Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Культура, Регион
Унікальны экспанат папоўніў фонд Мінскага абласнога краязназўчага музея

Маляваны дыван Язэпа Драздовіча набыў Мінскі абласны краязнаўчы музей у Маладзечне. Падобнага больш не існуе, паколькі майстар у сваіх работах ніколі не паўтараўся. На чорным ільняным палатне — начны пейзаж з возерам, замкам і чоўнам, у якім плывуць людзі. Рэч куплена ў прыватнага калекцыянера.

Маляванкі, маляваныя дываны — даўняя традыцыя беларускага народа аздабляць інтэр’ер свайго дома. У перадваенныя і пасляваенныя часы яны былі амаль у кожнай сям’і — выконвалі ролю абярэга, які быццам пераносіў людзей з цяжкага сялянскага жыцця ў чароўныя казкі. І хто ведае, што было б з гэтай спадчынай, калі б прадбачлівыя вяскоўцы не збераглі яе да лепшых часоў.

Першы раз з вырабам дываноў таленавіты жывапісец, графік, даследчык і пісьменнік Язэп Драздовіч сустрэўся, калі гасцяваў у свайго сябра ў Летніках. Тады, дапамагаючы Янку Пачопку, ён яшчэ не ведаў, што стане ледзьве не першым прафесійным мастаком, які ўжо ў сталыя гады паралельна з «касмічнымі» творамі будзе маляваць і такія рэчы для сялянскіх хацін.

— Сюжэты, што пераважаюць у Драздовіча, — гэта ў асноўным начныя выявы замкаў і краявіды Беларусі, мноства прыгожых і яркіх кветак, — расказвае дырэктар музея Раіса Казановіч. — Ёсць на тых дыванах і старыя гарадзішчы, млыны, дзяды-цымбалісты на лясной паляне, розныя птушкі.

«Ад месяца ліпеня аж да канца верасня аддаўся дзеля развіцця ў народзе мастацкага, эстэтычнага пачуцця і размалёўваю для тых, хто запросіць, на простым вясковым саматканым палатне рознаўзоравыя дываны з месячнымі пейзажамі на асяродках», — напіша Драздовіч у сваім дзённіку. А вяскоўцы, да якіх мастак прыходзіў на заказ у хату, абавязкова ўзгадаюць яшчэ і лекцыі пра небазнаўства, пра бег планет і зорак.

Магчыма, пад час адной з такіх вандровак нарадзіўся і дыван, што трапіў у рукі маладзечанскіх музейшчыкаў.

— Кампазіцыя яго традыцыйная: ёсць цэнтральная частка і раслінны арнамент, — расказвае галоўны захавальнік фондаў музея Алена Чарнецкая. — Зразумела, што дыван, перш чым трапіць у рукі калекцыянера, вісеў на сцяне ў чыёйсці хаце. Таму не пазбегнуў ні выцвітання палатна, ні асыпання фарбаванага слою. У наступным годзе мы плануем адправіць дыван на рэстаўрацыю. Пасля пакажам яго сваім наведвальнікам ужо ў абноўленым выглядзе.

Ніхто дакладна не скажа, колькі дываноў Язэпа Драздовіча захавалася на сённяшні дзень. Ёсць яны ў гісторыка-культурным музеі-запаведніку «Заслаўе», ў калекцыянераў і фондах беларускіх музеяў. А цяпер вось і ў Мінскім абласным, на Маладзечаншчыне, да якой творца таксама меў дачыненне.

Дадаткова

Язэп Драздовіч нарадзіўся 13 кастрычніка 1888 года ў засценку Пунькі (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) ў сям’і збяднелага шляхціца-арандатара. Мастацкую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам прафесара жывапісу Івана Трутнева. Аздабляў першыя беларускія кнігі, календары. Ад 1919 года — мастак-дэкаратар беларускага літаратурна-выдавецкага аддзела пры Народным камісарыяце асветы ў Мінску, пасля 1930 года пачаў асвойваць «касмічную» тэму. У час вайны напісаў серыю гістарычных карцін. Памёр у 1954 годзе.

 

У другой палове 1920-х Язэп Драздовіч выкладаў маляванне ў Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Францыска Скарыны, вёў археалагічную работу. Гэта і раскопкі на беразе ракі Нямігі, і пошукі маўклівых сведак мінулага ў курганах каля Заслаўя, на замчышчах Навагрудка, Крэва і ў мястэчку Свір.

«Наогул, я зменная натура: праз кожныя тры гады што-небудзь новае пачну. Праз усё жыццё маё так, — прызнаваўся мастак у сваім дзённіку. — Тры гады быў пастухом у падурослыя леты, тры гады патраціў на мастацкую школу і агульнае развіццё, тры гады служыў у салдатах, тры гады аддаваўся грамадскай працы ды пісаў як пісьменнік. І вось ужо трэці год як вандроўны народны мастак…»

Імя беларускага Леанарда да Вінчы, з дня нараджэння якога ў мінулым годзе споўнілася 130 год, носяць вуліцы ў Радашковічах і Маладзечне.

Марына Сліж

1 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте