Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Еда, Регион
Кісялі, бульбяны дэсерт і «пячэнне ката» — культавыя стравы Вілейшчыны

Здаўна на Вілейчшыне варылі кісялі з журавін, брусніц, каліны. А яшчэ гатавалі дэсерт з бульбы і «пяклі ката». МЛЫН.BY расказвае аб стравах, якія набылі ў краі статус культавых.

Кісель нажом рэзалі

Статус культавай стравы набылі на Вілейшчыне кісялі з журавін, з брусніц і каліны. Кісель з журавін, такі густы, што яго трэба было рэзаць нажом, яшчэ да 1970-х гадоў у вёсках Асіпавічы і Швяды на берагах Віліі, ля ракі Нарачанкі — у вёсках Ганута і Доўгае — быў абавязковай стравай на вяселлях. Кісель з журавін на талерцы падавалі зяцям і сватам. А рэдкі кісель у збанках — ужо астатнім гасцям. Паміж рэкамі Сэрвач і Вілія перавагу аддавалі кісялям з брусніц. Ля самой Вілейкі (вёска Гліннае) любілі кісялі з каліны.

Дэсерт да бульбы

Зямля на Вілейшчыне шмат дзе бедная — амаль адзін пясок. Хлеба ў многіх людзей хапала толькі да Калядаў. І вось  тры стагоддзі таму з Захаду і Амерыкі прыйшла новая агракультура — бульба. На Вілейшчыне захаваўся звычай падаваць да бульбы ў якасці дэсерту брусніцы. Акрамя грыбоў, гэтыя ягады ў 1940–1960-я гады нарыхтоўвалі на зіму цэлымі кадушкамі ў кожнай сялянскай сям’і. Потым па патрэбе брусніцы парылі ў печы ў асобным сагане. Варыва злівалі ў слоік ці гляк. Вараную бульбу на Вілейшчыне здавён, нават калі ў хаце была нішчымніца, ніколі не елі саму па сабе — запівалі бруснічным морсам, ужывалі параныя брусніцы ўпрыкуску.

Зімой «ката пяклі»

Калядны звычай ігрышчаў і кулінарны рэцэпт «Пячэнне ката» на Вілейшчыне захаваўся  яшчэ з дахрысціянскіх часоў. Ён звязаны з павелічэннем светлавога дня і такім чаканым абуджэннем прыроды. У іншых рэгіёнах Міншчыны «Пячэнне ката» таксама вядома, але толькі ў адзінкавых вёсках ці сем’ях, а вось у Вілейскім раёне нават у 1960-я гады «пяклі ката» на тэрыторыі некалькіх сельсаветаў. Выпякалі «Ваську» ў натуральную велічыню. Асобныя часткі булкі — «дзетародныя органы» ката — былі шчодра начынены соллю, перцам і каляндрай. Булка-кот падвешвалася пад столь праз бэльку, і хлопцам трэба было са скоку адкусіць менавіта прыпраўленую частку булкі. Самы спрытны, хто здолеў зрабіць гэта першым, меў права першым выбраць сабе пару — самую прыгожую дзяўчыну, з якой бавіў час на вечарыне і якую пасля ігрышчаў меў права праводзіць дадому.

Алена ПАШКЕВІЧ

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте