Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Регион, Эксклюзив
Этнакультуролаг Іван КРУК: «Мы ступілі на шлях новага стылю адносін»

Свет імкліва мяняецца, разам з ім і чалавек мусіць прыстасоўвацца да новых рэалій. Як не згубіць на гэтым шляху тое найлепшае, што дазваляе нам беларусамі звацца? Сваімі думкамі на гэтую тэму з МЛЫН.BY падзяліўся вядомы этнакультуролаг Іван КРУК.

Як мы гублялі карані

Маё пакаленне ў канцы 60-х — пачатку 70-х з’язджала з вёскі, але мы закранулі асновы традыцыйнай  культуры, бо былі ў значнай ступені  сфарміраваныя асобы. Мая бабуля-знахарка лячыла людзей і добра ведала ўсе мясцовыя абрады, аднак тады шмат што святкаваць забаранялася. Наша хата стаяла з краю, я добра памятаю, як я чакаў, калі наш дзядзька Косцік вернецца з Мінска з Усяночнай і прывязе нам свянцонае яйка і соль. Затым уся вёска збіралася на скрыжаванні, дзе цэлы дзень дарослыя і дзеці качалі яечкі, гулялі ў біткі. На другі дзень Вялікадня хадзілі “старцы”. Свята было такое, што, як сказала адна жанчына, “уся вёска бялела” (усе былі ў святочным адзенні). Мы зачапілі гэты пласт культуры. Потым  раз’ехаліся па гарадах, паступілі ў ВНУ, атрымалі адукацыю. Жылі ў інтэрнатах. І здавалася б, яны павінны былі хоць у нейкай ступені кампенсаваць тое, чым адрознівалася вёска: праца талакой, гуртавыя застольныя спевы… Гэта ментальная адметнасць толькі аднойчы выразна праявілася ў Мінску: у Малінаўцы пабудавалі два дамы для чарнобыльскіх перасяленцаў, людзі прыехалі і два гады вечарамі спявалі, седзячы на лавачках каля пад’ездаў. Але гэты выплеск эмоцый вельмі хутка скончыўся. Людзі замкнуліся і спявалі толькі ў сваіх пакойчыках. А тое, што тычыцца нашага ўжыўлення ў прастору гарадской культуры, было даволі складаным. Мы, выхаваныя на эстэтыцы народнага танца, не маглі без спецыяльнай падрыхтоўкі зразумець пластыку балета. Якраз к гэтаму часу перастала існаваць пасляваенная традыцыя — танцы пад акампанемент ваенных аркестраў у  гарадскіх парках. Шлях ужыўлення ў новае культурнае асяроддзе быў не проста складаным, а ў некаторых выпадках драматычным. Калі ў вёсцы чалавек заняты цяжкай фізічнай працай “ад зары да зары”, дык у горадзе другая палова дня аказалася вольнай. Вось гэтыя два аспекты — культурны шок і шмат вольнага часу — сталі падставай таго, што людзі пачалі празмерна цікавіцца чаркай. У нейкай ступені ўратавала  ідэя Хрушчова: кожны павінен мець свой уласны прытулак. Вось першы гарызонт праблемы, які проста вымагае займацца актыўным прапагандаваннем адвечных духоўных каштоўнасцей.

Роўныя Творцу

Другі гарызонт сацыякультурнай прагматыкі. Чаму сённяшняе пакаленне моладзі так востра ставіць пытанне ўласнай самаідэнтыфікацыі? Вось тады, калі завяршылася эпоха гарадской паркавай культуры 60-х гадоў, на змену ёй прыйшла масавая культура тэлебачання, якое і да сённяшняга часу прэтэндуе на статус новай рэлігіі  з адпаведным сонмам суперзорак і поп-ідалаў. Яно задае культуру топ-мадэляў, трэнды ва ўсіх праявах чалавечага існавання. Аднак экранная культура масавага шырспажыву — гэта канчатковае руйнаванне нацыянальных каштоўнасцей, гэта фарміраванне той шкалы каштоўнасцей, у якой ужо не існуе месца для самай асноўнай каштоўнасці, дадзенай чалавеку Богам, — сям’і.

Другая праблема гэтага вектара нарадзілася з прыходам інтэрнэта.Сёння мы становімся сведкамі стварэння новай рэальнасці — віртуальнай. Яе рукамі не памацаеш, але яна існуе на памежжы рэальнасці: там перапісваюцца, там зараджаецца каханне, ствараюцца пары — туды пераплывае сацыяльны аспект. Усё тое, што не атрымліваецца здзейсніць у рэальнай прасторы, можна кампенсаваць у прасторы сацыяльных сетак. Сёння ёсць тэхналогіі, якія даюць мажлівасць паставіць прынтар і стварыць новае сэрца. Чалавек сёння адчувае сябе так, як адчуваў тысячы гадоў таму, калі пачынаў будаваць Вавілонскую вежу, каб дасягнуць вышыні Бога і паказаць, што яны роўныя. А Божанька ўзяў і пераблытаў мовы: людзі перасталі разумець адно аднаго і будоўля скончылася. Мы, відаць, вырашылі апярэдзіць і іх, ствараючы іншую рэальнасць. Майму ўнуку шэсць з паловай гадоў, і я бачу, што яму прыносіць задавальненне сусвет трансформераў. Ён ведае іх імёны, іх цэлая калекцыя — гэта яго рэальнасць. Такім чынам, сёння кожны чалавек пачувае сябе Творцам Новага Свету. Самая галоўная небяспека гэтага працэсу тварэння ў тым, каб віртуальная рэальнасць не стала інфернальнай і не прывяла людзей да самазнішчэння.

Канфлікт рэальнасцей

Цяпер давайце паспрабуем сутыкнуць паміж сабой дзве рэальнасці. Першую — каштоўнасці якой зафіксаваны ў Бібліі, і другую — сённяшняга часу. “Не забі” — адна з біблейскіх запаведзяў. Давайце правядзём эксперымент: праглядзім усе тэлеканалы, а потым падлічым, колькі за дзень прайшло сюжэтаў аб забойствах. Па-мойму, біблейскі прынцып “Не забі” сёння не працуе ў побытава-культурным і сацыяльным аспекце. Далей сутыкаем рэальнасці. Запаведзь “Не пажадай жонкі блізкага свайго”. Мы зноў уключым тэлевізар і паглядзім расійскія каналы (нашы менш, хаця спрабуюць таксама), дзе кожны дзень бясконца паказваюць свет артыстаў. Там сям’і проста няма: сёння шлюб, заўтра развод — і ў гэтым брудзе вядучыя проста купаюцца. Нам бясконца расказваюць пра драмы, трагедыі, суды, дзе маёмасць дзеляць і г. д. Дык дзе ж тое “не пажадай”? Другая каштоўнасць не працуе. Яшчэ адна: “Палюбі жонку сваю”. Сёння ў Францыі і ў іншых краінах Еўропы парламентарыі  ў ладкі пляскаюць з нагоды  прыняцця закона, які дазваляе аднаполыя шлюбы. Значыць, самае дарагое, той фундаментальны ўстой, на якім трымалася наша культура (перш за ўсё славянская і беларуская ў большай ступені) — сям’я, — сёння таксама пад пагрозай. Прыкладаюцца велізарныя намаганні, каб яна трансфармавалася. Каштоўнасць біблейская і тая, якая закладваецца народнай культурай, аб  павазе да  продкаў, сваіх бабуль з дзядулямі, бацькоў, — яна таксама не працуе. Паглядзіце, хто сёння сядзіць на самым ганаровым месцы на вяселлі, а бабы з дзедам там можа ўвогуле не быць. Альбо другі прыклад. Не так даўно мае сваякі спраўлялі вяселле дачкі. У ранейшыя часы са словамі “Дару медзі, каб дзеці былі як мядзведзі” бабуля павінна была высыпаць на ручнік жменю манет. Дзеці, працяг роду — перш за ўсё. Потым матуля пералічвала грошы ад гасцей: да кожнай купюркі трэба дакрануцца, каб забраць на сябе магчымы нагавор на ўсякую бяду. Ні ў якім выпадку маладым нельга браць у рукі тыя грошы першымі! Таму маці і перасцерагала сваіх дзяцей. Дык вось, на гэтым сучасным вяселлі высветлілася, што 30% канвертаў апынуліся пустымі. Скажыце, якую дэвальвацыю і трансфармацыю  мы перажываем сёння, калі самыя родныя людзі так зрабілі? Яны падыходзілі, віншавалі, гаварылі ў вочы добрыя словы… Пра які працяг роду можна гаварыць, калі людзі клалі пустыя канверты! Яны ад душы жадалі маладым пустэчы?

Культура паўсядзённасці

Вось я, як кіроўца, назіраю сітуацыю на дарогах: колькі гадоў назад, як толькі з’явіліся так званыя “крутыя” машыны з моцнымі рухавікамі, у нас любілі падрэзаць, абагнаць. Сёння гэта паступова сыходзіць. Мы ўжо ступілі на шлях новага стылю адносін. Людзі, якія сталі багацейшымі, пачынаюць будаваць вакол сябе прыгожае эстэтычнае асяроддзе, яны паціхеньку праяўляюцца па-іншаму ў культуры паўсядзённасці. Разам з тым ёсць і другая тэндэнцыя. Тры гады назад хавалі майго аднакласніка. Нам па 60 гадоў, прыйшлі ў сталоўку калгасную, селі за памінальны стол. Хвіліна, другая — цішыня. Пачынаюць цыкаць на мяне — скажы добрае слова. А я на могілках гаварыў развітальныя словы, таму і маўчу. Вы ж таксама ведалі таго чалавека, дык выкажыцеся ад душы. Няхай няскладна, не па-прафесарску, але шчыра. Ніхто не сказаў. Хацелася ўстаць і пайсці, але з-за памінальнага стала першым выходзіць самы стары, таму што ён можа памерці наступным. На душы было балюча: няўжо цяжка ўзгадаць, што трэба пусціць па крузе канон? Што трэба прачытаць малітву, запаліць свечку, на хвілінку ўстаць, памаўчаць, і толькі выканаўшы элементарныя рытуальныя дзеянні, распачаць  трапезу? Замест гэтага старэйшы брат памерлага сказаў сакраментальную фразу: “Ну, давайце вып’ем”. Адразу талеркі забразгалі, відэльцы заляскалі — цунамі нашай бездухоўнасці панеслася! Вось гэта таксама культура паўсядзённасці. Практычна ўсе мае аднакласнікі з вышэйшай адукацыяй. Дык якую культуру вы фарміруеце сёння ў сваіх сем’ях?

Я гавару сваім студэнтам пра культуру паўсядзённасці: калі хочаце, каб за сталом ніколі не было сваркі, на ім павінны ляжаць засланы абрус і бохан хлеба. (Пазней  засохне, але хай ляжыць.) Калі нашы продкі накрывалі святочны стол, на сярэдзіну яго абавязкова клалі непачаты бохан, а вакол яго, як вакол Арарат-гары, да якой прыстаў Ноеў каўчэг, пачынала фарміравацца ўсё астатняе, увесь свет прыгажосці. Элементарная рэч.

Нашы бабулі, пры ўсёй беднасці пасляваеннай, ніколі ў жыцці не маглі дапусціць, каб муж выйшаў на вуліцу ў ірваных штанах, а сёння гэта модна.

Мы не разумеем, што адзежа з дзіркамі правакуе адток нашай энергіі, парушае гармонію і раўнавагу. Дысбаланс прыводзіць да таго, што нашы ўнутраныя органы пачынаюць хварэць, і разам з сабой мы цягнем усю сваю сям’ю. У гэтым жыцці ўсё цесна пераплецена.

Тое, што падтрымлівае

Зараз у нас дамінуе рублёўская культура. Я маю на ўвазе падмаскоўную Рублёўку. Усе гэта трансліруецца для таго, каб і мы з вамі глядзелі і паддаваліся спакусе. Я ніколі ў жыцці не скажу: “Людзі добрыя, апранайцеся зноў у лапці і садзіцеся на павозкі”. На здароўе: няхай будзе двухпавярховы катэдж, няхай будзе джып, няхай будуць усе элементы камфортнасці. Не дай Бог, каб мы жылі, як нашы далёкія продкі, у зямлянках. Але тэлебачанне і інтэрнэт зрабілі нармалёвымі з’явы, пра якія раней ніхто не чуў і нават не ўяўляў іх. Відаць, у гэтай змрочнай рэальнасці і хочацца гаварыць пра тое, што стагоддзямі і тысячагоддзямі падтрымлівала  ў жыцці нашых продкаў. І гэта менавіта тая сістэма каштоўнасцей, якая пакуль што не цалкам трансфармавалася.

Бывае, пранясецца навальніца, паламае грушы, яблыні, натворыць бяды… Але дыхаецца пасля яе неверагодна лёгка. Так і тут. У нейкі час пачынаецца  перыяд стабілізацыі, гарманізацыі — усё будзе па-іншаму. Народныя традыцыі, суаднесенасць з імі — гэта як пазваночнік у чалавека. Яны даюць магчымасць утрымацца і цвёрда стаць на ногі ў любых рэаліях. Але ж вы добра ведаеце, што пазваночніка без душы не бывае. Хочацца спадзявацца і верыць у тое, што нашы адвечныя культурныя каштоўнасці яшчэ доўгі час будуць гарантам устойлівага развіцця грамадства, надзейным апірышчам у пошуку нацыянальнай ідэі і існаванні суверэннай дзяржавы.

Дополнительно

Іван Крук — кандыдат філалагічных навук, былы рэктар Інстытута культуры Беларусі, былы галоўны рэдактар выдавецтва «Адукацыя і выхаванне», пісьменнік, народны лекар, даследчык традыцыйнай духоўнай культуры беларусаў. Займаецца праблемамі рэканструкцыі славянскай міфапаэтычнай мадэлі свету, архаічнага календара, вывучэннем архетыпаў і сімвалаў у беларускай міфалогіі і фальклоры. Аўтар 11 манаграфій, 15 брашур, больш за 1000 артыкулаў.

Алена КАРАНЕЎСКАЯ

Фото: Светлана Курейчик

6 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте
Эксклюзив