Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша, Регион
«Па сцежках памяці» ў Маладзечне i «Дыханне прыроды» ў Крупках. Афiша Мiншчыны

Прайсцiся па сцежках памяцi ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі i пракацiцца на лыжах у Жодзiна. Што яшчэ паглядзець i ў чым паўдзельнiчаць на Мiншчыне.

Маладзечанскі раён

Выстава работ Анатоля Акуліка «Па сцежках памяці» адкрылась 8 лютага ў Мінскім абласным краязнаўчым музеі. Будуць прадстаўлены жывапіс і графіка.

Жыве мастак у Маладзечне. Нарадзіўся 28 студзеня 1954 года ў горадзе Печанга Мурманскай вобласці. У 1977-м скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут. У выставах удзельнічае з 1982 года.

Анатоль Акулік зазначае, што ў сваёй творчасці арыентаваны на падрыхтаванага гледача. Здольнага паразважаць, падумаць… Яго работы ёсць у прыватных калекцыях — як у Беларусі, так і замежжы.

Жодзiна

9 лютага ў раёне водазабора «Паўночны» горада Жодзіна адбудзецца гарадская лыжня, якая пройдзе ў рамках штогадовага рэспубліканскага зімовага спартыўна-масавага мерапрыемства «Беларуская лыжня» і маштабнага праекта сталічнага рэгіёна «Міншчына спартыўная».

Да ўдзелу запрашаюцца жыхары горада і раёна — прыхільнікі здаровага ўкладу жыцця і адпачынку на свежым паветры. Гонкі праходзяць у выглядзе эстафеты. Каманда складаецца з чатырох чалавек (тры мужчыны і адна жанчына). Прадстаўнікі моцнага полу пераадолеюць дыстанцыю ў два кіламетры, жанчыны — адзін.

Нясвіжскі раён

Персанальная выстава віцебскай мастачкі Наталлі Каньковай праходзіць у Нясвіжскім музеі-запаведніку. У экспазіцыі прадстаўлены цыклы яе работ у тэхніцы выцінанкі з выкарыстаннем славянскіх літарна-лічбавых знакаў.

Нарадзілася жанчына ў Віцебску. З ранняга дзяцінства была звязана з творчасцю, таму практычна не ўяўляе без яе свайго жыцця. Па-майстэрску валодае традыцыйнай беларускай выцінанкай, займаецца жывапісам, мастацкім тэкстылем. Ад 2014 года з’яўляецца сябрам Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.

Выцінанка — самастойны кірунак у беларускім народным мастацтве, вядомы яшчэ з XVI ст. Гісторыя яго ўзнікнення бярэ свой пачатак яшчэ ў старажытным Кітаі, калі была вынайдзена папера. На той час выцінанка лічылася дарагім задавальненнем, якое патрабуе і часу, і ўмення.

Новае дыханне яна набыла ў апошнія 20 год і стала прадметам музейных калекцый, выстаў народнага мастацтва, а таксама арыгінальным падарункам і сувенірам.

Слуцкі раён

Літаратурны рэквіем па кнігах Мікалая Чаргінца пройдзе 9 лютага ў Гацукоўскай сельскай бібліятэцы-філіяле №12. У падарожжа па творах аўтара ўстанова культуры запрашае дарослых і школьнікаў.

Беларускі пісьменнік і палітычны дзеяч, кандыдат юрыдычных навук, генерал-лейтэнант унутранай службы Мікалай Чаргінец увёў у беларускую літаратуру так званы міліцэйскі дэтэктыў і як ніхто іншы мастацкім словам змог расказаць пра вайну ў Афганістане. “Тайна чорных гор”, “Сыны” — творы, якія захапляюць, і ў той жа час прымушаюць думаць, асэнсоўваць.

Крупскі раён

Выстава «Дыханне прыроды», на якой прадстаўлены работы самадзейных мастакоў Аляксея Гаміна і Фёдара Сарокіна, адкрылася ў Крупскай мастацкай галерэі.

Увагу наведвальнікаў прыцягваюць пейзажы, многія з якіх прысвечаны Крупшчыне. Напрыклад, «Родныя прасторы» і «Рэчка Нача восенню» Аляксея Гаміна, «Світанак над возерам Сялява» Фёдара Сарокіна. Выстава самадзейных мастакоў будзе працаваць да канца лютага.

Марына Сліж

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте