Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Па поклічу сэрца — пра таленавітых педагогаў Чэрвеньшчыны, якія абралі для сябе беларускую мову

 

Выпускніца гімназіі №1 Чэрвеня 2007-га года, вучаніца Яўгена Антонавіча Несцяровіча Кацярына Часаўскіх пры паступленні ў ВНУ набрала на тэсце па беларускай мове 100 балаў са 100 магчымых

У Міжнародны дзень роднай мовы, які адзначаецца 21 лютага, карэспандэнт МЛЫН.BY распавядае пра адданых сваёй працы настаўнікаў, якія шмат гадоў гавораць у штодзённым жыцці па-беларуску. Не па абавязку, а па поклічу сэрца…

Мікола Барбук, колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры, жыхар вёскі Грабёнка

Ураджэнец вёскі Клiнок, Мікалай Андрэевіч — чалавек не толькі ўнікальны, але і запамінальны. Той, хто хоць аднойчы меў з ім стасункі, не забудзецца на яго мілагучную мову, шчыры народны гумар.

Стаць настаўнікам роднай мовы і літаратуры ён вырашыў не адразу. Чаго толькі вартая мара стаць артыстам! Альбо журналістам. Ці геолагам. І ўсё ж зрабіў выбар на карысць філалогіі. Павагаўшыся, абраў родную мову, бо захапляўся не толькі кнігамі, але і беларускай перыёдыкай: чытаў газеты «Звязда», «ЛіМ», часопісы «Полымя», «Маладосць», «Беларусь»…

На філфак БДУ паступіў з першага разу, вытрымаўшы ўсе іспыты на «добра» і «выдатна». Адметнасцю апошняга года вучобы стала практыка. Яе Мікола (а для вучняў, вядома, Мікалай Андрэевіч) праходзіў у Грабёнскай школе роднага Чэрвеньскага раёна. Настаўнікаў тут не хапала. І пасля заканчэння практыкі адміністрацыя так складала расклад, што няўрымслівы юнак паспяваў і ўрокі весці, і на вучобу ездзіць. Атрымаўшы дыплом, вярнуўся ў гэтую навучальную ўстанову. І не адно дзесяцігоддзе адпрацаваў выкладчыкам роднай мовы і літаратуры, а тады і дырэктарам школы.

За гады працы Мікалай Андрэевіч двойчы ўдзельнічаў у раённым конкурсе прафесійнага майстэрства «Настаўнік года» і адзін раз — у абласным.

А колькі беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, дзеячаў мастацтва і культуры, іншых знакамітасцяў пабывалі на сустрэчах з вучнямі ў Грабёнскай школе! Які кабінет роднай мовы з элементамі старажытнасці стварыў там настаўнік! Колькі розных вандровак зладзіў для сваіх вучняў!

Не дзіўна, што падчас вечароў сустрэчы з выпускнікамі дзверы яго кватэры практычна не зачыняюцца. Многія вучні Мікалая Андрэевіча ў свой час вырашылі стаць настаўнікамі роднай мовы і літаратуры. І ўслед за ім выкарыстоўваюць родную мову ў паўсядзённым жыцці.

Ірына Змачынская, дырэктар вучэбна-педагагічнага комплексу «Лядзенскі дзіцячы сад — сярэдняя школа»

Назіраючы за тым, як бягуць да Ірыны Мікалаеўны малодшыя школьнікі, каб падзяліцца навінамі, а то і проста абняць, прылашчыцца, адразу ж разумееш, колькі ў ёй цеплыні і пяшчоты. І ніколі не здагадаешся, што Ірына Мікалаеўна — сама маці і ўжо нават бабуля — да гэтага часу сумуе па цеплыні ўласнай мамы.

Яна вельмі рана страціла бацькоў, выхоўвалася ў дзяржаўных установах. Усім тым, чаго дасягнула ў жыцці, найперш абавязана сабе самой і добрым людзям, якія сустрэліся на яе жыццёвым шляху.

Настаўніцай Ірына Змачынская вырашыла стаць яшчэ класе ў трэцім, прычым менавіта вясковай. Падчас вучобы ў санаторнай школе-інтэрнаце палюбіла чытаць. Падабаліся ёй творы Шамякіна, Барадуліна, Коласа. Многае з празаічнага «На ростанях» ведала на памяць. З пятнаццаці гадоў вядзе ўласны дзённік, прычым выключна па-беларуску. Таму з лёгкасцю паступіла на руска-беларускае аддзяленне філфака БДУ.

У той час многія яе аднакурснікі, як і яна сама, размаўлялі выключна на роднай мове, марылі аб яе шырокім выкарыстанні. Але так атрымалася, што ў Лядзенскай школе мелася толькі месца настаўніцы рускай мовы і літаратуры. Гэтыя прадметы Ірына Мікалаеўна і пачала выкладаць. Але любоў да роднай мовы заўсёды жыла ў яе сэрцы.

Узначаліўшы амаль 10 гадоў таму Лядзенскую школу, Ірына Мікалаеўна змагла стварыць там утульную хатнюю атмасферу. Беларуская мова гучыць там у штодзённых стасунках. Карыстаецца ёю Ірына Змачынская з задавальненнем, і вясковым дзеткам даспадобы камунікацыя на роднай мове.

Яўген Несцяровіч, колішні настаўнік роднай мовы і літаратуры СШ №4 г. Чэрвеня

Даўно ўжо не працуе Яўген Антонавіч Несцяровіч, але яго і зараз прыгадваюць выпускнікі, іх бацькі, калегі. След, які гэты настаўнік падчас штодзённых стасункаў пакінуў у сэрцах сваіх вучняў, падобны да сонечнага промня. Памятаецца ўсё — добразычлівасць, высокі прафесіяналізм, удумлівасць, грунтоўная метадычная і доследная праца… А яшчэ — улюбёнасць у беларускую мову, вернасць ёй усюды і заўсёды. І маўленне тое хацелася не толькі слухаць, а і пераймаць.

На выбар прафесіі паўплываў старэйшы брат Яўгена Антонавіча — Віктар. Ён у сярэдзіне пяцідзясятых гадоў мінулага стагоддзя паступіў на філфак БДУ, быў сярод лепшых студэнтаў, спрабаваў пісаць вершы.

Услед за братам выпускнік Бярэзінскай СШ №1 Яўген Несцяровіч паступіў туды ж. Абодвум здольным братам прапаноўвалі вучыцца далей, у аспірантуры. Але па шэрагу прычын не склалася. Затое многія вучні Чэрвеньшчыны займелі ў асобе Яўгена Антонавіча выдатнага настаўніка.

Свае першыя гады самастойнай педагагічнай працы ён правёў у Велікапольскай школе Чэрвеньскага раёна. Затым была праца ў другой і чацвёртай гарадскіх, у гімназіі. Шмат сіл і часу адымала адміністрацыйная праца — на пасадзе намесніка дырэктара, дырэктара. Але ўсё ж выкладанне роднай мовы і літаратуры для Яўгена Несцяровіча было заўсёды на першым месцы. Яго метадычныя распрацоўкі друкаваліся ў зборніках. Гадоў з дзесяць ён уваходзіў у рэдакцыйную раду часопіса «Роднае слова», дзе таксама друкаваўся.

Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Яўген Несцяровіч і зараз штомесяц наведвае пасяджэнні літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь», які працуе пры Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэцы.

Светлай памяці Уладзіміра Дарагужа

Яго не стала напярэдадні 2017 года. Шчырага беларуса, чалавека энцыклапедычных ведаў, які душой і сэрцам хварэў за родную мову, за Беларусь. Шмат гадоў быў нязменным старшынёй узгаданага ўжо літаратурна-паэтычнага клуба «Ветразь». Разам з супрацоўнікамі Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі штомесяц рыхтаваў пасяджэнні, падчас якіх аматары клуба даведваліся аб цікавых фактах з біяграфіі і творчасці пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, іншых знакамітасцяў, у тым ліку і землякоў.

Пры ўсім тым Уладзімір Георгіевіч не быў філолагам. Ён скончыў фізмат БДУ, выкладаў фізіку і астраномію ў школах Чэрвеньшчыны і вучылішчы будаўнікоў. З цягам часу прыйшоў да роднай мовы і заставаўся ёй верным да скону. Пісаў вершы, прозу, вострыя эпіграмы. Пры старшынстве Уладзіміра Дарагужа на пасяджэнні «Ветразя» часта запрашаліся знакамітыя творцы, аб чым сведчаць фотаздымкі.

Першы справа — Уладзімір Дарагуж, першы злева — Уладзімір Адамовіч

А колькі было арганізавана цікавых мерапрыемстваў — не злічыць! Усе пачынанні Уладзіміра Георгіевіча падтрымлівала яшчэ адна шчырая беларуска — тагачасны дырэктар Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бібліятэкі Людміла Войцік, якой таксама — светлая памяць. Прыгожае ў яе было маўленне на роднай мове. Колькі год Людмілы Уладзіміраўны няма з намі, а памятаецца і воблік, і голас…

На пасяджэнні «Ветразя» выступае дырэктар бібліятэкі Людміла Войцік, побач — старшыня клуба Уладзімір Дарагуж

Са святам усіх носьбітаў роднай мовы!

Святлана АДАМОВІЧ

Фота аўтара

14 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте