Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
Выстава да 200-годдзя кампазітара адкрылася ў Музычнай гасцёўні Манюшкі ў Смілавічах

У Музычнай гасцёўні Станіслава Манюшкі, что ў пасёлку Смілавічы Чэрвеньскага раёна, ўрачыста адкрылася музейная экспазіцыя, прысвечаная 200-годдзю з дня нараджэння сусветна знакамітага кампазітара. Карэспандэнты МЛЫН.BY аднымі з першых наведалі выставу і даведаліся, у чым яе асаблівасць, хто дапамог шукаць экспанаты, а таксама пачулі бессмяротныя творы нашага славутага зямляка.

Дакументы, фотаздымкі, афішы, малюнкі, ноты, прыжыццёвыя і пасляжыццёвыя выданні твораў, сцэнічныя касцюмы артыстаў Варшаўскага опернага тэатра — усяго экспазіцыя налічвае каля 150 экспанатаў. Ёсць тут і некалькі сапраўды ўнікальных прадметаў: лісток з першай беларускай нацыянальнай оперы «Сялянка», малюнкі бацькі кампазітара Чэслава Манюшкі, запісы твораў маэстра на касетах і пластынках.

Як патлумачыла навуковы супрацоўнік Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея Ірына Серыда, праца па стварэнню экспазіцыі, прысвечанай Станіславу Манюшку, пачалася ў 1969 годзе. Гэта была ініцыятыва Васіля Несцяровіча, тады яшчэ дырэктара Азёрнаўскай школы Чэрвеньскага раёна. Калі ўсе навучальныя ўстановы адчынялі ў сваіх сценах музеі сялянскага быту, ленінскія куткі, ён вырашыў стварыць музей у гонар славутага земляка-кампазітара.

Спачатку у экспазіцыі з’явіліся пластынкі, нотныя запісы і невялікі стэнд. З дапамогай польскіх сяброў Васіль Несцяровіч паступова пашыраў калекцыю, знаходзіў новыя прадметы. Год таму сабранне пераехала ў Смілавічы: калектыў Чэрвеньскага раённага краязнаўчага музея правёў вялікую працу па стварэнню на базе музычнай гасцёўні пастаяннай музейнай экспазіцыі: былі створаны эскізы, тэматычныя дыярамы, набыта неабходная мэбля. І ўсё гэта — дзякуючы гранту Мінаблвыканкама «Творчы алімп Міншчыны».

Абноўленая экспазіцыя размясцілася ў дзвюх залях. Першая прысвечана дзіцячым і юнацкім гадам Станіслава Манюшкі, якія ён правеў у вёсцы Убель.

— Гэта прыкладна ў 15 кіламетрах ад Смілавіч, — адзначыла Ірына Серыда. — Там і нарадзіўся будучы кампазітар. Хрысцілі яго ў Смілавіцкім парафіяльным касцёле. Да сямігадовага ўзросту хлопчык жыў у вёсцы, дзе яго выхаваннем і адукацыяй займалася маці, добрая піяністка. У сем год маці вязе Станіслава ў Варшаву, дзе ён займаецца музыкай прафесійна. Аднак матэрыяльныя цяжкасці вымусілі сям’ю вярнуцца ў Беларусь. Яны пасяляюцца ў Мінску, у Верхнім горадзе. Амаль кожны вечар тут лядзяцця музычныя вечарыны, прыходзяць Валенцій Ваньковіч, Ян Дамель. І Станіслаў, выхоўваючыся ў такой багатай музычнай атмасферы, вырашае стаць кампазітарам.

Дарэчы, калі б не музыка, Станіслаў Манюшка мог бы стаць пісьменнікам. Акрамя расійскай і польскай, кампазітар ведаў англійскую, нямецкую, французскую, італьянскую мову. З апошняй рабіў выдатныя вершаваныя пераклады.

— Другая заля расказвае пра варшаўскі перыяд жыцця кампазітара. Тут сабрана шмат фотаздымкаў, афіцыйных дакументаў, выданняў твораў Станіслава Манюшкі, прысвечаных таму перыяду, калі наш зямляк працаваў дырыжорам Варшаўскага опернага тэатра. У гэты самы час ён піша свае знакамітыя оперы «Страшны двор», «Графіня», балет «Монтэ-Крыста» і шмат іншых твораў, — кажа навуковы супрацоўнік музея.

Экспазіцыя, прысвечаная Станіславу Манюшку, будзе пашырацца і надалей: Чэрвеньскаму раённаму краязнаўчаму музею на гэта выдзелены грант Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры на 2019 год. А гэта значыць, што наперадзе — стварэнне новых частак экспазіцыі, падрыхтоўка дадатковых матэрыялаў, выданне буклетаў, альбомаў, паштовак.

Дзякуючы Віктару Скарабагатаму, заслужанаму артысту Беларусі, прафесару Беларускай акадэміі музыкі, мастацкаму кіраўніку творчага калектыва «Беларуская капэла», экспазіцыя ўжо пачала поўніцца. Так, Віктар Іванавіч перадаў некалькі кніг, выдадзеных да 200-годдзя з дня нараджэння кампазітара.

— Гэта манаграфія, сумесная наша праца з Ганнай Каржанеўскай і Уладзімірам Мархелем. Сюды мы ўключылі ўсе артыкулы, якія ў свой час выдаваліся ў розных выданнях, — патлумачыў прафесар. — Таксама выдалі 15 песен Манюшкі на вершы Адама Міцкевіча, зборнік паланэзаў Агінскага ў транскрыпцыі Станіслава Манюшкі. І яшчэ два зборніка — «Песні нашага касцёла». Таксама маем намер выдаць у перакладзе на беларускую мову лібрэта ягоных опер.

Завітаць у госці да Станіслава Манюшкі — чалавека, якога пры жыцці называлі «славянскім Шубертам», і не пачуць ягоныя геніяльныя творы — было б памылкай. Дзякуючы таленту ўдзельнікаў народнай музычнай капэлы «Ігуменскія крыніцы» Чэрвеньскай дзіцячай школы мастацтваў, а таксама выхаванцаў навучальнай установы, на некалькі імгненняў наведвальнікі музычнай гасцёўні перамясціліся ў той час, тую эпоху, калі ўвесь свет пазнаў і назаўжды палюбіў Станіслава Манюшку.

Ціха плакала скрыпка, ледзь чутна звінелі цымбалы, асцярожна прачынаўся гармонік… Музыка, напісаная больш за 150 год таму, дагэтуль чапляе і натхняе. Нездарма Манюшку слухалі і працягваюць слухаюць на ўсіх кантынентах. Ягоная опера «Галька» ставіцца ў 25 краінах, у тым ліку ў Мексіцы, Японіі, на Кубе. У Токіо працуе Інстытут славянскай культуры імя Станіслава Манюшкі: такім чынам японцы аддаюць павагу асобе, якога нарадзіла беларуская зямля. З гэтага года Цэнтральнаму чыгуначнаму вакзалу ў Варшаве прысвоена імя Станіслава Манюшкі. У музеі гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспубліка Беларусь пятага дня кожнага месяца адбываюцца імпрэзы, канцэрты,прысвечаныя кампазітару, сустрэчы с выбітнымі людзьмі, даследчыкамі яго творчасці. Доўжыцца будуць да канца 2019 года.

Галіна Наркевіч

Фота і відэа: Святлана Курэйчык

4 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте