Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Минщина удивительная, Регион
Тры архітэктырныя жамчужыны прысталічча зачароўваюць наведвальнікаў

Паблізу ад Мінска заўсёды жылі і працавалі сусветна вядомыя дзяржаўныя і грамадскія дзеячы, навукоўцы, кампазітары, мастакі і ўзводзілі там свае радавыя гнёзды: палацы, сядзібы. Часцей за ўсё, дарэчы, з запрашэннем славутых дойлідаў. Якімі архітэктурнымі жамчужынамі славіцца Мінскі раён, даведалася карэспандэнт МЛЫН.BY

І рэзідэнцыя мільянера, і савецкая пагранзастава

Паводле мірнага дагавора 1921 года, частка тэрыторый Мінскага раёна ўвайшла ў склад толькі што створанай польскай дзяржавы, а частка — у склад БССР, як, напрыклад, вёска Новае Поле. Размешчаны ў цэнтры гэтага населенага пункта сядзібна-паркавы комплекс Друцкіх-Любецкіх стаў савецкай пагранічнай заставай.

Шляхецкая сядзіба XIX стагоддзя зараз належыць Навапольскаму аграрна-эканамічнаму каледжу. Яе гісторыя звязана з такімі гучнымі прозвішчамі, як Агінскія, Сялявы, Друцкія-Любецкія. Фальварак з калонамі ўзведзены Сялявамі ў 1820-я гады. У канцы 1830-х ён перайшоў да Друцкіх-Любецкіх. Новыя ўладальнікі дабудоўваюць спачатку правую частку сядзібы (выкарыстоўвалася для выканання гаспадарчых задач), а потым левую з вежай — «дэкаратыўную». Апошнім гаспадаром сядзібы з роду Друцкіх-Любецкіх быў князь Іеранім. У той час ён лічыўся адным з найбагацейшых жыхароў сталіцы і прысталічча, з’яўляўся членам савета Мінскага сельскагаспадарчага таварыства і праўлення Мінскага камерцыйнага банка, дэпутатам Дзяржаўнай думы. Сёння князя Іераніма можна было б назваць «доларавым мільянерам».

Рэзідэнцыя князёў у класічным стылі з двума параднымі ўваходамі тыповая. З тыльнага боку, хутчэй за ўсё, да будынка прылягала капліца, у якой звычайна маліліся дамачадцы.

У населенага пункта таксама ёсць свае таямніцы. Аказваецца, пасля вайны ў Новае Поле перавезлі маёнтак Замбржыцкіх, у якіх арандавалі зямлю бацькі беларускага Песняра Янкі Купалы. Драўляныя сцены з калонамі разабралі, калі ў Вязынцы пабудавалі музей, перавезлі і… тут яны згубіліся. Дзе знаходзіцца сядзіба Алімпіі Замбржыцкай, хроснай маці Вані Луцэвіча, і сёння загадка.

«Зачараваны замак» графаў Чапскіх

Цікавую і багатую гісторыю тоіць прылукская рэзідэнцыя графаў Чапскіх — сядзіба англійскага неагатычнага стылю другой паловы XVIII стагоддзя. Паводле адной з версій, замак у Прылуках з’явіўся пры загадкавых абставінах на месцы манастыра, узве­дзенага ў XVII стагоддзі Ганнай Агінскай. Пазней манастыр перабудавалі ў палац. Валодалі ім Іваноўскія, Тышкевічы, Прушынскія, Францішак Оштарп (сын шведскага салдата войска Карла XII), вядомы аграном Антон Горват. З 1872 года сядзіба — адна з рэзідэнцый графа Эмерыка Чапскага, які займаў высокія пасады ў Расійскай імперыі. Потым палац атрымаў у спадчыну яго малодшы сын Ежы. Эмерык вёў гаспадарку, збіраў калекцыі манет, займаўся фалерыстыкай. Цікавы факт: калі ён пераязджаў у Кракаў, спатрэбілася шэсць вагонаў, каб перавезці палову сабраных старажытнасцей.

Пасля Вялікай Айчыннай вайны «зачараваны замак» быў амаль разбураны. Але яго выратаваў… каларадскі жук. Справа ў тым, што ў прылукскай сядзібе адкрылі доследную станцыю па барацьбе з паласатым шкоднікам. Адначасова вяліся аднаўленчыя работы. На жаль, давялося змяніць анфіладную планіроўку на калідорную… А вось шырыня сцен засталася замкавай – каля аднаго метра.

У 1971 годзе тут пачаў працаваць Інстытут аховы раслін. Навуковая ўстанова ўнесла значны ўклад не толькі ў захаванне рэзідэнцыі Чапскіх, але і ў развіццё Прылукаў. Сёння тут дзейнічаюць восем лабараторый і шэсць падраздзяленняў інстытута.

Прылукі ўжо на пачатку мінулага стагоддзя карысталіся ўвагай кінематаграфістаў. Так, напрыклад, у 1920-я ў гэтых мясцінах здымалі першы беларускі вестэрн «Лясная быль». Прыемна, што прысталічча багатае на гісторыка-культурную спадчыну і можна здымаць фільмы не на фоне дэкарацый, а ў такім прыгожым куточку, як Прылукі.

Беларуская Сафіеўка

Чырвоныя муры сядзібы ў Сёмкаве прыкрыты шчыльнай сцяной англійскага пейзажнага парку з аднаго боку і французскімі барочнымі алеямі з другога. На жаль, час не злітаваўся над шэдэўрам італьянскага архітэктара Карла Спампані. Сёння яго былая слава пахавана пад руінамі. Сёмкава перадавалася з рук у рукі, а ў другой палове XVIII стагоддзя Сапегі за добрую службу аддалі яго ў дар Адаму Хмары, які зрабіў бліскучую кар’еру — ад лоўчага да ваяводы. Менавіта Адам Міхаіл Станіслаў Хмара стварыў тут шыкоўную рэзідэнцыю ў стылі барока і класіцызму. Палац уключаў Бальную і Каралеўскую залы, сталовую, бібліятэку, капліцу. Прадметы інтэр’ераў былі адметныя сваім багаццем, прыгажосцю і майстэрствам выканання. Роспіс на столі, каміны з чорнага мармуру… Хмара чакаў візіту апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага — адсюль і ўзнікла патрэба ў абсталяванні часткі пакояў па каралеўскіх стандартах. Але ці быў у Сёмкаве Панятоўскі, дакладна невядома. Палац параўноўвалі з палацам Патоцкіх ва Украіне і называлі яго беларускай Сафіеўкай.

Калі Хмары не стала ў 1805 годзе, сядзіба хутка перайшла да другіх гаспадароў. На заробкі на вінакурню ў Сёмкава ў 1905 го­дзе прыходзіў малады Янка Купала. У канцы 1920-х тут размясцілі спачатку калонію для беспрытульнікаў, пасля дзіцячы дом, які працаваў нават падчас вайны. Выхаванцаў не паспелі эвакуіраваць, таму яны засталіся ў Сёмкаве. У лютым 1944 года байцам партызанскай брыгады «Штурмавая» ўдалося вывезці з дзіцячага дома 274 хлопчыкі і дзяўчынкі і такім чынам выратаваць іх. Пра подзвіг народных мсціўцаў сёння сведчыць памятная шыльда.

Святлана Вашчыла

0 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте