Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
I стала морам рака: як будавалi Вiлейскае вадасховiшча

Ніколі не думалі жыхары вёсак Слабада, Касута, Пахомава, Рабунь, што іх здаўна абжытыя сядзібы апынуцца пад вадой, а на месцы, дзе шумелі гонкія сосны і скрыпелі калодзежныя жураўлі, заплешчуцца хвалі самага вялікага ў Беларусі рукатворнага мора – Вілейскага вадасховішча, з дня будаўніцтва якога сёлетняй вясной спаўняецца роўна 50 гадоў.

Ідэя адшукаць аптымальную крыніцу, з якой можна было б узяць ваду для пастаянна прырастаючага насельніцтвам Мінска, з’явілася яшчэ да вайны. Вучоныя разглядалі розныя варыянты: з вярхоўяў Нёмана, Пцічы, Бярэзіны, Гайны, Віліі. Выбар упаў на апошні варыянт. Гэта было танней, і плюс да ўсяго вілейская вада аказалася лепшай па якасці.

Распрацоўка праекта, якім былі заняты спецыялісты кіеўскага інстытута, доўжылася тры гады. Само ж будаўніцтва пачалося ў красавіку 1968 года, спецыяльна для чаго было створана прадпрыемства «Віліямінскводабуд», з будаўнічымі ўпраўленнямі ў Вілейцы і Заслаўі.

На новае месца – разам з пагостамі

Работы вяліся на плошчы 70 квадратных кіламетраў. Ва ўмовах бездарожжа рабочыя штурмавалі гушчары, балоты, пяскі. Неабходна было высечы лясы, якія займалі больш за палову плошчы будучага вадасховішча, перанесці ці пабудаваць нанова каля 500 жылых дамоў для перасяленцаў, бо ахвярамі «будоўлі стагоддзя» сталі адразу 10 вёсак. Рыбчына была самай вялікай сярод іх: налічвала 117 двароў і больш за 500 жыхароў.

Разам з людзьмі пераязджалі і пагосты. І гэта была яшчэ адна трагедыя: многім давялося хаваць сваіх родных другі раз.

Жыхарцы Рыбчына Раісе Соніч споўнілася на той час 20 гадоў. Кажа, цяжка было развітвацца і з домам, і з садам, але ў памяць больш за ўсё ўрэзаўся момант, калі капальнікі, пераносячы прах яе цёткі, дасталі з труны пярсцёнак і перадалі маці, Раісінай бабулі. Тая насіла яго на пальцы да самай смерці, разам з ім яе і пахавалі.

Праект карэктавалі

«Пры будаўніцтве Вілейска-Мінскай воднай сістэмы на асабліва адказных, кіруючых пасадах працавалі пераважна прыезджыя, – расказвае старшы навуковы супрацоўнік Вілейскага краязнаўчага музея Вольга Коласава. – Сярод будаўнікоў былі прадстаўнікі больш як дваццаці нацыянальнасцей, якім давялося асвойваць самую сучасную і складаную на той час тэхніку».

Вопыту не мелі, таму памылкі здараліся як з боку рабочых, так і праекціроўшчыкаў. Даводзілася карэктаваць і каштарыс, і самі аб’екты. У ліку іх – праект дарогі Ілья – Вязынь з мостам праз Ілію, які пасля спецыяльнай нарады спецыялістаў пакарацеў больш чым напалову: даўжыня збудавання, якое планавалі зрабіць двухсотметровым, стала 90 метраў.

Хвалюючы момант

«Нараджэнне Вілейскага вада­сховішча прымеркавалі да часу перакрыцця Віліі, – расказвае Вольга Коласава. – І адбылося гэта ў верасні 1973 года, а не 74-га альбо 76-га, як пішуць многія выданні. На галоўны гідравузел прыехаў у гэты дзень і першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі Пётр Машэраў».

«Ніколі раней не збіралася столькі народу на берагах Віліі, як у суботу 8 верасня, – пісалі мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. – Сюды, да жалезабетоннага цела вадаскіду, прыйшлі будаўнікі, жыхары навакольных вёсак, госці з Мінска, Маладзечна, Вілейкі, каб стаць сведкамі знамянальнай па­дзеі – перакрыцця ракі. І вось настае хвалюючы момант. Па сігнале з каманднага пункта лепшыя бульдазерысты УМ-5 пачынаюць штурм Віліі. Усё вузейшым і вузейшым робіцца праран. Праз 50 хвілін рака перакрытая. Яе воды пайшлі ў абход праз вадаскід да свайго старажытнага рэчышча. І адразу ж яна пачала выходзіць з берагоў, затапляць ачышчаную пойму».

Прыгожае і велічнае Вілейскае мора да сёння прыцягвае да сябе як адпачывальнікаў, так і рыбакоў, якія любяць расказваць легенды і паданні, звязаныя з гэтымі мясцінамі.

Залатая карэта Напалеона і іншыя скарбы

Адно з самых цікавых і каларытных тычыцца скарбаў Напалеона, схаваных вакол вёсак Рабунь і Сосенка, кажуць у музеі. Да будаўніцтва вадасховішча гэтыя мясціны былі лугамі, побач з якімі працякалі рэчкі Арпянка і Рыбчанка, дзе быццам бы затоплена залатая карэта.

«Ну а самая цікавая гісторыя прымеркаваная да пуску вады ў пабудаваную чашу Вілейскага вадасховішча, – піша ў адным са сваіх артыкулаў вілейскі гісторык і журналіст Сяргей Ганчар. – Людзі сцвярджаюць, што падчас узвя­дзення вадасховішча будаўнікі ўсё ж нешта знайшлі. Будоўлю спынілі, нагналі ваенных і штосьці вывезлі на грузавіку. Але ёсць і «рэальная» гісторыя, паводле якой незадоўга да пуску вады ў вадасховішча ў Вілейскі раён прыбыла дэлегацыя з прадстаўнікоў міністэрства замежных спраў, французскай амбасады і вайскоўцаў.

Ініцыятарам паездкі быў нашчадак афіцэра напалеонаўскай арміі, якому ад продка дасталася карта, дзе было выразна пазначана месца захавання скарбу – высокая гара паміж вёскамі Рабунь і Сосенка. Ён звярнуўся да беларускіх уладаў, якія далі магчымасць правесці пошукавыя работы, для чаго нават быў адкладзены на пэўны час пуск вады. З імі прыбыла рота сапёраў, якая «адпрацавала» пагорак уздоўж і папярок. На пошукі скарбу адвялі суткі, але, па афіцыйных даных, за гэты час так нічога і не знайшлі. А пазней, калі вадасховішча запоўнілася вадой да патрэбнага ўзроўню, гара затапілася, але вяршыня яе засталася і стала востравам сярод «вілейскага мора». Сляды ж ад працы сапёраў бачныя і зараз – на востраве, які мясцовае насельніцтва называе «птушыным», маецца возера-варонка ад выбухаў».

Шмат цікавых гісторый могуць расказаць і рыбакі, якія любяць бавіць час на вадасховішчы. Некаторыя з іх нават сцвярджаюць, што ў ціхае, бязветранае надвор’е з-пад лёду чуваць царкоўныя званы. І тут жа ўсяму гэтаму знаходзяць тлумачэнне: маўляў, так адгукаюцца вёскі, затопленыя падчас будаўніцтва вадасховішча.

І калі ў першым выпадку легенды, што расказваюць пра золата Напалеона, ужо не праверыць, то ў другім – самы раз махнуць у Вілейку: лёд моцны, надвор’е цудоўнае і цішыня на многія дзясяткі кіламетраў такая, што звон той, моцна захацеўшы, абавязкова пачуеце…

Дадаткова

На працягу 45 гадоў існавання Вілейска-Мінскай воднай сістэмы на ёй не было няштатных надзвычайных сітуацый. Але на «Мінскводаканале» заўсёды падрыхтаваны да іх узнікнення. Абсталяванне на помпавых станцыях прадубліраванае. Калі раптам разбурыцца збудаванне самога канала, на час рамонту ў рэзервуарах Мінска ёсць запас пітной вады на 28 дзён.

Марына СЛІЖ

6 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте