Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Разное, Регион
Штыкетнік, кашуля і спаленая папера. Як варажылі на Каляды

На Каляды ў вёсках варажылі амаль у кожнай хаце, а потым усё злівалася ў адну кропачку, пачынала множыцца і доўжылася на працягу не адной гадзіны. Аб чым хацелі даведацца люді, якія сродкі выкарыстоўвалі і ў якім узросце дазвалялася дапытвацца аб сваім лёсе, рассказаў карэспандэнту МЛЫН.BY этнакультуролаг Іван Крук.

Час і ўзрост для варажбы

На працягу каляднага тыдня, а то і двух — асабліва ад першай куцці на Шчадрэц і да Новага года — гаданні, варажба. Пікавыя кропкі з 24 на 25 снежня, з 31 снежня на 1 студзеня, з 6 на 7 студзеня і з 13 на 14 студзеня. Вёска ў асноўным — гэта збег трох альбо чатырох пакаленняў: бабуля-дзядуля, бацька-маці, дзеці і ўнукі. Безумоўна, самым актыўным было пакаленне перадшлюбнага ўзросту. Ім карцела даведацца аб сваім лёсе. Гэта сёння пытанні могут тычыцца набыцця новай машыны, шлюбу з багатым ці з бедным. Раней жа на першым месцы стаяла «Выйду я замуж ці не?». Хлопцы, хоць і варажылі, але менш, а шчасцем жаночым лічылася быць замужам. Варожбаў такіх шмат. У нашых продкаў гэта быў над-звычайны тэатральны спектакль, і я заўсёды падкрэсліваю, што галоўным рэжысёрам былі Нябёсы, Творца, Традыцыя, а галоўнымі акцёрамі-ўдзельнікамі — моладзь перадшлюбнага ўзросту. Пераставалі варажыць пасля 40 гадоў, бо гэта ўжо забаранялася.

Мілы суджаны, прыйдзі…

Напачатку варажылі, пойдуць замуж ці не. Выбягалі ў двор, хапалі бярэмя — чуеце, якое слова? — дроў, прыносілі ў хату. У святочны дзень кідаць гучна дровы на падлогу было забаронена катэгарычна: апускалі ціхенька, каб год вайны ў хаце не было. Потым дзяўчына лічыла колатыя дровы па парах: калі апошняе цот — пашчасціць выйсці замуж. Калі засталося адно — у гэтым годзе пары не відаць. З далейшай гульні-варажбы выбываеш.

Другая варажба — выбегчы ў двор і шчыльна абхапіць штыкетнік. Потым зноў лічаць парамі — цот-няцот.

Самая складаная і прыцягальная варажба, канешне, на люстэрках. Адно насупраць аднаго ставілі, паміж імі пасярэдзіне запальвалі свечку. Сядзелі і доўга-доўга ўглядаліся, пакуль у адным з люстэркаў не з’яўлялася постаць суджанага. Адна дзяўчына з Салігорскага раёна расказвала, што ўбачыла хлопца. І не столькі твар разгледзела, а тое, што ў яго кашулі былі кароткія рукавы. Праз тры месяцы прыходзяць да яе сваты — бацька з сынам. Хлопец зняў кажух, а рукавы ў кашулі — кароткія! Выйшла яна замуж і пражыла шчаслівы лёс з гэтым чалавекам. Людзі казалі, што ўсё жыццё ён яе на руках насіў.

Ёсць яшчэ фантастычна цікавы варыянт варажбы: бярэцца аркуш паперы ці кавалак газеты, камячыцца, а затым кладзецца на талерку і пры выключаным святле падпальваецца. А потым гарэлы камок падсвечваецца свечкай, і вывучаецца праекцыя-адбітак на сценцы.

Тыя, хто баяўся ў люстэрка ўглядацца, рабілі па-іншаму. У місу налівалі калодзежную ваду, над ёю клалі смаляніну — як кладачку. Місу ставілі пад ложак і, больш ні слова не кажучы, клаліся спаць. Самому сабе трэба было сказаць так: «Мілы суджаны, прыйдзі. Па кладачцы правядзі». Прысніцца павінен быў менавіта ён — той самы.

Можна варажыць і так: на кавалачках паперы напісаць мужчынскія імёны, пакідаць іх у шапку — хто які дастане, так і хлопца зваць будуць.

Такіх дзяўчат у вёсках было шмат. Яны ж сябравалі паміж сабой і таму потым усе збіраліся ў адной хаце. Кожная прыносіла аладкі. Іх клалі на парог — гэта зона продкаў, якія заўсёды падкажуць, — і выпускалі сабаку. Дзяўчатам карцела даведацца, хто ж першы выскачыць замуж. Чыю аладку сабака першай схопіць — тая і выйдзе.

Трэба ж было даведацца і з якой сям’і будзе хлопец: з багатай ці не. Тады беглі ў лазню, даставалі шыбу і руку нягледзячы клалі на сценку звонку. Калі траплялі на «голае» бервяно — бедны, калі на мох паміж бярвёнамі — багаты.

На характар чалавека таксама варажылі. Загадзя рыхтавалі невялікі камень, а потым кідалі яго ў калодзеж. Калі бухне і ціха пойдзе на дно — характар у хлопца будзе стрыманы, паважны. А калі з гулам і пырскамі — эмацыянальны, неўраўнаважаны.

Каб даведацца, адкуль прыйдуць сваты — са сваёй вёскі ці здалёк, — выбягалі ў двор і прыслухоўваліся, з якога боку сабакі забрэшуць.

А яшчэ ў калядную ноч дзяўчаты на вуліцы прасілі мужчын назваць сваё імя — так будуць зваць суджанага.

І варожбаў такіх — процьма!

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте