Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Общество
Інваліды Івянца мараць паехаць на канцэрт у Валожын і чакаюць запрашэння

 

Чалавекам з інваліднасцю Віктар Субач стаў дзесяць год таму. Доўга быў на гемадыялізе, чакаў трансплантацыі і часам — у хвіліны адчаю — ужо слаба верыў у тое, што лёс злітуецца, падарыць шанц на жыццё. 

— Размаўляю я сёння з вамі дзякуючы доктару медыцынскіх навук, прафесару Алегу Рума, які зрабіў для мяне ўсё магчымае і немагчымае, — расказвае жыхар гарадскога пасёлка Івянец Віктар Субач. І тут жа, папрасіўшы прабачэння, дастае з кішэні таблетку, якую трэба выпіць дакладна ў вызначаны час.

— Гэта каб арганізму было лягчэй існаваць разам з маёй новай ныркай, — усміхаецца суразмоўца.

Пра сваю хваробу ён наогул гаворыць, як мне здаецца, з лёгкасцю. Кажа, што за гэты час да яе ўжо прызвычаіўся і адзінае, аб чым марыць, — быць здольным як мага больш зрабіць добрых спраў для людзей.

— Пасля аперацыі ў мяне хапала часу падумаць, — разважае Віктар. — І ведаеце, якія пытанні асабліва хвалявалі? Для чаго мяне Бог тут пакінуў, што я яшчэ не паспеў зрабіць на гэтай зямлі?

Дзяўчынка з Магілёва, з якой разам праходзілі лячэнне, неяк расказала пра таварыства інвалідаў, дзе ў яе шмат аднадумцаў і сяброў.

«Прыеду дадому — абавязкова далучуся да мясцовага таварыства», — вырашыў ён тады для сябе.

А калі крыху ачуняўшы стаў шукаць каардынаты, нечакана даведаўся, што такой арганізацыі ў Валожынскім раёне не існуе.

Кантактны тэлефон старшыні Мінскай абласной арганізацыі «Беларускае таварыства інвалідаў» Ганны Гарчаковай Віктар Субач убачыў у інтэрнэце. Тут жа набраў, папрасіў далучыць яго да якога-небудзь суседняга раёна.

— Старшыня паабяцала падумаць, а праз два дні патэлефанавала і прапанавала самому стварыць такую арганізацыю, — успамінае Віктар Альгертавіч. — Я быў не супраць, але вельмі баяўся, што не атрымаецца. Ганна маіх сумненняў не прыняла, і пад яе далікатным напорам я здаўся.

— У Валожынскім раёне 2 тысячы 100 інвалідаў, — распавядае цяпер ужо старшыня раённай арганізацыі ГА «Беларускае таварыства інвалідаў» Віктар Субач. — У нашай арганізацыі пакуль што толькі 180 чалавек. Людзі аб’ядналіся, каб падтрымліваць адно аднаго, дапамагаць. Пытанні вырашаем розныя, у тым ліку і па сацыяльнай абароне, усебаковай інтэграцыі інвалідаў у жыццё грамадства. Больш за ўсё многім з іх па-ранейшаму не хапае зносін з соцыумам, іншым нават складана выйсці на вуліцу.

Некалькі месяцаў таму старшыня валожынскай арганізацыі даведаўся пра жанчыну, якая чатыры гады ляжыць у сваім доме на старой раскладной канапцы. У той жа вечар загрузіў у легкавік спецыяльныя ложак і матрац, напрасіўся ў госці. А праз колькі дзён ужо трымаў курс на Валожын, дзе ў дзіцяці адвалілася кола ад інваліднай каляскі, каб дапамагчы яе тэрмінова замяніць.

Людзей, гатовых сказаць яму дзякуй, у раёне сотні. Звяртаюцца ў валожынскую арганізацыю беларускага таварыства інвалідаў і жыхары іншых раёнаў, бо загадзя ведаюць, што не адмахнецца яе старшыня ад чужых праблем. Наадварот, падставіць плячо і будзе да апошняга дапамагаць хвораму чалавеку і яго сям’і.

— Наколькі людзі гатовыя сёння падтрымліваць адно аднаго і ці патрэбна якая дапамога вам? — спрабую высветліць у Віктара Субача.

— Усе мы вельмі розныя, — крыху падумаўшы, кажа ён. — Сэрцы адных адкрытыя і гатовыя сагрэць увесь свет, іншыя чуюць толькі сябе, думаюць пра дабрабыт і лічаць што бяда, што прыйшла ў дом суседа, ніколі не закране іх.

Ведаеце, каб папрасіць дапамогі не для сябе, для іншых, я стукаўся ў дзверы многіх людзей. Былі сярод іх і кіраўнікі, і чыноўнікі, якія не адмаўлялі, але і не дапамагалі. Маўляў, добрую справу робіце. Але дзе ж тут на ўсіх возьмеш? А праз месяц-другі самі тэлефанавалі і прасілі хадункі альбо інваліднае крэсла для маці, жонкі. Я даваў, бо ўсе мы пад Богам…

А што датычыць праблем, дык яны простыя, зямныя. Напрыклад, многія члены нашай арганізацыі хацелі б хоць раз на год атрымаць запрашэнне на якое-небудзь цікавае мерапрыемства, выставу альбо канцэрт, што праводзяцца ў райцэнтры. Добра было б з’ездзіць туды цэнтралізавана, спецыяльным аўтобусам, паколькі далёка не кожны з нас можа кіраваць уласным аўтамабілем.

Таксама хацелася б нам мець і добрае памяшканне, дзе можна было б захоўваць сродкі рэабілітацыі, гігіены, адзенне і абутак, якія атрымліваем па лініі гуманітарнай дапамогі, устанавіць тэлефон. Напрыканцы мінулага года рашэннем райвыканкама нам выдзелілі месца ў былым будынку канторы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, але туды без рамонту не заедзеш. Больш за тое, супрацоўнічаць з намі бязвыплатна ўласнік не гатовы, ён чакае грошай. Але іх у арганізацыі, якая жыве за членскія ўзносы — сёння гэта 5 рублёў на год, — няма.

Таму пакуль што думаем, разважаем, абмяркоўваем іншыя варыянты. І верым у тое, што невырашальных праблем не бывае.

Марына Сліж

4 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте