Эдзі Агняцвет пісала пераважна для дзяцей. 11 кастрычніка пісьменніцы споўнілася б 105 гадоў.
Нарадзілася Эдзі ў сям’і служачых. Скончыла сямігодку, працавала на мінскім заводзе «Камунар», вучылася ў будаўнічай прафтэхшколе. Скончыла крытыка-творчае аддзяленне літаратурнага факультэта Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута, завочна вучылася на педагагічным аддзяленні літфака педінстытута, працавала рэдактарам Беларускага радыё, кансультантам у кабінеце маладога аўтара СП БССР, у аддзеле паэзіі часопіса «Полымя рэвалюцыі».
Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла ва Узбекістане. У 1945—1946 гадах працавала ў Дзяржаўным выдавецтве БССР. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1937 года).
Дэбютавала вершамі ў 1929 годзе. Выдала больш за 30 кніг.
Аўтар лібрэта опер для дзяцей «Джанат» (1962, ставілася ў 1944-м, 1947-м, 1974-м), «Марынка» (урыўкі ў 1958-м, пастаўлена ў 1956-м).
Пераклала на беларускую мову асобныя творы А. Пушкіна, М. Някрасава, У. Маякоўскага, М. Ушакова, Г. Ахматавай, А. Барто, Л. Украінкі, М. Бажана і іншых.
Узнагароджана ордэнам «Знак Пашаны», медалямі, міжнародным Ганаровым дыпломам імя Х. К. Андэрсена за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда».