Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Новыя правiлы перавозак пачалi дзейнiчаць. Што змянiлася для уздзенскiх маршрутчыкаў

Новыя правілы аўтамабільных пасажырскіх перавозак пачалі дзейнічаць 12 кастрычніка. Змены не вельмі закранулі рэгулярных перавозчыкаў, бо яны і так ажыццяўлялі сваю дзейнасць у рамках прававога поля. А вось прыватнікам ёсць над чым задумацца. Магчыма, надышоў час пачынаць працаваць па-новаму.

Што ж змянілася? Усё проста: умовы работы становяцца сапраўды рыначнымі. А што такое рынак перавозу пасажыраў па маршруце рэгулярных зносін? Гэта адна з формаў дзяржаўнага заказу. Дзяржава абуладкоўвае і рамантуе дарогі, аўтобусныя прыпынкі, стварае іншую інфраструктуру для перавозак, таму і дыктуе ўмовы. Жадаеце працаваць па маршрутах рэгулярных зносін — калі ласка, толькі па правілах!

— Новаўвядзенні для нас, можна сказаць, і не новыя, бо мы працуем у рамках прававога поля даўно. У той жа час яны даюць магчымасць з упэўненасцю глядзець у будучыню і развівацца: абнаўляць аўтапарк, асвойваць новыя маршруты. А гэта толькі на карысць як нам, рэгулярным перавозчыкам, так і грамадзянам, — дзеліцца думкамі ўласнік мінскай фірмы-перавозчыка «ГЛЦ» Вадзім Жылінскі, які выконвае рэгулярныя пасажырскія перавозкі на Уздзеншчыне. Перавозка людзей — вялікая адказнасць, і тут павінна ўсё быць па закону. На жаль, некаторыя «нерэгуляршчыкі» распрацоўваюць схемы, каб абысці правілы. Безумоўна, ім гэта выгадна, бо няма кантролю за цэнаўтварэннем, раскладам руху, поўнай уплатай падаткаў. Сёння многія рэгулярныя перавозчыкі ўваходзяць у Асацыяцыю прафесійных перавозчыкаў пасажыраў, старшынёй якой з’яўляецца юрыст Кацярына Станкевіч. На агульных сходах абмяркоўваюцца розныя пытанні, уносяцца прапановы. Так, напрыклад, узнімалася гаворка пра аснашчэнне транспартных сродкаў прыватнай формы ўласнасці GPS-навігатарамі (гэта дазволіць адсачыць рэгулярнасць перавозак). Транспартныя сродкі нашага аўтапарка аснашчаны навігацыяй. Мы не маем права выязджаць у рэйс з адключаным GPS, бо аператар не будзе бачыць, як вадзіцель едзе па маршруце. Дастаткова адной такой «левай» паездкі — і нам скасуюць дагавор.

Адказны падыход да справы выклікае толькі павагу і ў той жа час дае тэму для роздуму іншым перавозчыкам. Акрамя «ГЛЦ» транспартныя паслугі ў раёне аказваюць ЧТУП «ФранАўта» і «УздаТрансПлюс». Паміж перавозчыкамі ідзе «барацьба» за кожнага пасажыра, але, згадзіцеся, здаровая канкурэнцыя ніколі не шкодзіла, а наадварот, падштурхоўвала аказваць паслугі якасна і добрасумленна. Па словах дырэктара ЧТУП «ФранАўта» Канстанціна Франевіча, менавіта такога прынцыпу ён прытрымліваецца ў рабоце.

— На рынку транспартных паслуг мы не адзін год. За гэты час з’явіліся пастаянныя кліенты, — расказвае Канстанцін Эдуардавіч. — Сярод нашых пасажыраў не толькі жыхары горада, але і вяскоўцы, якім іншы раз цяжка кудысьці дабірацца па сваіх справах, бо дзяржаўны аўтобус ходзіць толькі ў вызначаныя дні і гадзіны. А мы едзем нават у самую аддаленую вёску і дзеля аднаго пасажыра. Кожны дзень 7 новых машын (сёлета аўтапарк прадпрыемства абнавіўся. — Аўт.) адпраўляюцца у рэйс. Выязджаем туды, бо гэта неабходна жыхарам горада і раёна. І вельмі прыемна чуць ад іх словы падзякі. Пасажыры задаволены: чысты камфортны аўтамабіль, ветлівы вадзіцель. Я патрабую ад сваіх падначаленых адказнага стаўлення да работы. А тыя, хто не жадае прытрымлівацца правілаў, шукаюць іншае месца.

Сяргей Азаранка: хто лепш працуе, пакажа час і водгукі пасажыраў

Зазірнулі на адзін з аўтобусных прыпынкаў. За некалькі хвілін да адпраўлення маршруткі пагутарылі з вадзіцелем Сяргеем Азаранкам, які каля 8 гадоў займаецца перавозкай пасажыраў.

— Аўтамабіль новы, камфортны, з тэлевізарам. Пасля кожнага рэйса заўсёды наводжу ў ім парадак, бо некаторыя пасажыры пакідаюць паперкі ад цукерак, шалупінне ад семак… А ў салоне павінна быць чыста. Што да новаўвядзенняў, то размова пра іх ішла даўно. Але попыт выклікае прапановы. Людзі карыстаюцца нашай паслугай, значыць, нам давяраюць. У нашай рабоце гэта галоўнае.

Згадзіцеся, апошняе слова ўсё ж за пасажырамі. У прынцыпе, іх менш турбуе, легальная паездка ці не. Прыярытэтнымі тут з’яўляюцца хуткасць (жаданне апынуцца ў неабходным месцы своечасова), зручнасць (расклад і браніраванне месца, забяруць з любога прыпынку, нават ад дома).

Наталля Кажамячонак даўно карыстаецца паслугамі прыватных перавозчыкаў і тлумачыць чаму:

— Галоўнае пры выбары маршруткі для мяне — час адпраўлення. І тут не мае значэнне, мінскі перавозчык або мясцовы. Якасць абслугоўвання і кошт паездкі ў іх амаль аднолькавыя. Бывае, што да кагосьці цяжка дазваніцца, — еду на той маршрутцы, на якую пашчасціць заказаць білет. Калі ж прывязкі да часу адпраўлення няма, то перавагу аддаю мясцовым перавозчыкам.

Безумоўна, прыватныя маршруткі карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. Праўда, здараліся непаразуменні, спрэчкі. Напрыклад, розныя сітуацыі з білетам (яго ж неабходна здаць у бухгалтэрыю, каб атрымаць кампенсацыю за камандзіровачныя расходы), іншыя далікатныя моманты. Каб пасажырам пазбегнуць розных непрыемных сюрпрызаў, неабходна правільна выбіраць перавозчыка. Але гэта зусім іншая гісторыя…

Кампетэнтна

Намеснік дырэктара ДП «Мінаблпасажыртранс» Вадзім Дылько паведамiў:

— У адпаведнасці з артыкулам 9 Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 жніўня 2007 года «Аб аўтамабільным транспарце і аўтамабільных перавозках» Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь зацвердзіў «Правілы аўтамабільных перавозак пасажыраў». У артыкуле 35 гэтага дакумента адзначаецца: арганізацыя гарадскіх, прыгарадных, міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў рэгулярных зносін праводзіцца ў адпаведнасці з дагаворам, які заключаецца з заказчыкам або аператарам аўтамабільных перавозак пасажыраў па выніках конкурсу на права выканання рэгулярных аўтамабільных перавозак пасажыраў. Арганізацыя гарадскіх, прыгарадных, міжгародніх аўтамабільных перавозак пасажыраў рэгулярных зносін ажыццяўляецца мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, якія выступаюць заказчыкамі аўтамабільных перавозак пасажыраў у рэгулярных зносінах або па іх рашэнні аператарамі аўтамабільных перавозак пасажыраў (артыкул 32). Правілы дзейнічаюць з 2008 года. Новаўвядзенні, што набылі моц 12 кастрычніка, носяць удакладняючы характар, бо некаторыя нядобрасумленныя перавозчыкі скарысталіся зніжэннем кантролю і, калі можна так сказаць, «прачыталі» нарматыўныя акты з выгадай для сябе. Змены ў частцы навядзення парадку ў сферы аўтамабільных перавозак актуальныя, бо стала значна больш парушэнняў, якія ўплываюць на бяспеку пасажыраў. Апошняе ДТЗ пад Валожынам з удзелам маршруткі (у ім загінулі людзі) — яскравы таму прыклад. «Мінаблпасажыртранс», як адзіны аператар для пасажырскіх перавозчыкаў, выступае за паляпшэнне транспартнага абслугоўвання насельніцтва. Што да Уздзенскага раёна, то цяпер тут працуе адзін афіцыйны прыватны перавозчык.

Намеснік транспартнай інспекцыі па Мінску і Мінскай вобласці Алег Якшэвіч адзначыў:

— Асноўныя змены ў Правілах перавозкі пасажыраў закранулі ўсіх перавозчыкаў. З’явілася новае паняцце «валідатар» — прыстасаванне, прызначанае для пацвярджэння пасажырамі аплаты праезду праз электронны білет, прымяняецца пры аўтаматычнай сістэме аплаты праезду і яе кантролю. Вызначаны парадак браніравання месцаў і продаж білетаў. Па маршрутах рэгулярных зносін будуць выкарыстоўвацца электронныя білеты. Павялічыўся памер багажу да 100 х 60 х 40 сантыметраў. Для ажыццяўлення ўнутранай рэспубліканскай перавозкі людзей пры нерэгулярных зносінах абавязкова трэба афармляць спіс пасажыраў. Адпраўленне і прыбыццё аўтобусаў нерэгулярных зносін ажыццяўляецца ў месцах фарміравання груп пасажыраў, вызначаных мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, на пляцоўках для стаянкі аўтамабіляў, іншых аб’ектаў па дагаворы ці з пісьмовага дазволу гаспадара. Прыняцце Правілаў аўтамабільных перавозак пасажыраў у новай рэдакцыі садзейнічае атрыманню зразумелага ўсімі суб’ектамі механізму работы на рынку транспартных паслуг.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сергея ШАРАЯ

1 10

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте