Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Ратуйце ад спама! Уздзенскiя вулiцы заляпiлi папяровымi аб’явамi

Рэклама, як вядома, рухавік прагрэсу. Вось толькі і ў гэтай сферы ёсць свае абмежаванні. Напрыклад, забаронена расклейваць рэкламныя аб’явы на слупах лініі электраперадачы — каб не адцягваць увагу вадзіцеляў, на сценах будынкаў — каб не сапсаваць знешні выгляд дома. Ці прытрымліваюцца рэкламадаўцы ўстаноўленых заканадаўствам правілаў? Карэспандэнт МЛЫН.BY паспрабаваў разабрацца.

Далёка ісці не трэба. На вулiцах Узды рэкламныя аб’явы паўсюль — на слупах, агароджы вакол павільёнаў, што на бульвары Дзяржынскага, нават на дрэвах. А раней на іх нават не звярталі ўвагі. Можа, таму, што занадта шмат у нашым жыцці гэтай рэкламы. Тэлевізар, інтэрнэт, мабільны тэлефон — дзе толькі яе няма. Адчыніш паштовую скрыню — і пасыплецца рознакаляровы глянцавы «рухавік прагрэсу».

Але большасць рэкламадаўцаў аддаюць перавагу ўсё ж вулічнай рэкламе: танна, надзейна, і ўбачаць многія. Самыя клапатлівыя абклейваюць яе скотчам, каб ветрам не здзьмула або дажджом не размыла. На Чырвонай плошчы, вуліцах Савецкай, Навіцкага, бульвары Дзяржынскага рэкламных аб’яў яшчэ больш. Амаль кожны слуп, аўтобусны прыпынак стракацяць: «Купляем валасы», «Грошы ў пазыку», «Перацяжка і рамонт мэблі», «Прадам…», «Куплю…» Праўда, гэтыя невялікія рэкламныя лісты з нумарамі тэлефонаў усё часцей пачалі размяшчаць як мага вышэй, мабыць, таму, што так лепей бачыць і павісіць даўжэй.

Адносіны да вулічнай рэкламы з боку уздзенцаў розныя. Адны лічаць яе рухавіком гандлю, другія — перашкодай. Ёсць такія, каму падабаюцца банеры, на думку іншых, сацыяльнай рэкламы на вуліцах горада ўжо занадта, а вось пра Уздзеншчыну, яе знакамітых людзей — недастаткова.

Але большасць людзей усё ж прызнае, што рэклама павінна быць. Гараджане, дзякуючы розным камерцыйным прапановам, становяцца больш інфармаванымі, могуць выбраць лепшы варыянт. А каб рэклама «працавала», неабходна, каб яе ўбачыла вялікая колькасць жыхароў горада і раёна. Таму і размяшчаецца яна дзе папала, што выклікае незадаволенасць грамадзян. Асабліва ў жыхароў шматкватэрных дамоў, дзе дзверы ў пад’езд часта «ўпрыгожаны» рэкламнымі абвесткамі ў некалькі слаёў. А побач вісіць спецыяльная дошка з надпісам «Аб’явы», якую ўстанавілі работнікі камунгаса або самі жыльцы пад’езда.

— Я супраць рэкламы нічога не маю, але яна павінна размяшчацца ў спецыяльных месцах. Іх у горадзе шмат, — гаворыць жыхар райцэнтра Аляксандр Ананіч. — А хаатычнасць толькі псуе знешні выгляд вуліц. Не так даўно стаў сведкам, як маладыя хлопцы наклеілі рэкламу, а потым зрабілі фота здымак для справаздачы, бо ім за гэта плацяць грошы. На маё пытанне, чаму павесілі ў непрызначаным для гэтага месцы, толькі паціснулі плячамі і паехалі. Не павінна так быць! Наш горад прыгожы, сучасны, а гэты «дзікі рухавік прагрэсу» яго забруджвае. Рэкламу трэба вешаць на дошках для аб’яў і, пры неабходнасці, афармляць афіцыйна. Гэта павінна стаць правілам. І калі кожны будзе яго выконваць, стане чысцей і ўтульней.

— Рэклама — павеў часу. Але калі яе шмат і яна расклеена хаатычна, гэта выклікае зразумелую незадаволенасць людзей, — адзначае намеснік начальніка аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі, архітэктуры і будаўніцтва райвыканкама Наталля Бушко. — У адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам на размяшчэнне рэкламы трэба атрымаць дазвол у райвыканкаме, выдаецца пашпарт, вызначаецца месца для размяшчэння і ўказваецца памер платы. Сацыяльная рэклама, якую даюць міліцыя, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, газавая служба, іншыя, таксама праходзіць узгадненне, але вывешваецца бясплатна.

Цяжкасці ўзнікаюць з прыватнай рэкламай. Размяшчаць яе жыхары горада і раёна павінны ў раённай газеце «Чырвоная зорка» або на дошках аб’яў, што вісяць каля пад’ездаў. Тумба на вуліцы Савецкай, дошка на бульвары Дзяржынскага прызначаны для інфармацыі ад кінатэатра «Кастрычнік», раённага Дома культуры. За размяшчэнне рэкламы ў іншых месцах прадугледжана пакаранне. Рэгулярна са спецыялістамі аддзела эканомікі мы праводзім сумесныя рэйды па выяўленні фактаў незаконнага размяшчэння рэкламы. Па выніках праверкі рэкламадаўцам накіроўваюцца прадпісанні, у якіх прапаноўваецца зняць сваю рэкламу. У выпадку невыканання патрабаванняў давядзецца заплаціць немалы штраф. Як правіла, рэкламадаўцы гэтыя патрабаванні выконваюць. Але прыходзяць новыя распаўсюджвальнікі, і ўсё паўтараецца. Цяжэй прыцягнуць да адказнасці іншагародніх рэкламадаўцаў.

І зразумела чаму. Часцей за распаўсюджванне рэкламы бяруцца школьнікі або студэнты, якім плацяць грошы. Ім даецца ўстаноўка: клей куды хочаш і як мага больш. Пра гэта расказваў адзін знаёмы, якому давялося распаўсюджваць рэкламу ў Каралёве. Заўвага, што ён мог за такія дзеянні заплаціць штраф, яго моцна здзівіла, бо пра гэта фірма-заказчык чамусьці «забыла» нагадаць. Не падумаў ён і пра тое, што сапсуе знешні выгляд вёскі, а між тым колькі сіл, грошай траціць камунальная служба для навядзення тут парадку. Сарваць аб’яву і выкінуць у сметніцу проста, толькі застаюцца намёртва схопленыя клеем рэшткі паперы. А вось знішчаюць выдаткі рэкламнага «мастацтва» за наш з вамі кошт як падаткаплацельшчыкаў.

Выправіць сітуацыю хоць і складана, але можна.

Кампетэнтна

Старшы інспектар прафілактыкі Уздзенскага РАУС Уладзімір Сафарэвіч паведамiў:

— У адпаведнасці з часткай 2 артыкула 21.14 «Парушэнне правілаў добраўпарадкавання і ўтрымання населеных пунктаў» Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за расклейванне аб’яў у непрызначаных для гэтага месцах прадугледжаны штраф: для фізічных асоб — да 25 базавых велічынь (612 рублёў 50 капеек), індывідуальных прадпрымальнікаў — да 50 базавых велічынь (1225), юрыдычных асоб — да 100 базавых велічынь (2450). Атрымліваецца, бяскрыўдны падзаробак можа абярнуцца выдаткамі, бо плаціць распаўсюджвальніку рэкламы давядзецца са сваёй кішэні. Верагодна, сітуацыю з вулічным спамам дапамогуць выправіць дошкі для аб’яў у месцах масавага размяшчэння рэкламнай інфармацыі. Магчыма, тады бульвар Дзяржынскага, Чырвоная плошча, іншыя грамадскія месцы набудуць акуратны выгляд.

Наталля КЛІМОВІЧ

Фота Сяргея ШАРАЯ

2 0
Комментировать 2 коммент.

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте