Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Регион, Эксклюзив
Народны інструментальны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі

“Танец з шаблямі” Хачатурана, вальсы Брамса, джазавыя кампазіцыі Луі Армстранга… Удзельнікі народнага інструментальнага ансамбля “Нясвіжскія лыжкары” па-заліхвацку “выстукваюць” гэтыя творы на лыжках! Ім з лёгкасцю пакараюцца самыя складаныя кампазіцыі — і штогод лыжкары бяруць усё новыя і новыя вяршыні. Сёлета музыкі атрымалі вышэйшую ўзнагароду — спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі за значны ўклад у папулярызацыю музычнага мастацтва, мэтанакіраваную працу па эстэтычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, актыўную канцэртную дзейнасць.

— Прэмія ганаровая, — згаджаецца кіраўнік ансамбля Уладзімір Сухавей. — Але адначасова і адказная. Яна абавязвае шукаць, ствараць яшчэ больш арыгінальныя п’есы, заваёўваць новыя краіны і нават кантыненты!

Бязлітасная канкурэнцыя

Гісторыя “Нясвіжскіх лыжкароў” вядзецца з 2006 года. Беларускім віртуозам пакарыліся пляцоўкі Польшчы, Літвы, Латвіі, Казахстана… А колькі сусветна вядомых твораў было “перакладзена” на лыжкі — бадай, ужо і не злічыць. Цікава, але як і з якой нагоды ў калектыве прапісаўся адзін з самых каларытных народных інструментаў, не ведае нават кіраўнік “Нясвіжскіх лыжкароў” Уладзімір Сухавей.

— Выпускнік педагагічнага ўніверсітэта імя Танка, у 1984 годзе я вярнуўся ў Нясвіж па размеркаванню. Пайшоў настаўнікам музыкі ў Нясвіжскі дзяржаўны каледж імя Якуба Коласа. Малады, энергічны, амбіцыйны — літаральна гарэў ідэяй стварыць які-небудзь студэнцкі ансамбль. Але была пэўная складанасць: у каледжы вучыліся адны дзяўчаты, хлапцоў днём з агнём было не знайсці, — смяецца Уладзімір Сухавей. — Ну што, сабраў невялікі дзявочы калектыў: гралі на бас-гітары, барабанах, саксафоне, скрыпцы. Але ж я “народнік”, мне гармонік і акардэон бліжэй… Ды толькі з дзяўчатамі гэта было немагчыма.

У 2006 годзе ў каледжы адкрылася аддзяленне фізічнай культуры і сюды, нарэшце, прыйшлі вучыцца хлопцы. Менавіта з іх удзелам Уладзімір Сухавей і спраўдзіў сваю мару: арганізаваў мужчынскі інструментальны ансамбль. Тут былі і баян, і флейта, і балалайка, і бубен, і нават барабан! Калектыў невялікі — усяго 5 чалавек, але жадаючых трапіць у яго было зашмат. Паступова ў ансамблі з’явіліся касá, шумёлы, цёрка, трашчоткі, агого. І вось аднойчы нехта прынёс на рэпетыцыю лыжкі…

— Можа, хацеў які жартаўнік пасмяяцца: ідзе рэпетыцыя — і тут пасярод балалайкі драўляны грукат! Але мне ідэя з лыжкамі спадабалася, вырашыў паспрабаваць, увёў у калектыў аднаго лыжкара. Пасля яшчэ аднаго, яшчэ. І што ў выніку? Лыжкі бязлітасна выцеснілі некаторыя інструменты. Такая вось музычная канкурэнцыя!

Музыкі, танцоры, акрабаты

Сёння народны ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” (званне “народны” калектыў атрымаў у 2009 годзе) — гэта дзве групы музыкаў: 8 чалавек непасрэдна лыжкары, яшчэ 7 — удзельнікі аркестра. Без іх, кажа Уладзімір Сухавей, нават самыя звонкія лыжкі могуць не загучаць.

— Лыжкары — гэта аснова нашага калектыву. Яны даюць шалёную энергетыку, задаюць рытм, заводзяць, свісцяць, грукочуць. Можна, канешне, выканаць той жа “Танец з шаблямі” толькі на лыжках, але калі дадаць чароўную флейту, задзірлівую балалайку, меладычны баян — зусім іншае гучанне будзе.

У рэпертуары нясвіжскіх музыкаў ёсць арыгінальныя інструментальныя творы на тэмы народных танцаў, песень, найгрышаў беларускага, рускага, польскага народаў, асноўную частку якіх апрацоўвае сам кіраўнік. Найбольш  папулярныя — “Весялуха”, “Лявоніха”, “Беларускі карагод”. Кожная кампазіцыя — не проста музычны твор у сучаснай аранжыроўцы. Гэта маленькае тэатралізаванае прадстаўленне, інструментальна-харэаграфічнае і нават акрабатычнае шоу. Чаго вартая адна п’еса “Рассыпуха”: ансамбль грае народныя мелодыі, а ў гэты час чатыры хлапцы трымаюць на плячах дзве аграмадныя лыжкі ў чалавечы рост, а пяты робіць на “брусах” акрабатычныя элементы, на руках ходзіць! А як вам такое: старэйшыя хлапцы “грукаюць” на лыжках сваю партыю, а малодшыя выносяць вялізную лыжку і пачынаць за яе спрачацца — зразумела, у жартоўнай форме.

— Гледачам — смех і задавальненне, а маім музыкам — мазалі ды сінякі, — смяецца кіраўнік ансамбля. — Хаця ўсё залежыць ад самога чалавека: калі стараецца, лупае па каленках з усяе сілы, дык і сінякі будуць. Яшчэ калі граеш на лыжках, іх трэба сінхронна перамяшчаць ад плячэй, грудзей і да каленяў, каб быў не толькі гук, але і прыгожая карцінка. Гэта складана, многія не вытрымліваюць… Хаця і лыжкам дастаецца: стабільна восем-дзесяць лыжак за год разбіваем. Быў час, калі мае падапечныя наўмысна ламалі драўляныя інструменты: грукалі так, што толькі трэскі  ў залу ляцелі. Гледачам падабаецца, а мне трэба галаву ламаць — дзе ўзяць новую лыжку? Свайго пастаяннага лыжкара няма — раней супрацоўнічалі з адным мясцовым майстрам, але памёр ён даўно.

На кожнае выступленне ансамбля Уладзімір Сухавей вязе чатыры вялікія лыжкі даўжынёй 180 сантыметраў і 56 лыжак стандартнага памеру. Кажа, для самазаспакаення бярэ болей, чым патрэбна,  — на ўсялякі выпадак.

Самы круты калектыў

На стварэнне адной музычна-тэатралізаванай п’есы патрэбна мінімум тры гады.

— Чаму так многа? — пытаюся ў кіраўніка “Нясвіжскіх лыжкароў”.

— Лічыце самі:  два гады я выношваю ідэю ў галаве. Хаця, шчыра кажучы, ідэі нумароў мне падкідвае жонка Ганна Іванаўна Сухавей, па сумяшчальніцтву загадчык аддзялення музыкі Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа і канцэртмайстар ансамбля “Нясвіжскія лыжкары”. Яна галава, мозг — а я рукі. Яшчэ год трэба, каб вывучыць і адшліфаваць п’есу. Абавязкова працую ў тандэме з нашым харэографам Кацярынай Лабаза. І, нарэшце, бясконцыя рэпетыцыі: збіраемся падчас заняткаў, пасля іх. Прагульшчыкаў у мяне няма, жадаючых трапіць у калектыў шмат, ніхто і не рызыкне “прагуляць”. Адсюль і выдатныя вынікі, і запрашэнні за мяжу, і шматлікія прэміі. І самая каштоўная для нас узнагарода — спецыяльная прэмія Прэзідэнта Беларусі — таксама вынік плённай і карпатлівай працы. Гэта высокая ацэнка заслуг не толькі цяперашняга складу калектыву, але ўсіх, хто быў у ім задзейнічаны. Удзельнікі ансамбля — гэта, у асноўным, студэнты нашага каледжа, таму склад ансамбля пастаянна мяняецца — выпускнікі ўладкоўваюцца па размеркаванню, на іх месца прыходзяць першакурснікі. Але ўзровень майстэрства застаецца нязменна высокім.

Як прызналіся самі лаўрэаты прэстыжнай прэміі, яны і марыць не маглі, што калі-небудзь будуць стаяць на пляцоўцы Палаца Рэспублікі і атрымліваць дзяржаўную ўзнагароду — як сімвал прызнання іх таленту.

— Я проста раблю тое, што падабаецца, і стараюся рабіць гэта добра. З дзяцінства захапляюся музыкай, у ансамбль “Нясвіжскія лыжкары” трапіў, можна сказаць, па знаёмству, — смяецца Уладзіслаў Сініцын, студэнт 4-га курса Нясвіжскага каледжа імя Якуба Коласа, будучы настаўнік пачатковых класаў. — Справа ў тым, што Уладзімір Яўгенавіч выкладаў у школе, дзе я вучыўся, а цяпер і ў каледжы. Я сам падышоў да яго і папрасіў праслухаць: хацеў займацца музыкай на сур’ёзным узроўні, а пра “Нясвіжскіх лыжкароў” усе казалі: гэта самы круты калектыў. Уладзімір Яўгенавіч узяў мяне ў ансамбль, але паставіў на барабаны. А калі даў, нарэшце, лыжкі, я ўжо разагнаўся дык разагнаўся. І танцаваць магу, і свісцець, і грукаць грамчэй за ўсіх.

Уладзіслаў плануе вярнуцца ў Нясвіж па размеркаванню. Кажа, ні на якую сталіцу не прамяняе родны горад і сваю другую сям’ю — “Нясвіжскіх лыжкароў”.

Шчаслівы білет выцягнуў і першакурснік Дзмітрый Дранчук, будучы настаўнік замежнай мовы. Толькі чатыры месяцы таму прыйшоў у  славуты ансамбль — а сёння ўжо выступае ў Мінску. Хвалюецца, перажывае, рукі дрыжаць, а тэлефон ні на хвіліну не змаўкае. Бацькі, сябры — усе віншуюць з такім кар’ерным узлётам. Хаця сам хлопец лічыць сябе пакуль дылетантам: “Я толькі дзве п’есы магу на лыжках сыграць, ды і беларускую музыку не надта  дасканала ведаю. Гэта мой прабел, які трэба тэрмінова ліквідаваць”.

А вось Павел Горбель ужо не хвалюецца: ён музыка са стажам. Чатыры гады граў у калектыве, а як скончыў каледж — размеркаваўся ў раённы цэнтр народнай творчасці і вярнуўся ў калектыў. Аб’ездзіў з лыжкарамі з дзясятак замежных гарадоў, але так цёпла, як у роднай Беларусі, не сустракаюць нідзе.

— Аматары народнай музыкі ёсць паўсюль, але тут людзі іншыя — больш духоўныя, адкрытыя, — кажа хлопец. — Таму і эмоцыі, узнагароды, прызнанні тут самыя шчырыя. Хочацца несці людзям свята, добры настрой, хочацца паказаць ім усю прыгажосць нашай, айчыннай музыкі. Хай яна пакуль не вельмі папулярная, але гэта пытанне часу.

А свой час і час сваіх падапечных Уладзімір Сухавей размеркаваў ужо на гады наперад. Ён плануе асвоіць і паставіць “Беларускі сувенір” Яўгена Глебава. Гэта складаны твор, не кожнаму ён па зубах, але паспрабаваць хочацца. Не дзеля чарговых узнагарод — каб “драўляна” замацаваць месца беларускай народнай музыкі ў сусветнай культуры.

Галіна НАРКЕВІЧ

Фота і відэа: Святлана Курэйчык

15 1

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте