Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Еда, Регион
Чым адметны сучасны вясельны стол на Маладзечаншчыне

Даўней у Лебедзеўскім сельсавеце, што на Маладзечаншчыне, пачаткам вяселля лічылася выпяканне каравая. Гэты абрадавы хлеб — сімвал сямейнага шчасця і дабрабыту — пяклі толькі замужнія жанчыны. Калі дзень стаяў пахмурны, чакалі, пакуль выгляне сонца — толькі тады пачыналі замешваць цеста, інакш, лічылі, можна было наклікаць нядобрае.

Зерне пад пятку — жыццё будзе ў дастатку

З караваем і медавухай у гэтых мясцінах жаніха і нявесту сустракалі перад вясельным застоллем. Медавуху трэба было толькі прыгубіць, а затым выліць праз плячо, каб усё дрэннае засталося ў мінулым. Да святочнага стала маладыя падыходзілі па гадзіннікавай стрэлцыі — па Сонцы, а выходзілі ў зваротным кірунку. Сядзелі яны на адной лаўцы — каб нішто не падзяліла пару. Лаўка была накрыта кажухом, вывернутым мехам уверх — каб «былі маладыя багаты, як кажух калматы». Некаторымі з традыцый сучасныя маладажоны кіруюцца па-ранейшаму.

Калі ў гэтых краях збіраюцца гуляць вяселле, за дапамогай у падрыхтоўцы святочнага стала нязменна звяртаюцца да галоўнага повара Лебедзеўскай сярэдняй школы Ніны Віткоўскай. Яна адна з тых спрактыкаваных гаспадынь, якія па-майстэрску гатуюць далікатэсы з простых прадуктаў.

Жанчына адзначае: урачыстасці ў вёсках ладзяцца ўсё радзей — вяселлі стараюцца святкаваць у горадзе. Ды і само мерапрыемства ўжо стала менш масавым.

— Памятаю, дзесяць год назад у Мароськах вяселлі спраўлялі ў хатах. Гулялі тры дні. Запрашалася 90 і больш гасцей. Сталы ставілі на двары пад шатрамі. Зараз збіраюць чалавек 15—20 і едуць у кафэ або на турбазу.

Людзі кіруюцца прагматычным: ці не лепш на сэканомленыя грошы купіць карысную рэч для дому альбо адправіцца ў падарожжа? Нашы ж продкі не скупіліся. Для іх вясельны абрад быў магчымасцю запраграміраваць будучае сямейнае жыццё на шчасце, лад і дастатак.

Ружа, якую можна есці…

Чым адметны сучасны вясельны стол на Маладзечаншчыне? Прадукты і напіткі для шыкоўнага застолля на 40 асоб, паводле слоў Ніны Віткоўскай, абыдуцца ў паўтары тысячы долараў. На такую колькасць чалавек спатрэбіцца адзін кабанчык — 70 кг мяса дастаткова, а часам і залішне, для прыгатавання разнастайных мясных страў. Менталітэт мясцовых гаспадароў дыктуе ім рабіць застолле шырокім, каб сталы «ламіліся», — каб госці не расчараваліся ды не абгаварылі.

— Па тутэйшай традыцыі на святочным стале абавязкова павінна быць выпечка. У нашых краях пякуць «Ружу» — у іншых раёнах на вяселлях нідзе яе не бачыла. Вазіла гэта пячэнне ў Гомель, калі пляменніца замуж выходзіла. Калі даставала сваю «Ружу» на стол, чула, як жанчыны-повары казалі здалёк, што выкладаю нешта папяровае. Гэтая выпечка сапраўды атрымліваецца вельмі лёгкай, як папера, — тлумачыць гаспадыня.

Рэцэпт «Ружы» просты: яйка, дробка цукру і мука. У цеста можна дадаць харчовыя фарбавальнікі — аранжавы, чырвоны, жоўты. «Ружы» трох колераў эфектна глядзяцца на тартоўніцы. Мукі сыплюць столькі, каб цеста не прыліпала да рук. Раскачваць яго трэба так тонка, каб ажно свяцілася. Спатрэбіцца бляшанка трохі вузейшая і вышэйшая за бляшанку з-пад згушчонкі. Раскачаныя кругі цеста за сярэдзіну чапляюць на відэлец і апускаюць на некалькі секунд у гарачы алей. Алей важна не перагрэць — інакш ён парудзее. Сценкі бляшанкі ўтвараюць форму будучай «ружы», не дазваляюць цесту «распаўзціся» — яно складваеца прыгожымі «хвалямі». Пячы «ружу» трэба не больш за паўхвіліны, сачыць, каб не падгарэла. Вымаць яе з бляшанкі акуратна, каб не абламаліся краі, — у гэтай справе трэба набіць руку. Гарачае печыва ставяць вертыкальна ў любую ёмістасць «пялёсткамі» ўверх. Калі «ружы» астынуць, іх пасыпаюць цукровай пудрай.

Затым з раскачанага цеста выразаюць лісты для «ружаў» — іх таксама смажаць. Атрымліваецца выдатнае ўпрыгажэнне на стол.

— Выкладваем «ружы» на трох’ярусныя тартоўніцы, перамяжоўваючы з вафлямі, якія таксама ў форме кветак. Гарачую вафлю складваем званочкам і ставім астываць у чарку, каб прыняла неабходную форму. Краі вафляў змазваем бялковым крэмам. Вельмі папулярнае ў нас на вяселлях і пячэнне ў форме грыбочкаў, вавёрак, мядзведзяў, шышак.

… і смажаная папараць-кветка

Абавязковая гарачая страва на тутэйшым вяселлі — хатняя каўбаса.

— Калі схадзіў на вяселле, дзе не было піханай каўбасы, — значыць, і на вяселлі не быў, — катэгарычна сцвярджае Ніна Уладзіміраўна. — Без класічных салатаў — «Селядзец пад шубай» і «Гарошак» — вяселле нашы людзі таксама назавуць благім.

Па традыцыі гаспадыні гатуюць рулеты розных відаў: курыныя, пячоначныя, свіныя. Робяць таксама галубцы і фаршыраванага шчупака.

Сярод папулярных мясных пачастункаў — зразы. Для іх тонка адбіваюць мяса паляндвіцы, соляць-перчаць, на сярэдзіну яго кладуць каўбасны фарш, затым скручваюць як катлету па-кіеўску, складваюць у каструлю, перасыпаюць морквай, заліваюць булёнам і тушаць на малым агні. Важна не ператушыць, бо зразы будуць развальвацца.

— Фаварыты ў гасцей — катлеты «Папараць-кветка». Кураціну прапускаюць праз мясарубку. Фармуюць з фаршу шарыкі — у сярэдзіну іх кладуць сыр, перамяшаны з размякчаным сметанковым маслам, акуратна закручваюць, мачаюць ва ўзбітае яйцо і паніруюць у батоне, нарэзаным саломкай, — дзеліцца рэцэптам Ніна Віткоўская. — На вясельны стол часта заказваюць фаршыраваных курэй. Іх робім так. Дастаём з курыцы ўсю сярэдзіну — застаюцца толькі ножкі і крылцы. Мясную масу перакручваем у фарш. Пячом бліны на хатніх яйках, наразаем іх квадрацікамі, перамешваем з часнаком, сырам і фаршам. Начыняем гэтай масай курыцу, змазваем яе алеем і ставім запякацца ў духоўку пры невялікай тэмпературы. Калі тэмпература будзе высокая — курыца хутка засмажыцца, а начынка можа быць сырой.

Як разлічыць вясельнае меню на аднаго госця? Падказка ад Ніны Віткоўскай:

Апетыты людзей адрозніваюцца, але можна прытрымлівацца сярэдняй лічбы: 1 кг на аднаго чалавека.

  • фуршэт — 150-200 г (канапэ);
  • гарачыя закускі — 100 г;
  • халодныя закускі — 400 г;
  • салаты — 200-250 г;
  • гарачая страва (мяса, рыба) — 200 г;
  • гарнір — 150 г;
  • фрукты — 200 г;
  • вясельны торт — 150-200 г.

Алена Пашкевіч

Фота Святланы Курэйчык

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте