Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Апошняя малітва — на Валожыншчыне успомняць спаленых фашыстамi мясцовых жыхароў

Мясцовых жыхароў, якіх у гэты дзень летам 1943 года фашысты жывымі спалілі ў царкве, 23 ліпеня будуць успамінаць у вёсцы Доры, што на Валожыншчыне.

«Карнікі з’явіліся ў вёсцы за дзень да трагедыі, — расказвае дырэктар Дома культуры Валянціна Саўген. — Людзі трывожыліся, сабраўшыся разам, думалі і гадалі, што рабіць. Але фашысты паводзілі сябе надзіва спакойна. Страшнае пачалося на наступны дзень»…

Адны кажуць, было гэта ў самы разгар дня, другія — бліжэй да вечара. Загарэліся хаты. Маладых і здаровых адвялі ўбок, астатніх — слабых, жанчын з дзецьмі і старых — сагналі ў царкву. Фашысты разрадзілі зброю ў натоўп і падпалілі будынак. Выратаваліся толькі трое. Астатнія 257 чалавек, 36 з якіх — дзеці, былі спалены жывымі.

Сярод тых, хто вырваўся з палаючай царквы, быў дзевяцігадовы хлопчык Іван Рудовіч, гісторыю якога праз шмат гадоў пасля вайны пераказаў у адным са сваіх лістоў у рэдакцыю раённай газеты «Працоўная слава» жыхар Гро­дзенскай вобласці Іван Ляўковіч.

«У 43-м мне было ўжо дзевяць гадоў, — пісаў ён. — У той дзень, калі ўварваліся фашысцкія карнікі, бацька завёў нас у кусты Дзянісава балота. А тых, хто застаўся ў хатах, немцы выгналі на вуліцу і прымусілі ісці да царквы. Сярод іх быў і мой равеснік Іван Рудовіч. З яго расказаў і даведаўся, штó адбывалася далей».

«Людзі ў натоўпе гадалі, навошта іх гоняць у бок царквы. Вырвацца пад канвоем узброеных гітлераўцаў было немагчыма — калі хто і спрабаваў уцячы, таго ўдарамі прыклада зноў вярталі ў строй.

На царкоўным двары ўжо стаялі вяскоўцы. Немцы сталі заганяць людзей невялікімі групамі ў царкву. Жанчына з немаўлём на руках пачала супраціўляцца. Тады фашыст выхапіў малое і шпурнуў яго ў натоўп, унутр царквы. Маці дзіка закрычала і кінулася за дзіцем. На ўваходзе людзі падалі ля парога, іх білі нагамі, цягнулі за валасы.

Калі памяшканне запоўнілася, немцы ўнеслі два бітоны з бензінам. Дзверы зачыніліся. Людзі зразумелі: адсюль ім жывымі не выбрацца. Пачалася паніка.

Я таксама бегаў з кута ў кут. Нечакана на сцяне намацаў нейкую клямку. Асцярожна націснуў, і адчыніліся дзверцы, схаваныя за чорнай анучай. За дзверцамі аказаўся невялічкі цёмны пакой. Я зайшоў, адчуў босымі нагамі драўляную падлогу. Тут раптам адна дошка правалілася. Пачаў адрываць іх і хутка трапіў у ту­нэль. Праз некаторы час пачуў плёскат вады… Здзіраючы да крыві пазногці, я пачаў выдзіраць камень царкоўнага падмурка, які, як мне падалося, ледзь трымаўся ў кладцы. Ён і сапраўды выпаў і ціхенька пакаціўся бур’янамі ўніз, да ракі.

У той праём кінуўся і я. Недзе з другога боку царквы даносілася чужая гаворка. Ляжаў у траве, баючыся варухнуцца.

Здрыгануўся, як разам ударылі ўсе царкоўныя званы. У царкве крычалі і галасілі. Грымнулі два глухія, але досыць моцныя, быццам з вялізнай помпы, паветраныя выбухі».

Цяпер на тым месцы, дзе стаяла царква, — мемарыяльны комплекс «Загінулых чакаюць вечна». Землякі ўзвялі яго ў памяць аб той страшнай трагедыі.

«Гэта святое месца для кожнага жыхара нашай вёскі, — гаворыць Валянціна Саўген. — Сюды ў дзень вяселля нясуць кветкі маладыя, тут мы прымаем дзетак у піянеры. На гэтым месцы праходзяць мітынгі 9 Мая і 23 ліпеня, калі аддаём даніну павагі бязвінна загінулым землякам. Толькі канцэртных праграм на гэтым месцы не плануем ніколі. 75 год прайшло, а яно ўсё яшчэ не пяецца».

Пры будаўніцтве помніка рэшткі будынка царквы былі старанна выкапаны і на падмурку, які такім чынам адкрыўся, устаноўлена памятная таблічка. На стэле, падножжа якой служыць асновай для бронзавых пахавальных вянкоў, — імёны тых, хто загінуў.

Марына СЛІЖ

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте