У Фанiпальскiм скверы адсвяткуюць Дзень горада, вялiкi гандаль разгарнецца ў Лагойску, а ў Заслаўскім музеі адзначаць 400-годдзе буквара. Што яшчэ паглядзець i ў чым паўдзельнiчаць на Мiншчыне — у афiшы МЛЫН.BY.
Мядзельскі раён
На карцінах — край нарачанскі
Выстава жывапісных работ Міколы Аўчыннікава «Нарачанскі край» адкрылася ў Мядзельскім музеі народнай славы.
Аўтар работ належыць да творчай суполкі маладзечанскіх мастакоў, адметны талент і духоўны свет якіх азораны філасофскім поглядам на жыццё і мастацтва. Маляваннем захапіўся яшчэ ў дзяцінстве. Пасталеўшы, працягнуў займацца творчасцю ў Віцебскім педагагічным інстытуце на мастацка-графічным факультэце.
Мікола Аўчыннікаў — тонкі лірык, і гэта яскрава бачна ў шматлікіх работах, дзе празрыстыя колеравыя адценні гавораць пра ўзвышаны стан душы мастака, якому ўдалося зберагчы высокае і чыстае пачуццё годнасці, абавязку перад Бацькаўшчынай.
Дзяржынскі раён
Салдацкая каша і танец агню
Фаніпаль адзначыць Дзень горада. Свята пройдзе 6 кастрычніка ў цэнтральным скверы пасёлка. Пачатак — у 13.00.
Салдацкую кашу, дзіцячыя атракцыёны, фаер-шоу і гандлёвыя рады абяцаюць жыхарам і гасцям горада арганізатары. У праграме і выставы, вялікі канцэрт, кірмаш ураджаю, спартыўная фітнес-праграма і сямейныя гульні ад Наталлі Наважылавай, а таксама танцавальны флэшмоб.
Фаніпаль вядомы з пачатку XIX стагоддзя ў складзе Самахвалавіцкай воласці Менскага павета. Паводле падання, цяперашнюю назву атрымаў ад імёнаў дачок мясцовага пана Багдашэўскага — Фані і Полі.
Лагойскі раён
Запрашае восеньскі кірмаш
Днямі вялікага гандлю вызначаны ў Лагойску 6 і 13 кастрычніка, а таксама 3 лістапада.
У гэты час на плошчы 8 Сакавіка пройдуць традыцыйныя восеньскія кірмашы з удзелам мясцовага райспажыўтаварыства, раённага камбіната бытавога абслугоўвання, сельскагаспадарчых і прамысловых арганізацый, прыватных прадпрымальнікаў. Пакупнікам прапануюць сельскагаспадарчую прадукцыю, а таксама насенне, пасадачны матэрыял, прамысловыя і харчовыя тавары, вырабы народных майстроў. Кірмашы будуць пачынаць сваю працу а 9-й гадзіне раніцы.
Мінскі раён
Да 400-годдзя буквара
Выстава «Першая крыніца. Да 400-годдзя беларускага буквара» адкрылася ў Заслаўскім гісторыка-культурным музеі-запаведніку.
На ёй можна ўбачыць буквары ХХ стагоддзя для дзяцей і дарослых, факсімільныя выданні кніг Францыска Скарыны і першага беларускага буквара, надрукаванага ў Еўі ў 1618 годзе. Усе экспанаты — з фондаў гісторыка-культурнага музея-запаведніка і Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь. Выстава будзе працаваць для наведвальнікаў да 23 кастрычніка.
Валожынскі раён
«Дзве зоркі» на адной сцэне
Валожынскі раённы Цэнтр культуры запрашае жыхароў рэгіёна прыняць удзел у фестывалі-конкурсе эстраднай песні «Дзве зоркі».
Не ўяўляеце свайго жыцця без песні і музыкі, заўсёды хацелі паспрабаваць сябе на сцэне, альбо ўжо даўно прафесійна спяваеце і выступаеце? Тады гэты конкурс для вас! Заяўкі прымаюцца да 15 кастрычніка. Падрабязнасці — па тэлефонах: 8 (01772) 55-8-34, 54-2-30.
Марына СЛІЖ