Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Минщина удивительная, Регион
Малая радзіма Якуба Коласа і старажытныя храмы — дзівосная Стаўбцоўшчына

Стаўбцоўскі раён багаты героямі і легендамі. У XIX стагоддзі тут знаходзілася адна з галоўных прыстаняў на Нёмане, развіваліся рамёствы і будаваліся рачныя судны — віціны. Стаўбцоўчшына — радзіма народнага паэта Беларусі Якуба Коласа і знакамітага мовазнаўцы Язэпа Лёсіка. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў фальварку Залучча правёў значную частку свайго жыцця паэт Уладзіслаў Сыракомля. Восем год пражыў у Стоўбцах трэці прэзідэнт Ізраіля Залман Шазар, які ў сваёй аўтабіяграфіі з цеплынёй успамінаў мястэчка. Гэтая зямля натхніла Маякоўскага на стварэнне знакамітага верша пра «краснокожую паспортину». Каб зразумець усё аўтэнтычнае хараство прынёманскага краю, тут абавязкова трэба пабываць.

«Родны кут» Якуба Коласа

Класік беларускай літаратуры нарадзіўся ў засценку Акінчыцы (у 1977 годзе яны ўключаны ў межы горада Стоўбцы). Зараз тут музей-сядзіба, дзе сабраны арыгінальныя і адноўленыя прадметы побыту, мэбля і адзенне беларускіх сялян. Акінчыцы, Альбуць, Смольня, Ласток — месцы, дзе прайшло дзяцінства паэта — у складзе Коласаўскага мемарыяльнага заказніка. Цікава, што экскурсіі праводзяць блізкія сваякі народнага Песняра: унукі, праўнукі. Гэты маляўнічы куточак Панямоння знаходзіцца за 89 км ад Мінска. Сюды прыязджаў Колас у апошні год свайго жыцця — вясной 1956-га, каб яшчэ раз убачыць родныя мясціны. Сярод мемарыяльных сядзібаў найбольшую каштоўнасць мае Ласток. Ён захаваў свой першапачатковы выгляд (спатрэбіліся толькі невялікія рэстаўрацыйныя змены) — у адрозненне ад пабудоў у Акінчыцах, Альбуці і Смольні, дзе давялося ўсё аднаўляць па архіўных матэрыялах. Хата і гумно ў Ластку, пабудаваныя ў 1885 годзе, захаваліся да сённяшніх дзён.

«Краснокожая паспортина» Маякоўскага

Вакзал у Стоўбцах мае сваю цікавую гісторыю. Ён стаў першым будынкам на чыгуначнай лініі Масква — Брэст у 1870 годзе. Станцыя доўгі час была мытным пунктам паміж СССР і Польшчай: цягнікі спыняліся для праходжання кантролю. Тут курсіраваў экспрэс Маньчжурыя — Стоўбцы, а праз горад ішоў цягнік Парыж — Негарэлае. Падчас доўгага афармлення дакументаў пасажыры шпацыравалі па горадзе і наваколлі. Вядома, што ў Стоўбцах пабывалі многія сусветныя зоркі: прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Энтані Ідэн, першы савецкі чэмпіён свету па шахматах Міхаіл Бацвіннік, рускія пісьменнікі Барыс Пастарнак, Ілья Эрэнбург, Аляксей Талстой, Максім Горкі. Некалькі дзён на станцыі знаходзілася труна апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага.

Мытны нагляд, які тут праходзіў паэт Уладзімір Маякоўскі, стаў штуршком для напісання ім знакамітага верша пра савецкі пашпарт. Пісьменнік высока ацаніў стаўбцоўскі вакзал: «Будынак станцыі Стоўбцы, і чысты выглядам, і белы колерам, адразу даў і Еўропу, і Польшчу. Вось гэта клопат, вось гэта будоўля!»

Горад міру

У 2001 годзе Міжнародны камітэт міру абвясціў горад Стоўбцы Горадам міру. Рашэнне аб прысваенні ганаровага статусу нале­жыць вядомаму індыйскаму філосафу і прапагандысту спорту Шры Чынмою. Кожны горад, што атрымаў гэта званне, становіцца часткай сузор’я гарадоў міру (а іх сёння ля тысячы). Дарэчы, такі статус можа набыць любая тэрыторыя на планеце: прыродны ландшафт, аэрапорт ці пабудаваны мост. Прыблізна 140 краін маюць месцы, якім прысвоена гэта званне.

Зямля старажытных храмаў

У Стаўбцоўскім раёне 18 значных помнікаў архітэктуры, большасць — у выдатным стане. Старажытнымі манументальнымі храмамі славіцца вёска Новы Свержань. Касцёл Святых Пятра і Паўла, пабудаваны ў 1588 годзе, сваёй архітэктурай нагадвае невялікі замак. Непадалёк знаходзіцца Свята-Успенская царква, узведзеная ў 1590 годзе. Частка яе — на падмурку яшчэ больш старажытнага храма. Разам яны ствараюць унікальны для Беларусі ансамбль: адразу два храмы XVI стагоддзя, якіх у нашай краіне не так шмат, ды яшчэ ў такім выдатным стане!

Адзін з найстаражытнейшых храмаў раёна знаходзіцца і ў вёсцы Дзераўная. Касцёл Унебаўшэсця Найсвяцейшай Панны Марыі 1590 года — помнік архітэктуры готыкі і Рэнесансу. Тут хрысцілі вядомага рэвалюцыянера Фелікса Дзяржынскага. Першы старшыня УНК нарадзіўся недалёка — на хутары Дзяржынава. На месцы, дзе раней стаяла сядзіба Дзяржынскіх, створаны мемарыяльны комплекс, які ўключаны ў дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Беларусі.

Загадка Кромані

Родны кут, стаўбцоўскі край апеты ў паэме Якуба Коласа «Новая зямля». Менавіта тут цячэ рака Нёман, з якой рачныя далікатэсы дастаўлялі на стол князям Радзівілам. Частку раёна займае Налібоцкая пушча — вялікі запаведны лес Беларусі. А хіба можна застацца абыякавым, калі бачыш возера Кромань — з чыстай вадой і амаль ідэальна круглай формай берагавой лініі? Дагэтуль застаецца загадкай, як возера глыбінёй каля 27 метраў магло ўтварыцца на месцы абсалютна раўніннага лесу. Паводле старажытнай легенды, тут стаяў стары касцёл, які раптам сышоў пад зямлю. І быццам цяпер іншы раз можна пачуць мелодыю званоў, што даносіцца са дна возера.

Алена Пашкевіч

10 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте