Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Выпрабаванне духу і цела. Сям’я Дзьячэнкаў з Чэрвеньскага раёна прайшла загартоўку ледзяной вадой

Яны зноўку збіраюцца акунуцца ў асвячоную ваду — ужо трэці раз за 10 год сямейнага жыцця. Жыхары вёскі Любішына Чэрвеньскага раёна Аляксандр і Ірына Дзьячэнкі, клапатлівыя бацькі чацвярых дзяцей, ідуць па жыцці з верай у Бога і ўпэўнены, што Ён ім спрыяе.

… Распытваю ў Аляксандра, як, калі і чаму яны з жонкай упершыню вырашылі акунуцца. Дзе гэта было? Што адчулі?

— У 2015-м я вучыўся ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь і працаваў у эксперыментальнай базе “Натальеўск”, — прыгадвае мой суразмоўца. — Займаліся мы ў другую змену, заканчвалі позна. А яшчэ ж трэба было вярнуцца дадому, на Чэрвеньшчыну. 19 студзеня я прыехаў з сесіі. І тут Ірына кажа: “А давай з’ездзім акунёмся. Вадохрышча ж…”. Мы сабраліся і паехалі ўдваіх на Ведрыцкае вадасховішча. Прыехалі туды ўжо а дзясятай вечара. У лёдзе была высечана палонка, туды спушчана лесвіца… Мы з Ірынай акунуліся па тры разы, выйшлі, выцерліся, апрануліся і паехалі дахаты.

— І якія ўражанні?

— Ой, словамі не перадаць! Было страшна: зіма, мароз, холад. І як гэта — у ледзяную ваду з галавой?! Але ўсё атрымалася… Пасля было прыемнае цяпло і адчуванне нейкай дзівоснай лёгкасці. І на наступны год на Вадохрышча мы накіраваліся на “сем крыніц” у Бярэзінскі раён.З намі яшчэ паехалі мая старэйшая сястра і Ірыніна цётка. Там была такая чарга, шмат хто  хацеў акунуцца ў купелі, якая знаходзіцца ў капліцы. Мы прастаялі дзве гадзіны, дужа замерзлі. Таму вельмі цяжка было акунацца. Але, нягледзячы ні на што, гэта цудоўна.

— Аляксандр, што значыць для вас з Ірынай акунанне на Вадохрышча? Вера ў Бога, даніна модзе, загартоўка ці што іншае?

 — Гэта вера ў Бога. Мы сапраўды адчуваем ачышчэнне — ад негатыўных думак, грахоў, усяго нядобрага… Адчуваем, што дакранаемся да нечага таемнага. І гэта дае нам сілы. Мы самі хрышчоныя, усе нашы дзеці хрышчоныя. Мы з Ірынай вянчаліся на другі дзень пасля вяселля ў нашай чэрвеньскай царкве. Мы сапраўды жывём з Богам у сэрцы, і Ён нам дапамагае.

— Мо збіраецеся прыахвоціць дзяцей да акунання на Вадохрышча?

Дзеці ўсё ж самі павінны захацець. Наша старэйшая дачка Карына ўжо сямікласніца. Яна заўсёды з намі. І на начным велікодным набажэнстве летась была. Таму калі папросіцца — вядома, возьмем з сабою. Гэта толькі сам чалавек павінен для сябе вырашаць: трэба яму такое выпрабаванне духу і цела ці не… А калі трэба — дык чаму, навошта.

— Дзе звычайна набіраеце на Вадохрышча асвячоную ваду?

— Калі акуналіся ў купелі на “сямі крыніцах” Бярэзінскага раёна, з крыніц і набіралі. А так — у нашай чэрвеньскай Свята-Мікалаеўскай царкве. Памятаю з дзяцінства, як мама давала мне той вады і казала: “Сынок, тры глыточкі”. Гэтак і мы… Калі дзіця захварэе, даём тры глыточкі папіць. Калі ручка ці ножка забаліць — змочваем. Ёсць у вады гэтай сіла. Мы верым.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота з сямейнага альбома Дзьячэнкаў

 

28 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте