абодва здаўна захапляюцца як летняй, так і зімовай рыбалкай. Апошняя – проста са спартыўнага інтарэсу, бо вялікай здабычы тут не трапляецца.

Анатоль Піменаў распавядае, што дагэтуль ніякіх надзвычайных сітуацый з імі не здаралася, не даводзілася і аказваць камусьці дапамогу.

І нават на падстрахоўку рыбак нічога са спецыяльных прылад з сабою не бярэ. Як і яго цёзка – Анатоль Кацінёў.

– А чаму так? – пытаюся.

– Як пойдзеш на дно, дык і пойдзеш, – махае рукою другі Анатоль. – З такой вагою, як у мяне… Проста на тонкі лёд не выходжу. І адзін не езджу, толькі з сябрам – так надзейней. А як што, дык вось хаця б бур ёсць пад рукою, можна падаць. Але ведаю, што пажадана мець з сабою вяроўку, лесвіцу нават, штосьці накшталт заточкі, каб у лёд уваткнуць…

Такія яны, аматары зімовай рыбалкі! Усё ведаюць, усё разумеюць, але не падстрахоўваюцца. Васіль Ладуцька і тут нагадвае пра элементарныя правілы паводзінаў на лёдзе.

Са спартыўнага інтарэсу прыязджае ўзімку не толькі на Натальеўскае возера, але і на іншыя вадаёмы мужчына, які назваўся Валерыем Саковічам.

Як аказалася, Валерый на тонкі лёд не выходзіць не таму, што так прынята, а таму, што ўжо правальваўся. І нават тут, на Натальеўскім возеры. Праўда, добра, што непадалёк ад берага. Пакуль іншыя рыбакі накіраваліся на дапамогу, сам ужо вылез, выпаўз на трывалае покрыва.

– І пасля гэтага ўсё роўна ловіце? – дзіўлюся.

– Лаўлю, – усміхаецца аматар зімовай рыбалкі, – толькі гляджу на таўшчыню лёду. І асцярожнічаю. Так ужо смела, як раней, не хаджу.

– А ведаеце, што чалавек у ледзяной вадзе можа праз 5–10 хвілін проста памерці ад пераахаладжэння? – пытаецца Васіль Ладуцька.

– Дык цяпер усяму навучаны, – адказвае Валерый Саковіч. – Лёд не нагамі правяраю, а бурам ці пешняй.

Без прыгод дабраўшыся да берага, прашу Васіля Ладуцьку распавесці пра сённяшнюю сітуацыю на «лядовай тэрыторыі» раёна ўвогуле.

– Самая небяспечная абстаноўка была ў нас у снежні і на пачатку студзеня, – тлумачыць ён. – Лядовае покрыва слабае, але аматары рыбнай лоўлі выходзілі на яго. Таму і неабходна праводзіць з імі прафілактычную работу. Адпаведныя матэрыялы размяшчаем таксама ў газетах і на сайтах. Пераважная большасць ведае і разумее, што на тонкі лёд выходзіць нельга. Але спартыўны азарт пераважае. Да таго ж не ўсе рыбакі ведаюць правілы паводзінаў, не бяруць з сабой выратавальныя сродкі. Трэба ўлічваць, што надвор’е ў нас цяпер хутка змяняецца. Раніцай можа быць мінус 15, днём – 0. А калі яшчэ і сонца, праз пэўны час лёд стане больш тонкім. Асабліва ненадзейнае лядовае покрыва там, дзе імклівая плынь. Возьмем нашу раку Волму. Яна амаль стала, але пад уздзеяннем сонечных промняў на лёдзе атрымліваюцца праталіны, і выходзіць на яго дужа небяспечна. Таму там, дзе плынь, водарасці, падводныя крыніцы, дзе зліваецца больш цёплая вада з прадпрыемстваў, там заўсёды лёд будзе больш тонкім, чым звычайна.

– А якое становішча на Натальеўскім возеры, дзе мы з вамі знаходзімся?

– На Чэрвеньшчыне было ўжо мінус 15. Таўшчыня лёду складае ад 10 да 15 сантыметраў. Тут ён бяспечны, па ім можна хадзіць. Таму рыбакі адчуваюць сябе ўпэўнена. Натальеўскае возера ў нас пад асаблівым кантролем.

Усім аматарам падлёднай рыбалкі хочацца пажадаць прыемнага адпачынку. А каб нічым яго не азмрочыць, трэба захоўваць элементарныя правілы бяспекі. Мець выратавальную камізэльку, штосьці па тыпу заточкі пад рукой, каб можна было ўваткнуць яе ў лёд і гэтак выбрацца, вяроўку. І проста быць вельмі ўважлівымі і пільнымі, не выходзіць на ненадзейнае ледзяное покрыва.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

7 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте