Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Самая смачная рыба — свіння. Віляйчанін выдаў кнігу пра “раку трох народаў”

Файл пад рабочай назвай “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку” ён стварыў на сваім камп’ютары пасля сустрэчы з літоўскім кінарэжысёрам Вітаўтасам Дамашавічусам. Захапіўшыся краязнаўствам, сам таго не заўважыў, як прайшоў шляхам археолага і этнографа графа Канстанціна Тышкевіча па рацэ Вілія. Міхаіл Міхалевіч нечакана для сябе высветліў, што з таго часу воднае багацце роднага краю не збяднела, наадварот — прымножылася.

Вілія і яе берагі

“Асновай для майго даследавання стала кніга нашага выдатнага земляка  Канстанціна Тышкевіча “Вілія і яе берагі”, выдадзеная ў Дрэздэне ў 1871-м  на польскай мове, — зазначае аўтар. — Да таго часу былі вядомы апісанні ўсяго трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы. Вілія — на ганаровым чацвёртым месцы”.

Рыбе, што вадзілася ў рацэ, граф прысвяціў цэлы раздзел сваёй працы, выдзеліўшы з іхтыяфаўны  15 асноўных відаў: шчупака, акуня, ліня, ляшча, ментуза, вугра, ласося…

“Праз амаль 160 год з апісанай Тышкевічам разнастайнасці тры віды рыб зніклі поўнасцю, —  кажа Міхаіл. — Сярод іх два прахадныя, што заходзілі на нераст з мора, — балтыйскі сіг і бялуга, і адзін абарыгенны — выразуб. І ў той жа час агульная колькасць насельнікаў Віліі павялічылася на 11. Усё гэта  — за кошт інтрадукаваных для прамысловай гадоўлі і нетутэйшых інвазіўных, малакаштоўных парод”.

Той самы смак

У паходах, падчас сплаваў-экспедыцый Міхаіл Міхалевіч размаўляў з многімі мясцовымі жыхарамі. Тэмы былі розныя, у тым ліку і пра прыстасаванні для лоўлі рыбы, яе смакавыя якасці. “Зараз рыба, вылаўленая з Вяллі, у рацыёне жыхароў прыбярэжных вёсак сустракаецца не часта, — кажа ён. — Але ёсць яшчэ людзі, якія памятаюць “той” смак. Жыхары самага вярхоўя ракі кажуць, што няма смачней за смажанага ментуза, шчупака, ліня, яльца, ляшча.

Каля ўпадзення ў Вілію рэчкі Сэрвач перавагу аддаюць судаку, акуню, вялікаму ляшчу, жэраху, шчупаку. У самой Вілейцы —  ментузу, судаку, ляшчу.

А  старажылы адзначаюць далікатны смак цырты (рыбца), вусача  (келба), яльца. Ніжэй за Вілейку, аж да ракі Нарачанкі, — вусача, вугра, ментуза, ласося”.

Рыбу  лавілі спадніцамі

Аповеды і ўспаміны жыхароў Павілля пра рыбалку, рыбу, а таксама Вілію і яе берагі аўтар пераказвае на «трасянцы» — так, як іх запісаў. Прыкладам для Міхаіла тут паслужыла кніга літоўскага прафесара Вікінтаса Вайткевічуса, з якім давялося разам ўдзельнічаць у сплаве падчас міжнароднай экспедыцыі «Вілія — Нярыс» у 2007 годзе. Прычым нельга не заўважыць паралель: чым старэйшы чалавек, тым чысцейшая ў яго родная мова, чысцейшая калісьці была і вада ў Віліі.

«Даўней, як не было вадасховішча, сюды ў маі прыходзіла самая смачная рыба — свіння. От укусная рыба! Як яна ішла касякамі на нераст, дзе жарства і каменьчыкі, дык спадніцамі лавіць можна было…».

«Лінь, карась — гэта такая более салодкая рыба. Акунь — тожа харошая. Але найболей мне нравіўся мянтуз, асабліва пячонка. Яна ў яго асабліва вялікая пад нераст…».

«Самая смачная рыба — рачны сазан. Яго трэба абычна, па-вясковаму, проста жарыць. Яго як нажарыш, як чалавек не рыбак, а так, скажаш: «Нá рыбу еш», дык другі скажа: «Якая дзе рыба? Гэта ж мяса, якая рыба!». Такое мяса цёмнае”…

Прадавалі ў Парыж і Берлін

“Асобнае месца ў сваёй манаграфіі Канстанцін Тышкевіч адводзіць ракам, —  расказвае Міхаіл Міхалевіч. — З яго слоў, яны былі на рацэ паўсюль, акрамя Міхалішак. Праз 150 год пасля экспедыцыі графа жыхары вёскі ўдакладняюць даследаванне і кажуць, што гэтыя водныя жывёліны вадзіліся тут крыху ніжэй за мост ажно да 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Цяпер не трапляюцца, і вінаватыя ў гэтым — электравуды”.

На працягу ХХ стагоддзя ракі ў вярхоўях Віліі знікалі двойчы. Першы раз — за Польшчай, калі іх масава лавілі і прадавалі ў Берлін і Парыж.  Другі — за савецкім часам, пасля будаўніцтва вадасховішча.

“Найбольшая іх колькасць здабывалася калісьці ля вёскі Белая і мястэчка Быстрыца, дзе існаваў пастаянны рачны промысел, — удакладняе аўтар кнігі. — Дзеці налоўлівалі іх рачоўніцамі на жабу — за тыдзень некалькі дзясяткаў кошыкаў. Захоўвалі ў скляпах, прыкрыўшы мокрым імхом, каб ракі заставаліся жывымі. А ў нядзельку ехалі спярша да царквы ці касцёла, а пасля ўжо з ракамі на кірмаш”.

Да матэрыялаў кнігі, што запісаны ад рэспандэнтаў, аўтар просіць ставіцца аб’ектыўна. Бо кожны мае свой погляд на тую ці іншую з’яву. І кажа, што яна адрасавана пераважна юнакам і мужчынам, хаця не выключае, што знойдзецца і жанчына, якая здолее дачытаць да апошняй старонкі, — ёсць у кнізе некалькі рэцэптаў смачнай юшкі.

Дадаткова

Кніга “Пра Вяллю, рыбу і рыбалку” напісана на трох мовах. Па-беларуску (уступ), руску і на трасянцы (інтэрв’ю). Свайго, нацыянальнага выдання, прысвечанага “рацэ трох народаў”, беларусы да гэтага часу яшчэ не мелі.

Марына СЛІЖ

Фота аўтара і Сяргея ГАНЧАРА

 

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте