Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Сібіракі па ўласнаму жаданню

Ехалі ў Сібір, а патрапілі ў Беларусь. Такое было ўражанне ў нас, удзельнікаў прэс-тура «Беларуская дыяспара Прыбайкалля: аўтарытэт, актыўнасць, самабытнасць», калі мы ўбачылі гэты вялікі і яркі, з нацыянальным арнаментам, паказальнік. Дарэчы, намеснік старшыні іркуцкай гарадской грамадскай арганізацыі «Беларускі клуб «Крывічы» Алег Рудакоў устанавіў яго за свае сродкі ў 2003 годзе. Вёску Тургенеўку ў Баяндаеўскім раёне Іркуцкай вобласці без азначэння «беларуская» амаль ніхто і не называе. Куточак сапраўды ўнікальны — носіць імя вядомага рускага пісьменніка, месціцца сярод спрадвечна бурацкіх зямель, і жывуць тут людзі паводле запаведзяў не мясцовых. Хто яны, беларускія сібіракі, — чытайце ў рэпартажы.

Тургенеўка прываблівае ўсё больш турыстаў. Вандроўнікі, што кіруюцца на Байкал, не могуць праехаць міма. Потым, наведаўшы вёску, усім расказваюць, як знайшлі ў Сібіры Беларусь, якія душэўныя песні спяваюць удзельнікі двух калектываў, што за ўнікальныя экспанаты сабраны ў вясковым музеі, чаго давялося прадэгуставаць з тутэйшых прысмакаў і якія прадукты абавязкова варта набыць яшчэ з сабой.

Госці сталі завітваць у вёску часцей, калі, як расказаў кіраўнік муніцыпальнага ўтварэння «Тургенеўка» Віктар Сінкевіч, іх праект у маштабах Іркуцкай вобласці перамог у намінацыі «Лепшы маршрут па сельскай мясцовасці». І перакананы, што іх будзе яшчэ больш: ужо пададзены дакументы ў Асацыяцыю самых прыгожых вёсак Расіі. Для жыхароў Тургенеўкі вёска і без вердыкту асацыяцыі — самая прыгожая.

Вуліца Савецкая — галоўная ў вёсцы і самая шырокая, нібыта праспект. Паабапал яе, як па лінеечцы, стаяць дамы.

Амаль перад кожным — невялічкі палісаднік, і абавязкова лаўка. Што прыцягвае ўвагу — вокны. Іх шмат — да чатырох на адной сцяне дома, а яшчэ ліштвы на іх. Простая разьба — ромбы, зорачкі, кола, кветачкі, лісты, але прыгожая. Удзельнікі іркуцкага клуба «Крывічы» падзяліліся назіраннем, якое яны зрабілі падчас этнаграфічных вандровак па Іркуцкай вобласці: калі ў вёсцы хаты стаяць у строгім парадку, там абавязкова жывуць беларусы.

Спыняемся каля невялічкага Дома культуры. У двары — помнік воінам Вялікай Айчыннай. На адным баку — прозвішчы тых, хто аддаў жыццё ў баях, мажліва, хто і пахаваны на радзіме — у Беларусі. На другім — спіс тых, каму пашчасціла вярнуцца ў родную вёску. Ён, на жаль, значна меншы за першы.

Нас вітаюць жанчыны ў беларускім нацыянальным адзенні, з караваем у руках. Гэтыя прыгажуні — удзельніцы народнага фальклорнага хору «Варэнічкі» (кіраўнік — Ксенія Васільева). Спяваць у вёсцы любяць і ўмеюць, у гэтым мы пераканаліся на свае вушы. Хор існуе тут ужо больш за 60 год, а званне «народны» атрымаў 20 год таму. У рэпертуары багата песень на беларускай мове.

— Адкуль так добра беларускую мову ведаеце? — пытаюся ў артыстак і чую ў адказ: «Ёсць размоўнікі, даведнікі. Таксама з іркуцкім клубам «Крывічы» стасуемся, святы народныя разам праводзім. Яшчэ слухаем, як прыгожа спявае на мове Лідзія Іванаўна Макарэвіч — старэйшая жыхарка вёскі, ёй ужо 85 год. Запісваем яе напевы. У розных вёсках — розная гаворка. Дзе больш «ці» чуеш, а ў кагосьці часцей «чы» гучыць.

Любоў Парфёнава, дырэктар мясцовага Дома культуры, вучыла беларускія словы са сваёй бабуляй Лёксай — Аляксандрай Іванаўнай Магуйла.

Беларусы з прозвішчам МАГУЙЛА, адгукніцеся! Можа, у вашым родзе былі перасяленцы ў Сібір па сталыпінскай рэформе? Вас шукаюць родныя, якія зараз жывуць у вёсцы Тургенеўка Іркуцкай вобласці.

— Бабулі было чатыры гады, а дзядулю пяць, калі яны з бацькамі прыехалі ў Сібір з Гродзенскай губерні, — распавядае гісторыю перасялення сваіх продкаў у іркуцкі край жанчына. — Бабуля расказвала, што доўга ехалі ў вагонах. Пасяліліся ў вёсцы Лідзінск, што за 20 кіламетраў адсюль. Іх дом стаяў каля рэчкі і млына. Бацькі працавалі ў полі, і яна маленькая ўжо наймалася на працу да буратаў: пасвіла кароў, авечак. У заробак атрымлівала харчы, абутак. Памятаю, што яна той абутак называла «ічыкі». У параўнанні з Беларуссю тут вельмі лютая зіма, і бураты ім дапамагалі абжывацца. Нашы сем’і да гэтага часу сябруюць. Бураты для нас — радня.

Любоў ніколі не была на радзіме продкаў, з’ездзіць туды — яе найвялікшая мара. А яшчэ — знайсці каго з роду Магуйлаў у Беларусі. Хоць нарадзілася яна ў Сібіры, але любоў да Сінявокай, здаецца, перадалася ёй па крыві, а затым і яе траім дзецям. Як самую каштоўную рэліквію захоўваюць яны ручнікі, вышыванкі, ды шлюбную сукенку, што бабуля вышывала. Гэтым рэчам ужо сто год.

— Любім сям’ёй удзельнічаць у розных конкурсах і праектах, — гаворыць Любоў і паказвае альбом з рэцэптамі беларускіх страў, якія яна занатавала ад сваёй бабулі Лёксы. — Усё дзяцінства смакавала я бабулін хлеб, спечаны на капусных лістах, а яшчэ бабу з бульбы і духмяную крупеню.

Што ў тургенеўцаў атрымліваюцца выдатныя дзеруны, каўбаса пальцампханая, жавараначкі з цеста, ацанілі мы падчас абеду, які для нас прыгатавалі ўдзельніцы хору «Варэнічкі». Стол ламіўся ад страў — такіх вядомых нам з дзяцінства. А я не магла адарвацца ад талеркі журавін у мёдзе. Ды калі яшчэ ў яе каўбасу пальцампханую абмакнуць — смаката!

Сёння ў Тургенеўцы жыве каля 600 чалавек, а некалі было больш за тысячу. Калі тут утварыўся калгас, ён хутка стаў адным з самых багатых у раёне — мільянерамі іх называлі. Перадавыя працаўнікі гаспадаркі ўзнагароджваліся пуцёўкамі ў Польшчу ды Балгарыю. І шмат у каго з калгаснікаў быў аўтамабіль — раскоша і дэфіцыт у савецкі час.

— Такія яны, беларусы, вялікія працаўнікі, — робіць выснову загадчыца вясковага гісторыка-этнаграфічнага музея Валянціна Гурэўская, знаёмячы нас з яго экспазіцыяй.

Дарэчы, бацька яе свёкра — Навум Гурэўскі — быў хадаком, першы адправіўся ў разведку ў невядомую Сібір. Мясціны яму спадабаліся. Вярнуўшыся дадому, ён так захапляльна расказваў пра прыгожую, багатую новую зямлю, што многія рызыкнулі і адправіліся ў няблізкі свет. Больш за тры месяцы яны жылі ў вагонах: выехалі ў лютым, а на месца прыехалі ў маі (па норме ў адным маглі знаходзіцца 40 чалавек, для жывёлы была іншая лічба — да 8 коней). Вядома, нашы людзі многа чаго сцярпелі, бо ў Сібіры ім Сталыпін абяцаў рай: вялікі надзел вельмі ўрадлівай зямлі, грашовую пазыку. Але ніхто ім не расказваў пра мясцовае надвор’е — лютыя маразы да -50˚ і засушлівае лета.

Спіс першых перасяленцаў вісіць у рамачцы ў музеі — гэта мясцовыя героі, заснавальнікі вёскі. Калі лічыць па прозвішчах, дык ехалі цэлым родам — Быцко Іван, Мікалай, Давід; Карчэўскія Іван, Мікіта, Рыгор; Цюшкевічы — Міхаіл, Фёдар, Іван, Нікан і Алена. Дарэчы, адзіная жанчына ў спісе з 55 чалавек. Напэўна, таму, што зямлю выдзялялі галаве сям’і — мужчынам. У пачатку XX стагоддзя сюды прыехала каля 60 сем’яў з Пружанскага павета Гродзенскай губерні. Усяго за 1907—1911 гады з Беларусі ў Сібір перасялілася звыш 350 тысяч чалавек.

— Прыехалі людзі ў 1909 годзе зусім на голае месца, — пераказвае нам Валянціна Васільеўна тое, што яна неаднойчы чула ад старажылаў вёскі. — Вакол была тайга. Выкапалі сабе зямлянкі і жылі ў іх разам з дзецьмі. Валілі лес, ставілі хаты. Літаральна праз два гады ўсе ўжо жылі ў сваіх хатах. І тады ж сталі думаць, як навучыць сваіх дзяцей грамаце. Мудрыя былі людзі. Ужо ў 1913 годзе дзеці селі за парты.

Школа неаднойчы з таго часу пераязджала, не так даўно справіла наваселле ў новенькай двухпавярхоўцы. А калі ёсць школа — не памрэ вёска. І будзе ў Тургенеўцы яшчэ доўга гучаць беларуская мова.

Сёння праўнукі перасяленцаў вывучаюць яе ў школе разам з настаўніцай пачатковых класаў Наталляй Анатольеўнай Цюшкевіч. Яна ж кіруе дзіцячай фальклорнай студыяй «Ручнічок». Юныя артысты — прызёры розных конкурсаў, арганізатары беларускіх святаў.

Вясковаму музею ўжо 16 год. Якраз 18 кастрычніка адбылося яго ўрачыстае адкрыццё. Пачынаў яго будаваць у 1998 годзе яшчэ кіраўнік калгаса Віталь Цімафеевіч Елікаў, але завяршыць задуманае ў яго не атрымалася, нялёгкія для калгаса часы пачаліся. Мару многіх тургенеўцаў дапамог спраўдзіць Уладзімір Кузьміч Якавенка. Але, мажліва, не было б нічога, каб не апантанасць настаўніцы пачатковых класаў Маргарыты Гурэўскай, якая захапіла дзяцей і калег ідэяй захаваць гісторыю сваіх продкаў не толькі на словах, а і ў рэчах, дакументах. Спачатку тургенеўцы без вялікай ахвоты дзяліліся сямейнай памяццю, а затым сталі самі прапаноўваць рарытэты.

Сабралася багатая калекцыя, магчыма, адзіная ў свеце. Уражвае ложак драўляны. Гавораць, што ён зроблены без адзінага цвіка, і яго, разборны, прывезлі з Беларусі. Альбо паліто з авечай воўны. Яму ўжо 100 год, але яно яшчэ сагрэе ў сібірскія маразы.

Сённяшнія жыхары Тургенеўкі, як і яе заснавальнікі, — вялікія працаўнікі. У кожнай сям’і цэлая гаспадарка — карова, конь, свінні, птушкі розныя. У агародах расце тое ж, што і ў нас: рэпа, морква, буракі, агуркі, памідоры, гарох, бабы, верас, капуста і бульба — вядома ж, бульбашы! Яна ды кіслая капуста з салам — традыцыйная ежа для гэтых мясцін. Што б яшчэ марылі бачыць у сваім агародзе тургенеўцы — яблыні. Селекцыянеры ўжо вывелі марозаўстойлівыя сарты, аднак вырасціць дрэва ўсё роўна ў гэтым клімаце вельмі складана.

У наступным годзе жыхары Тургенеўкі будуць святкаваць 110-годдзе вёскі. І будуць узгадваць, чаму ж яна так завецца. Мы пачулі дзве версіі. Нібыта атрымала яна назву ад Тургэна, які беларусаў тут зямлёй надзяляў. Мне здаецца, што лагічная версія наступная: чалавек, які наразаў надзелы, вельмі любіў сучасную літаратуру, так у акрузе з’явіліся «літаратурныя» пасяленні. Побач з Тургенеўкай — Талстоўка, Гогалеўка.

Азірнешся — во дзіва, нібыта з Беларусі і не выязджалі. Такія знаёмыя воку пагоркі, палі, лес, дарога… Але ж мы за 6 тысяч кіламетраў ад Мінска, у цэнтры Сібіры. Напэўна, нашы землякі-перасяленцы так сумавалі па сваёй радзіме, што сібірскае наваколле ператварылася ў беларускае — па іх успамінах. Але сённяшні навакольны малюнак зусім не той, што ўбачылі нашы людзі, калі прыехалі сюды ў 1909 годзе. Тут была тайга — дзікі, цяжкапраходны лес. Нялёгка гэта сёння ўявіць, бо навокал такі прастор. За сто год шмат што змянілася.

Святлана КІРСАНАВА

Фота аўтара

15 1

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте