Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Культура, Регион
Арыгінал невядомага верша Багдановіча навукоўцы шукаюць у Літве і Расіі

Літаратуразнаўцы Беларусі і Расіі знайшлі невядомы верш Максіма Багдановіча на рускай мове. Навукоўцы сцвярджаюць, што гэта пераклад, зроблены самім паэтам. Арыгінал даследчыкі плануюць шукаць у архівах Літвы і Расіі. 

Верш быў знойдзены выпадкова — пад час падрыхтоўкі кнігі “Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі”.

— Год назад у Маскве, прыкладна ў гэты час, праходзіў міжнародны медыяфорум, у якім я таксама прымала ўдзел, — расказвае вядучы навуковы супрацоўнік Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Ірына Мышкавец. — Выступала з дакладам, прысвечаным стасункам нашага музея з установамі Расіі, нагадала пра сяброўства Багдановічаў з сям’ёй Горкага, прапанавала арганізаваць выставачны або выдавецкі сумесны праект, паколькі ў 2018 годзе святкуецца 150-годдзе з дня нараджэння расійскага пісьменніка.  Тым болей, што ў фондах нашага музея захоўваецца шмат матэрыялаў, звязаных з Максімам Горкім. Гэта ўспаміны Адама Багдановіча, бацькі Максіма, чарнавікі яго лістоў да Горкага, фотаздымкі.

Ідэю падтрымаў Пастаянны Камітэт Саюзнай дзяржавы, і супрацоўнікі Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук і Літаратурнага музея Максіма Багдановіча пачалі рыхтаваць да выдання кнігу “Максім Горкі і Адам Багдановіч: сяброўства, народжанае на берагах Волгі”. У працэсе падрыхтоўкі выдання Дар’я Сяргееўна Маскоўская, намеснік дырэктара Інстытута сусветнай літаратуры Расійскай Акадэміі навук, і знайшла рукапісны сшытак перакладаў вершаў на рускую мову Максіма Багдановіча.

— Сшытак невялікі, на тытульнай старонцы зверху надпіс “Максім Багдановіч”. Усяго ў гэты зборнічак уваходзяць 8 перакладаў уласных вершаў паэта на рускую мову. Сем вершаў нам вядомы, яны нават апублікаваны ў першым поўным Зборы твораў Максіма Багдановіча, — тлумачыць Ірына Мышкавец. — Гэта вершы “Уж синее небо темнеет…”, “Прочтите с участием эту…”, “Триолет”, “Дед”, “Белым цветом одета калина…”, “Слышишь гул? Это дико-печальный лесун…”, “Подними к небесам свои взоры…”. А восьмы верш з “маскоўскага сшытка” нам невядомы. Але ж калі ёсць пераклад, павінен быць і “беларускі” арыгінал.

Ірына Мышкавец удакладняе: спецыяльных экспертыз почырку, якія б далі гарантыю, што сшытак насамрэч належаў Максіму Багдановічу, не рабілася. Але ёсць ускосныя доказы…

— У фондах нашага музея захоўваецца рукапісны сшытак “Зеленя” з перакладамі ўласных вершаў Максіма Багдановіча. У свой час ён падараваў гэты сшытачак сваёй стрыечнай сястры Нюце Гапановіч. Па ўспамінах бацькі паэта, Максім падараваў Нюце свой зборнік “Вянок” і папрасіў ацаніць вершы. Але яна адказала, што не можа гэтага зрабіць, бо не ведае беларускай мовы. Тады спецыяльна для яе Максім і зрабіў сшытак “Зеленя ” з перакладам сваіх вершаў. А цяпер нам трапіў другі такі ж сшытак. Дык вось, калі параўнаць манеру афармлення — яны падобныя. Таму мы можам сцвярджаць, што “маскоўскі” зборнік перакладаў — арыгінальны.

Да таго ж, ёсць звесткі, што гэты сшытак павінен быў знаходзіцца ў Максіма Горкага. Беларускі паэт мог дасылаць свае творы яму для апублікавання. У лісце Максіму Горкаму 12 ліпеня 1925 года Адам Багдановіч піша аб падрыхтоўцы выдання першага поўнага Збору твораў М.Багдановіча: «Сейчас по поводу одной жертвы — моего Максима — делаю скучнейшее дело: листаю номера ярославского “Голоса”, выискивая его статьи для Инстит. Белорусск. Культуры. Работа гробокопательная. Между прочим — Максим в 13 или 14 году писал Вам и вероятно послал книжку своих стихов. Не сохранилось ли у вас его письма? Не дадите ли Вы о нем или его стихах коротенького отзыва? Белорусы были бы весьма обрадованы».

4 жніўня 1925 года з Сарэнта Максім Горкі адказаў Адаму Багдановічу: “Максим не писал мне, и книги своей не посылал”.

— Але ж, магчыма, Горкі проста не бачыў гэтага сшытка. Справа у тым, што Багдановіч адправіў яго на маскоўскі адрас таварыства “Знание”, а сам Максім Горкі ў той час знаходзіўся ў Сарэнта. У таварыстве маглі згубіць сшытак, адправіць у архіў. Паколькі Багдановіч быў даволі сціплым чалавекам, ён не ўдакладніў, ці дайшлі вершы да адрасата, — кажа Ірына Мышкавец.

Знойдзены сшытак з вершамі Максіма Багдановіча — гэта сапраўдны падарунак багдановічазнаўцам. Але ж трэба шукаць беларускі арыгінал. Пытанне ў тым, дзе ён можа быць?

— Варыянтаў некалькі. На пачатку 20 стагоддзя беларускамоўная прэса была прадстаўлена газетай “Наша Ніва” і часопісам “Маладая Беларусь. Мы дакладна ведаем, што ў часопісе гэты верш не публікаваўся. Што датычыцца “Нашай Нівы” — у тых 52-ух нумарах газеты, што нам даступны, верша таксама няма. Але ж Максім Багадновіч мог адправіць у рэдакцыю верш, ды толькі яго не паспелі надрукаваць. Тады ён можа захоўвацца ў архівах газеты. Вядома, што частка архіва “Нашай Нівы”, у тым ліку лісты Максіма Багдановіча, некаторыя яго вершы і пераклады знаходзяцца ў беларускім фондзе Бібліятэкі Акадэміі навук Літвы імя Урублеўскіх.

Не выключана, што беларускі арыгінал невядомага верша Багдановіча захоўваецца ў адным з расійскіх музеяй ці архіваў. Класік беларускай літаратуры амаль семь гадоў пражыў у Яраслаўлі, 12 — ў Ніжнім Ноўгарадзе. Таму ёсць надзея, што невядомы верш Багдановіча раней або пазней усё ж аб’явіцца.

— Можа быць і так, што ён увогуле не захаваўся. У 1918 годзе дом Багдановічаў у Яраслаўлі згарэў, і разам з ім была знішчана частка архіва паэта. Як пісаў Адам Ягоравіч, баул з вершамі паэта паспелі знесці на лёд, але некаторыя старонкі абгарэлі і сталі нечытальныя. Магчыма, сярод гэтых нечытальных лістоў і быў невядомы нам верш, — дзеліцца думкамі Ірына Мышкавец. — Але ж пошукі адмяняць нельга. У наступым годзе, пры наяўнасці фінансавання і згодзе кіраўніцтва, плануем камандзіроўку ў Літву, Яраслаўль і Ніжні Ноўгарад. Будзем спрабаваць знайсці арыгінал верша, шукаць іншыя матэрыялы, якія датычаць Максіма Багдановіча.

Пакуль жа музейшчыкі вымушаны працаваць з электроннай копіяй унікальнага твора. Сшытак з перакладамі вершаў на рускую мову па-ранейшаму знаходзіцца ў Маскве. Як патлумачыла Ірына Мышкавец, супраўнікі музеяў і архіваў не растаюцца са сваімі каштоўнасцямі.

— Спадзяёмся, што Інстытут сусветнай літаратуры Расійская Акадэміі навук зробіць нам падарунак і перадасць гэта сшытак хаця б у электронным выглядзе, — расказвае Ірына Мышкавец. — Хацелася б таксама атрымаць дазвол на выкарыстанне гэтай электроннай копіі ў прэзентацыях, выставах, імпрэзах. Магчыма, калі-небудзь мы зможам дамовіцца з Інстытутам сусветнай літаратуры і прывезці зборнік у Мінск, каб паказаць баларускім прыхільнікам творчасці паэта.

Галіна ГРЫЦКЕВІЧ

Фота: Літаратурны музей Максіма Багдановіча

7 1

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте