Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Вандруем экалагічнымі сцежкамі. Ад панскага маёнтка да «Сямі крыніц»

Чэрвеньскі лясгас пры дапамозе Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі распрацаваў тры маршруты па экалагічных сцежках свайго раёна. Пераважна яны разлічаны на больш цёплую пару года. Але і ўзімку можна праехацца па некаторых аб’ектах.

Гэта і зрабiла карэспандэнт МЛЫН.BY разам з намеснікам дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце Жаннай Чарнавец, вадзіцелем Аляксандрам Русецкім і метадыстам па ахове гісторыка-культурных каштоўнасцей Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Станіславай Баркоўскай.

Касцёл-прывід і пахаванні пад нагамі

Найцікавейшыя аб’екты размешчаны ў вёсцы Раванічы Чэрвеньскага раёна. Гэта пабудаваны ў 1799 годзе касцёл святога Антонія і палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх – былая сядзіба другой паловы XIX стагоддзя. Дакладней, вандроўнікі знаёмяцца з тым, што засталося ад гэтых калісьці велічных будынкаў, узведзеных у звычайнай вёсцы – даволі глухой на той час мясцовасці, з густымі лясамі і процьмай драпежных жывёл. З аднаго боку – цікава, з другога – сумна…

Дэталёвае іх апісанне можна знайсці ў многіх крыніцах. Так, кніга «Памяць. Чэрвеньскі раён» падае наступныя звесткі: «У канцы XVIII стагоддзя каралеўскі маёнтак Раванічы стаў уласнасцю Сяхней-Слатвінскіх. Будаўніцтва сядзібы пачалося Антоніем Слатвінскім. У 1799 годзе быў пабудаваны касцёл Антонія як фамільная ўсыпальніца. Ён уяўляў сабой невялікі прамавугольны ў плане будынак з прамавугольнай апсідай, да якой прымыкаюць з двух бакоў сакрысціі. Галоўны фасад – чатырохкалонны порцік з трохвугольным франтонам і спрошчанымі іанічнымі капітэлямі з разеткамі ў выглядзе кветак. Аконныя праёмы прамавугольныя, інтэр’ер зальны. Падшыўная столь у выглядзе корабавага скляпення, на ёй захавалася паліхромная размалёўка на біблейскія тэмы. На сцяне – ілюзорная выява алтара. Над уваходам зроблены хоры з парапетам у выглядзе антаблемента. Касцёл – помнік архітэктуры класіцызму».

На жаль, не разгледзець ужо размалёўкі на біблейскія тэмы на столі – даху няма… Як няма тых жа хораў, засталіся толькі прыступкі, якія вялі туды. Руіны, руіны, руіны…

Кажуць, колькі гадоў таму ў пустым напаўразбураным будынку касцёла здарыўся пажар і сітуацыя з захаваннем рэшткаў яшчэ пагоршылася…

З адваротнага боку будынка знаходзіцца надмагілле з надпісам па-польску.

Настаўнікі мясцовай раваніцкай школы прыгадвалі, што па вёсцы доўга хадзілі легенды, быццам тут пахавана каханка некага са Слатвінскіх. Але потым сышліся на версіі, што гэта іх сваячка, якой было 18 год. Зрэшты, на помніку выразна пазначана, што дзяўчыне на момант зыходу з зямнога жыцця было 20.

На тэрыторыі касцёла можна згледзець і іншыя надмагільныя камяні. І трэба ўважліва глядзець пад ногі, каб не наступіць на месца апошняга людскога супакаення…

Так і хочацца штосьці зрабіць для ўшанавання іх памяці… Расчытаць надпісы, рэстаўраваць надмагіллі, хаця б прыбраць і абгарадзіць тое месца. Магчыма, зможа гэта зрабіць які моладзевы валанцёрскі лагер? І я б таксама паўдзельнічала…

Разбураны палац і рэшткі былой велічы

Далей едзем да палацава-паркавага комплексу, які знаходзіцца за некалькі сотняў метраў ад касцёла, за прыгожым штучным возерам.

Яго парадны выгляд захаваў у сваім малюнку Напалеон Орда. Менавіта дзякуючы яму мы ведаем, як выглядала мясцовасць у тыя часы.

Старажылы сцвярджалі, што ў часы панавання Слатвінскіх меўся падземны ход, які злучаў палац з касцёлам. І быццам бы на пачатку 70-х гадоў XX стагоддзя, калі ў будынку размяшчалася бальніца (з 1971-га па 1973-і, а да гэтага з 1952-га па 1971-ы – Раваніцкая школа), хтосьці з падлеткаў знайшоў яго пачатак і нават прайшоў трохі. Але потым забаяўся. Ход практычна адразу ж заклалі. Словам, і афіцыйным даследчыкам даўніны тут ёсць дзе разгарнуцца.

Што ж вядома з афіцыйных крыніц пра палацава-паркавы комплекс Слатвінскіх? Будаўніцтва сядзібы працягнуў сын Антонія Слатвінскага Людвіг, на той час маршалак дваранства Мінскай губерні.

І зноў разгортваем кнігу «Памяць. Чэрвеньскі раён»: «Паводле інвентару 1804 года, сядзіба ўключала сядзібны дом, сад, сажалкі, сем агародаў, гадавальнік, аранжарэю, лядоўню. Меўся вялікі гаспадарчы двор: пякарня, сыраварня, малачарня, бровар, кузня, лазня, гумно, стайня».

Дарэчы, супрацоўнікі Чэрвеньскага лясгаса сцвярджаюць, што частка гэтай вытворчасці была размешчана на тэрыторыі сучаснага Дома паляўнічага, дзе захаваўся стары падмурак, які таксама зацiкавiць аматараў даўніны.

Зараз рэшткі палаца абгароджаны драўляным плотам, месцамі паламаным. На фасадзе змешчана ахоўная дошка.

Больш зручна падысці да былой сядзібы з боку возера, куды ад палаца вяла раней лесвіца.

Яе акаляюць рэшткі дэкаратыўных слупкоў.

Знешне палац па-ранейшаму глядзіцца велічна. Толькі калі не зазіраць унутр, куды праваліўся дах.

Парк у сезон прыбіраюць мясцовыя валанцёры. З даўнiх часоў тут захавалiся дрэвы-экзоты: тсуга канадская, клён блакітны, аксаміт амурскі ды іншыя. І нават быццам бы адзіныя ў краіне экземпляры дуба белага і клёна ілжэплатанавага. Так што ў час зеляніны ў парку ёсць чым палюбавацца.

Чаму лістоўніца іголачкі скідае?

Калі скарочаны маршрут пралягае па «Магілёўцы», для вандроўнікаў робяць прыпынак ля насаджэнняў лістоўніцы.

Праўда, узімку голыя дрэвы нічога сабой не ўяўляюць. Затое можна пачуць цікавую легенду ад Станіславы Баркоўскай.

І якраз пра зімовы перыяд!

«Вы ведаеце, чаму лістоўніца на зіму скідвае свае іголкі? – таямнічым голасам пачынае Станіслава Чаславаўна. – Кажуць, было так. Раслі побач кедр і лістоўніца. Апошняя ўвесь час выхвалялася: «Я такая стромкая, у мяне такія зялёныя іголачкі, мною ўсе любуюцца, я такая красуня!». А кедр толькі ціхенька дзівіўся і маўчаў.

Аднойчы да іх выйшлі галодныя медзведзяняты. Вельмі яны есці хацелі. Кедр зжаліўся і скінуў ім свае арэшкі. Яны падсілкаваліся імі і пайшлі задаволеныя. А лістоўніцы так стала сорамна, што яна скінула ўсе свае іголачкі…»

На другі бок ад лістоўніц знаходзіцца месца адпачынку, абсталяванае Чэрвеньскім лясгасам. Тут можна падсілкавацца са сваіх запасаў і перадыхнуць.

Непадалёк даўней знаходзілася сядзіба Іванаўскага лясніцтва. Яе перанеслі ў іншы населены пункт, а тут засталіся расці яблыні…

Крыніца ў чаканні добраўпарадкавання

Праязджаем крыху далей і зварочваем направа – у вёску Карпілаўка. Праязджаем яе да канца, спыняемся перад заездам на тэрыторыю садаводчага таварыства, абмінаем яго па сцежцы справа – і бачым такі малюнак.

Аказваецца, бруіцца тут крынічка. Завозілі ваду з яе на праверку ў Мінск і высветлілі, што яна сапраўды чысцюткая. Адсюль і бяруць яе вяскоўцы і дачнікі для сваіх патрэб.

Праўда, калі Чэрвеньскі лясгас уключыць у экалагічны маршрут гэтае месца, трэба будзе яго адмыслова добраўпарадкаваць. Бо і падыход нязручны, і сам знешні выгляд ёмістасцяў асаблівага даверу не дае.

Вады мы там так і не пакаштавалі. Па яе, святую і лекавую, накіроўваемся ў адмысловую мясцовасць – да вёскі Крупа Бярэзінскага ўжо раёна. Хаця, кажуць у Чэрвеньскім лясгасе, даўней гэтая тэрыторыя належала Чэрвеньшчыне.

Ехаць ад «Магілёўкі» даволі доўга, таму па дарозе наш экскурсавод Станіслава Баркоўская распавядае шмат цікавага. У тым ліку і чарговую легенду пра тое, чаму менавiта так выглядае сапраўдная вясковая хата.

Маўляў, калі пабудаваў чалавек з жонкай сабе першую хату, усё пасля зямлянкі-пячоры было добра, апрача аднаго: цёмна. Узяліся яны былі насіць святло – рэшатам ды мехам, але толькі змарыліся. Тым часам завітаў да іх падарожны. Папрасілі яны ў яго парады. Той паабяцаў дапамагчы, але пры ўмове, што яны ніколі не кінуць сваіх бацькоў, калі тыя састарэюць. І ў адказ на абяцанне параіў прасекчы дзверы і вокны.

Узрадаваліся муж і жонка, а тады спахапіліся, што не спыталі, а колькі вокнаў трэба. Вырашылі напачатку зрабіць адно ў кароткай сцяне – для Сонца. Пасвятлела, але не нашмат. Тады побач зрабілі другое – для Месяца. Той жа вынік. У доўгай сцяне вырашылі зрабіць акенца для бацькоў. Пасля другое – для сябе. Затым трэцяе – для дзяцей.

Вось так, па легендзе, і набыла свой выгляд першая «правільная» хата. І мы шмат такіх пабачылі, праязджаючы праз розныя вёскі.

Святое месца і прыродны цуд

Для вандроўнікаў мясцовасць пад назвай «Сем крыніц» адкрываецца здалёк. Праз драўляны масток, праўда, не пераедзеш: шмат цяжкай тэхнікі сабралася на другім баку. Ад рабочых даведваемся, што тут мяркуюць зладзіць новы мост, а пакуль робяць аб’езд.

На ўваходзе – памятка наведвальнікам аб правілах паводзінаў.

– Гэта святое месца, – дадае Станіслава Баркоўская. – Таму і паводзіны павінны быць адпаведныя. Трэба зараней настройваць нашых вандроўнікаў на гэта. Кожны прыходзіць сюды са сваёй бядой, думкамі, надзеяй, хоча сам-насам пабыць з прыродай. Хтосьці змочвае вочы гаючай вадой, хтосьці п’е яе з кубка, іншыя акунаюцца ў купелі. Размовы тут лішнія. Здаецца, сама прырода прымушае сцішыцца, супыніцца, задумацца…

А месца сапраўды ўражвае. Справа ад сцежкі знаходзіцца драўляны крыж.

Тут растуць туі з Чэрвеньскага лясгаса. Памятных камянёў – два. І на іх можна прачытаць усю карысную інфармацыю.

Злева размешчана капліца з купеллю ў сярэдзіне.

А само наваколле захоплівае нават узімку!

Сем крыніц (магічная нават лічба!) збіраюцца ў адзін ручай.

Тут таксама нагадваецца пра правілы паводзін. Пазначана, хто апякуецца над гэтым святым месцам.

Папіўшы з кубка, канстатую: якая мяккая вада!!! Ні ў якое параўнанне не ідзе з нашай чэрвеньскай водаправоднай! Цікаўным можна даведацца з абвесткі, што ёсць і чаго няма ў гэтай вадзе.

Людзі пад’язджаюць сюды на легкавіках, набіраюць вады многа – у бутэлькі, каністры, бочкі ды вёдры.

Для ўсіх вернікаў наведванне «Сямі крыніц» – своеасаблівая паломніцкая вандроўка. А для няверуючых – сустрэча з прыродай, з цудам, з чысцінёй.

… І гэта толькі маленькая частка з запланаваных аб’ектаў. З нецярплівасцю чакаю пачатку веласіпеднага сезону, калі можна будзе запісацца ў Чэрвеньскім лясгасе на адну з экалагічных вандровак. І пабачыць апрача згаданага бабровую плаціну, панскі шлях, валун з магічнымі ўласцівасцямі, плюсавыя дрэвы сасны звычайнай, курганныя могільнікі ды іншае.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

15 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте