Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша, Регион
Дакрануцца да Радзiмы змогуць японскiя беларусы

Тыдзень беларускай культуры распачаўся сёння ў такійскім Універсітэце Сафіі. Мерапрыемства, арганізаванае кафедрай русскай мовы і прадстаўнікамі беларускай дыяспары пры падтрымцы пасольства нашай краіны, будзе доўжыцца да 8 чэрвеня ўключна.

Ініцыятарам культурнай падзеі стала наша суайчынніца, у мiнулым мінчанка Наталля Ветрава — цяпер мастацкі кіраўнік вакальнага гурта «Прымавера» ў Токіа, педагог і кампазітар. Ідэю падтрымалі таксама Варвара Мухіна, выкладчык-русіст Універсітэта Сафіі («Вышэйшай Мудрасці», ці па-японску «Дзёці»), і мясцовыя студэнты, зацікаўленыя ў вывучэнні беларускіх традыцый і развіцці сяброўскіх сувязяў. Да іх далучылася былая супрацоўніца беларускага ансамбля «Харошкі» Алена Лазарава, якая зараз кіруе балетнай студыяй у г. Іякагама. Зацікавіліся і адразу прапанавалі сваю дапамогу некаторыя іншыя прадстаўнікі беларускай дыяспары: усходазнаўца Кацярына Назаранка з Токіа, антраполаг, беларусіст Таццяна Цагельнік-Акіцу з горада Сапара.

«Мы даведаліся, што ў гэтай ВНУ усяго 11 кніг аб нашай краіне, і амбасада пасадзейнічала ў тым, каб у бібліятэцы аднаго з найлепшых універсітэтаў Токіа з’явілася больш выданняў аб Беларусі, нашай гісторыі, культуры, рамёствах. Неацэнную асабістую падтрымку землякам аказаў пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі Руслан Есін», — паведаміла MЛЫН.BY Наталля Ветрава.

Кожны дзень беларускага тыдня ў Токіа прысвечаны асобнай тэматыцы. Сёння, падчас яго адкрыцця, тут гучаць беларускія песні ў выкананні лаўрэата міжнародных конкурсаў Вольгі Ліпгарт (сапрана), народныя песні «Янка» і «Купалінка», а таксама песня «Радзiме» на словы паэта Канстанціна Нілава ў апрацоўцы Наталлі Ветравай. Яшчэ ў праграме — знаёмства з беларускай мовай ад Кацярыны Назаранкі і Таццяны Цагельнік-Акіцу.

У іншыя дні пройдуць асветніцкія лекцыі, у якіх задзейнічаны таксама выкладчык кафедры рускай мовы ўніверсітэта «Дзёці» Варвара Мухіна і яе студэнты. Так, лекцыя «Слуцкі пояс» падрыхтавана па матэрыялах, дасланых акурат са Слуцка — Ларысай Лемеза з музея гісторыі слуцкіх паясоў. Кагосьці зацікавіць і аповед з відэапрэзентацыяй аб перакладчыцы сярэднявечнай японскай паэзіі Веры Мікалаеўне Маркавай, ураджэнцы г. Мінска. На выставе, арганізаванай супрацоўнікамі пасольства Беларусі ў Японіі, будуць экспанавацца сувеніры з саломкі, традыцыйныя беларускія лялькі, вырабы з ільну, нацыянальнае адзенне.

Штодзень будзе працаваць фотавыстава: увазе гасцей прапануюць здымкі з выявамі жывёльнага свету Беларусі і дарагіх сэрцу краявідаў (большасць работ аўтарства фотамастака Сяргея Плыткевіча), а таксама славутых мясцін, нацыянальных рамёстваў, адзення, страў і г.д. Спецыяльная экспазіцыя, створаная пры садзейнічанні этнаграфічнага музея «Млын» з Оршы, пазнаёміць гасцей з сімваламі беларускага нацыянальнага арнаменту, растлумачыць значэнне асноўных яго элементаў. Будзе гучаць сярэднявечная шляхецкая і беларуская народная музыка, прадэманструюць фільм аб нашай краіне. Да таго ж увесь тыдзень сталовая ўніверсітэта «Дзёці» будзе гатаваць традыцыйныя беларускія стравы: мачанку, дранікі, курыцу па-беларуску.

Цырымонію закрыцця Тыдня беларускай культуры расквеціць дзіцячы харэаграфічны ансамбль «Харашухі» пад кіраўніцтвам Алены Лазаравай: выхаванцы студыі з г. Іякагама выканаюць народныя танцы «Бульба», «Хустка».

— Мяркую, гэты знакавы тыдзень стане істотным прарывам у аб’яднанні нешматлікай беларускай дыяспары ў Японіі, а таксама цудоўнай пляцоўкай для зносін і культурнага абмену дзвюх краін, — адзначыла Наталля Ветрава.

Алеся ВАСІЛЬКОВА

17 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте