Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Аднаўленне святыні. Як ратавалi храм у вёсцы Магільна

Айцец Алексій і матушка Юлія на будоўлі новага храма

Лёс храмаў Беларусі няпросты. Многія з іх не перажылі XX стагоддзе. Закранулі гады ліхалецця і прыгожы пяцікупальны храм у вёсцы Магільна.

У пісьмовых крыніцах храм Свяціцеля Мікалая Цудатворца згадваецца з 1800 года. На жаль, у 1938-м ён быў разбураны. З цягам часу на тым месцы з’явіўся будынак, у якім размясцілася кантора сельгаспрадпрыемства, аддзяленне «Беларусбанка». Але мясцовыя жыхары не страчвалі надзею на аднаўленне храма. Сёння згубленую святыню ставяць на новым месцы, прытрымліваючыся традыцый драўлянага дойлідства XVII—XVIII стагоддзяў. Сёлета валанцёрскі дэсант Мінскай вобласці ў рамках рэспубліканскага праекта БРСМ «Аднаўленне святынь Беларусі» пасадзіў «Алею дабрыні». Паводле слоў настаяцеля прыхода айца Алексія, яблынькі сталі першымі дрэўцамі будучага парку, які будзе пасаджаны вакол новай царквы.

— Хтосьці спытае: у чым мэтазгоднасць будаўніцтва храма ў вёсцы, дзе большасць дамоў — дачы? Раней ён тут быў, прыгожы, велічны, з багатым унутраным убраннем, сярэбранымі рэчамі, вышытай срэбрам плашчаніцай, ахвяраванай княгіняй Агінскай, — гаворыць іерэй Алексій. — Сёння службы праходзяць у прыстасаваным пад храм памяшканні былой швейнай майстэрні, якое знаходзіцца ў занядбаным стане: падлога прасела, вугал адвальваецца. Укладваць грошы ў рамонт сэнсу няма. Таму і вырашылі будаваць новы храм. З цягам часу на гістарычным месцы плануем паставіць памятны крыж.

Удзел у будоўлі прымаюць мясцовыя жыхары, якія прыбіраюць смецце, пілавінне. Сельгаспрадпрыемства «Наднёман» выдзяляе тэхніку. Насустрач ідзе і кіраўніцтва раёна. Засталося пакласці пяць вянкоў зруба да франтона.

Грашовыя сродкі на будаўніцтва ахвяруюць прыхаджане. Сярод іх не толькі мясцовыя жыхары, але і прыезджыя — з Узды, Мінска, іншых населеных пунктаў, якія з задавальненнем наведваюць невялікую вясковую царкву, бо тут няма мітусні, натоўпу людзей, пануе цішыня і спакой. На дабрачынны рахунак грошы паступаюць і з Расіі, Славакіі, штата Аляска ЗША.

— Знаёмства з жыхарамі Аляскі адбылося тут, у Магільна, — расказвае айцец Алексій. — Мы з матушкай прыбіралі пілавінне на будоўлі. У гэты час пад’ехала жанчына на веласіпедзе, прапанавала дапамагчы. Потым паклікала сваіх дзяцей. Падчас сумеснай працы высветлілася, што нашы памочнікі — беларусы, якія даўно жывуць у Штатах, прыехалі ў Магільна да родзічаў толькі на адзін дзень. З тае пары мы сябруем. А ў жыхароў Славеніі тут дача, на якую яны прыязджаюць падчас водпуску, дапамагаюць на будоўлі.

Будаўніцтва храма — цяжкая задача не толькі ў матэрыяльным, але і ў духоўным плане. Новы храм падобны на свечку, запаленую ў цемры. Калі ён будуецца, значыць Гасподзь даў людзям шанц стаць лепшымі. Цуд, шчасце, вялікі дар — удзельнічаць у будоўлі храма, і той, каму выпаў гонар здзяйсняць гэта, павінен выкарыстаць такую магчымасць. Нездарма кажуць, што храмы будуюць не людзі, а святыя, якія выбіраюць тых, хто дастойны ажыццявіць іх волю.

На­тал­ля КЛІ­МО­ВІЧ

4 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте