Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Надзейныя мужчыны з Натальеўскага лясніцтва: ад службы ваеннай да службы лясной

Форма — як у ваенных… Выпраўка і дысцыпліна — таксама. Ляснічы Натальеўскага лясніцтва, што ў Чэрвеньскім раёне, Дзмітрый Васілеўскі і яго сыны Дзмітрый і Аляксандр Кракайцісы прайшлі кожны ў свой час тэрміновую ваенную службу. Таму 23 лютага сапраўды іх свята — свята надзейных мужчын.

Дзмітрый Васілеўскі: «Ад арміі хлопцаў не адмазваў»

Абраў будучы занятак свядома, паступіў у тагачаснае Барысаўскае ПТВ лесаводаў і атрымаў спецыяльнасць «ляснік». У 1990-м практыку адпрацоўваў у сваім Чэрвеньскім лясніцтве. Калі надышоў час служыць, і думкі нават не ўзнікла, што можна не пайсці ў армію!

— Гэта зараз многія стараюцца адкасіць, — зазначае. — А тады іншых варыянтаў не было. Калі ты не служыў, на цябе коса пазіралі.

Колішні супрацоўнік Чэрвеньскага райваенкамата, Васіль Бачыла адразу сказаў прызыўніку, што яго чакаюць паветрана-дэсантныя войскі. Туды — у Прыбалтыйскую ваенную акругу — і трапіў на службу Дзмітрый Васілеўскі. Самымі складанымі аказаліся першыя два тыдні, пакуль прывыкаў да новага распарадку дня і сапраўды жалезнай дысцыпліны. Затым усё наладзілася. Падчас першага году — «вучэбкі» і ўласна службы — Дзмітрый Іосіфавіч запісаў на свой рахунак сем скачкоў з парашутам.

— А не было з першым, як у анекдоце, калі інструктар з самалёта выпіхваў? — цікаўлюся.

— Не, — усміхаецца мой суразмоўца, — усё выконвалі па загаду і добраахвотна.

— І ўдалае атрымлівалася прызямленне? На дрэвах не віселі?

— А ў нас такая пляцоўка была для прызямлення, дзе дрэвы і блізка не раслі. Штосьці да стэпу падобнае, дзюны…

У Прыбалтыцы Дзмітрый Васілеўскі праслужыў год. А пасля — развал Савецкага Саюза. Усіх адправілі даслужваць па дамах. Другі год службы прайшоў у Беларусі.

Вярнуўшыся пасля службы ў Чэрвеньскае лясніцтва, Дзмітрый Васілеўскі працаваў лесарубам, а затым і лесніком. Паралельна асвойваў навуку завочна ў Полацкім лясным тэхнікуме, а пасля ў тэхналагічным універсітэце. Атрымаў нагрудны знак «20 гадоў бездакорнай службы ў дзяржаўнай лясной ахове Рэспублікі Беларусь».

Дысцыпліна ў яго лясніцтве, можна сказаць, ваенная. Таму і вынікамі тут ганарацца па праву. У абласным спаборніцтве сярод такіх жа падраздзяленняў Натальеўскае лясніцтва прызнавалася лепшым ажно 5 гадоў запар!

Гледзячы на тату, змалку ведалі, што абавязкова будуць служыць, і Дзмітрый з Аляксандрам. Уласны прыклад — вялікая справа.

— А ці гаварылі вы хлопцам аб неабходнасці службы ў арміі? — пытаюся ў Дзмітрыя Васілеўскага.

— Канкрэтна такіх размоў я з імі не вёў, — тлумачыць ён. — Як кажуць, прымусу не было. Але і ад службы я іх не адмазваў. Гэта цалкам самастойнае рашэнне кожнага.

Дзмітрый Кракайціс: «Калі б можна было, яшчэ раз прызваўся б на службу!»

Цікава, што ў старэйшага сына, Дзмітрыя, рашэнне гэтае выспявала яшчэ са школьных гадоў. Тады ён проста марыў пра кадравую ваенную службу. І на пытанне «Кім ты хочаш стаць?» адказваў і пісаў ва ўсіх анкетах: «Ваенным». Гатовы быў туды ісці адразу пасля заканчэння СШ №3 Чэрвеня, але не было яшчэ 18 гадоў. Таму паступіў у Мар’інагорскі аграрна-тэхнічны каледж. Па яго заканчэнні хацеў праходзіць тэрміновую службу ў гэтым жа горадзе, але трапіў у Мінск, ва ўнутраныя войскі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

— Ніякіх непрыемных сюрпрызаў у арміі не было, — прыгадвае Дзмітрый Кракайціс. — У прынцыпе, усё праходзіла так, як сабе ўяўляў. Фізічная падрыхтоўка ішла добра, нарматывы здаваў на «выдатна». Быў камандзірам аддзялення, у запас звольніўся сяржантам. Па шчырасці, калі б можна было, я б яшчэ раз прызваўся на службу! А вось кадравым ваенным стаць не атрымалася па шэрагу прычын.

— Дзмітрый, а што дае служба маладым людзям?

— Зусім іншым чалавекам становішся, успрымаеш усё вакол сябе па-іншаму. Больш паважлівым робішся да старэйшых, прыслухоўваешся да іх слоў.

І ўсё ж зялёную форму Дзмітрый Кракайціс носіць! І яна яму пасуе. Няхай не ваенная, але глядзіцца нічым не горш.

Папрацаваўшы крыху ў Натальеўскім лясніцтве яшчэ да службы ў арміі, пасля малады чалавек вырашыў сюды ж вярнуцца. Працаваў лесарубам, зараз шчыруе лесніком. І віншаванні са святам 23-га лютага прымае цалкам заслужана!

Аляксандр Кракайціс: «Да параду рыхтаваліся тры месяцы, а прайшлі за пяць хвілін»

У адрозненне ад старэйшага брата, малодшы яшчэ ў школе марыў пра лясную прафесію. Скончыў Барысаўскі лесаагратэхнічны прафесійны каледж і прыйшоў у Натальеўскае лясніцтва. Паступіў у тэхналагічны ўніверсітэт, адвучыўся два курсы — і пайшоў служыць у армію.

Трапіў Аляксандр Кракайціс у Барысаў, у войскі сувязі. Самым запамінальным эпізодам для юнака стала падрыхтоўка да параду ў Дзень Перамогі ў Мінску ў 2015 годзе.

— Рыхтаваліся тры, нават тры з паловай месяцы, — прыгадвае Аляксандр. — Трэніроўкі ішлі з васьмі раніцы і да шасці-сямі гадзін вечара. Выхадны — толькі ў нядзелю. А ў апошні месяц трэніраваліся і ўначы. Затым тры гадзіны паспаць — і пад’ём, на сняданак.

Зараз Аляксандр Кракайціс працуе майстрам лесу Натальеўскага лясніцтва і завочна вучыцца на чацвёртым курсе тэхналагічнага ўніверсітэта.

Вось такія яны – мужчыны з Натальеўскага лясніцтва Чэрвеньскага лясгаса. Сур’ёзныя, надзейныя, сапраўдныя абаронцы.

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара 

13 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте