Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Культура, Регион
«Дырыжор». У Мінскім абласным драмтэатры выйшаў першы спектакль новага мастацкага кіраўніка

Дырыжорскі пульт з партытурай і аркестровы стул на фоне экрана з дакументальнай відэахронікай — у такой мінімалістычнай і разам з тым самадастатковай сцэнічнай прасторы гучыць маналог адзінага героя монадрамы «Дырыжор». Гэта першы спектакль, што паставіў у Мінскім абласным драматычным тэатры яго новы мастацкі кіраўнік — заслужаны дзеяч мастацтваў, лаўрэат прэміі «За духоўнае адраджэнне», рэжысёр і акцёр Валерый Анісенка.

Кіраўнік некалькіх знакавых для Беларусі тэатральных калектываў, пастаноўшчык сотні радыёспектакляў і шэрагу мастацкіх фільмаў, выдатны лектар і педагог, Анісенка не выпадкова абраў для пачатку новага этапа сваёй творчай біяграфіі менавіта п’есу «Дырыжор» ізраільскага драматурга Леона Агулянскага. Бо яна не толькі аб прыродзе творчасці і ўзаемаадносінах у мастацкім асяроддзі. Гэта, хутчэй, разважанне на тэму, якое шчасце і які цяжар быць апантаным чалавекам. І пра тое, што без апантанасці немагчыма стварыць штосьці годнае.

Валерый Анісенка стаў выканаўцам галоўнай і адзінай ролі ў спектаклі. Ён здолеў трымаць увагу залы з першай да апошняй хвіліны, хаця жанр монаспектакля для маладзечанскай сцэны нязвыклы. Гледачы як зачараваныя сачылі за перыпетыямі лёсу і палкімі перажываннямі героя, адчуваючы сябе ўдзельнікамі пастаноўкі, бо выканаўца звяртаўся да іх падчас свайго маналогу. То як да аднадумцаў, здольных яго зразумець, то як да свайго аркестра, што павінен адгукнуцца на нейкую ягоную музычную ідэю ці эмоцыю. Часам нават  хацелася адказаць, праспяваць нейкай скрыпачкай ці віяланчэллю пад уплывам гэтага звароту і асаблівага настрою, які быў створаны ў зале. Вядома, гэта ў першую чаргу сведчыць аб майстэрстве выканаўцы. Иншы раз здавалася, што Анісенка выдатна ведае тое, аб чым распавядае, быццам бы гэта ўсё перажыта асабіста.

Дарэчы, так яно і ёсць. Многія прайшлі праз такое выпрабаванне. Самому рэжысёру і людзям яго пакалення давялося ствараць на сацыяльным разломе перабудовы, ва ўмовах пераацэнкі каштоўнасцей і крызіса сэнсу творчасці. Іншымі словамі, «пра час і пра сябе» атрымаўся гэты спектакль, прысвечаны лёсу руска-французскага дырыжора, што вядомы свету як маэстра Міша Кац.

…Музычна адораны растоўскі хлопец з сям’і савецкага дырыжора і ў педагога Леаніда Каца напярэдадні перабудовы скончыў Маскоўскую кансерваторыю ў класе Мсціслава Растраповіча, атрымаўшы спецыяльнасць «Віяланчэліст». Гэта быў не лепшы час для творцаў. Сутыкнуўшыся з савецкай бюракратыяй, асабістай і творчай несвабодай, незапатрабаванасцю, Міша Кац урэшце пераязджае ў Францыю. Арганізоўвае паспяховае трыа, але раптам адчувае: «Музыка не ў нотах, яна паўсюль. Ёю прасякнуты кроплі дажджу і віно, паветра і воблакі, лужы на асфальце і пляжны пясок! Для яе няма прасторы і часу! Яна проста існуе…» Музыкант пачынае усведамляць, чаго хоча: пераасэнсоўваць, прапускаць праз сябе вялікія музычныя творы і ўвасаб­ляць іх з паслухмяным тваім рухам аркестрам у дасканалыя музычныя палотны на вачах захопленай публікі.

Так ён абраў справу свайго бацькі — стаў дырыжорам. Пэўны час вучыўся нават у легендарнага амерыканца Леанарда Бернстайна. Потым ездзіў па свеце, працаваў з рознымі аркестрамі, у тым ліку з расійскімі. Штораз пачынаў усё з нуля, намагаўся перадаць музыкантам сваю захопленасць справай, апантаную любоў да музыкі, пераадольваючы часам іх ляноту і абыякавасць. Яшчэ цытата: «Крывадушнасць і фальш парушылі ўсё… Вучыцца не хочуць. Усё ведаюць і ўсё ўмеюць. Лёсы, што не адбыліся… Павінны цярпець выкрутасы нейкага маэстра… У іх, магчыма, дзеці хворыя і бацькі старыя. Ім — дамоў ды на халтурку… Добры дырыжор адпусціць праз дзве гадзіны. А я — дрэнны дырыжор! У мяне няма сяброў у мастацтве. Я бязлітасны ля пульта. Бязлітасны!» Гэтыя думкі гучаць з вуснаў артыста Анісенкі, гатовага, як ён прызнаўся ў адным з інтэрв’ю, падпісацца пад кожным словам дырыжора Мішы Каца. Але і выканаўца, і яго герой, і многія гледачы дакладна ведаюць, што толькі так — праз пераадоленне інэртнасці, раўнадушша, меркантыльных інтарэсаў і камфортных звычак — можна дасягнуць вяршынь. У любой справе.

Дадаткова

Валерый Анісенка марыць паказаць спектакль у Мінску на сцэне Белдзяржфілармоніі ў форме эксклюзіўнага вечара, дзе прагучыць «Кармэн-сюіта» ў выкананні аркестра пад кіраўніцтвам маэстра Мішы Каца, які з’яўляецца арт-дырэктарам Канскага міжнароднага фестывалю Nuits Musicales du Suguet.

Кацярына АГЕЕВА

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте
Эксклюзив