Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Прэзідэнцкая арка і казіно — чым жыў маладзечанскі гарнізон у міжваенны перыяд

Будынак казармы

Польскія ўлады міжваеннага часу вельмі сур’ёзна падыходзілі да вайсковай бяспекі. Асабліва гэта адлюстравалася на тэрыторыі Заходняй Беларусі — менавіта з усходняга кірунку армейцы чакалі магчымага нападу. Такая стратэгія падштурхнула кіраўніцтва Другой Рэчы Паспалітай да будаўніцтва ва ўсходніх гарадах вайсковых кварталаў. Адзін з такіх размяшчаўся на тэрыторыі сучаснага Маладзечна. 

Ускосна гісторыя вайсковага квартала бярэ пачатак з 1919 года. Падчас савецка-польскай вайны існаваў «Мінскі стральцовы полк», укамплектаваны пераважна жыхарамі Мінска і наваколля. Вайсковая адзінка ўваходзіла ў склад так званых сіл самаабароны Беларусі і Літвы. Але фактычна прымала ўдзел у бальшавіцка-польскім канфлікце на карысць апошніх. У паслужным спісе жаўнераў нават значыцца Варшаўская бітва, якая ўвайшла ў польскую гістарыяграфію пад назвай «Цуд на Вісле».

У 1920 годзе полк у складзе польскай арміі здзейсніў паход на Вільню, вынікам якога стала ўтварэнне квазідзяржавы Сярэдняя Літва, якая праіснавала толькі два гады. У сакавіку 1922-га сумесны варшаўскі і віленскі сейм прыняў Віленскі край у склад Польшчы. А праз некаторы час «мінскіх стральцоў» перайменавалі ў 86-ы полк пяхоты і адправілі на раскватараванне пад Маладзечна — у фальварак Гелянова. Чаму менавіта туды? Адказ просты: дадзены кірунак меў прынцыповае стратэгічнае значэнне.

Тады невялічкі засценак яшчэ не ўваходзіў у склад горада (дый Маладзечна на той час горадам не было) і з’яўляўся тыповым сельскім населеным пунктам. Назва фальварка, верагодна, пайшла ад імя красуні Гелены, якая жыла тут у ХІХ стагоддзі. Але гэта толькі адна з версій.

Пілсудаўкі замест хрушчовак

На той час у Гелянове амаль адсутнічала хоць якая-небудзь ваенная інфраструктура, таму пэўны час полк знаходзіўся ў Красным (зараз пасёлак у Маладзечанскім раёне), а таксама на тэрыторыі сучаснай армейскай часці ў Маладзечне. Паралельна перад архітэктарамі і будаўнікамі паўстала складаная задача — забяспечыць дзве з паловай тысячы афіцэраў і жаўнераў (а таксама іх сем’і) жыллём і іншымі неабходнымі будынкамі.

Дом для афіцэраў

Грунтоўнае будаўніцтва ў Гелянове пачалі ў 1922-м. Да справы падышлі фундаментальна і прадумана. За некалькі год з’явіліся шматкватэрныя дамы для афіцэраў — падобныя да нашых хрушчовак (нават зараз маладзечанцы завуць іх «пілсудаўкамі» (ад прозвішча прэзідэнта міжваеннай Польшчы Пілсудскага). Радавому складу дасталіся звычайныя казармы. Камандаванне палка размясцілася ў новым штабе. А спецыяльна для каменданта пабудавалі шыкоўную прыватную сядзібу ў папулярным тады стылі канструктывізму. Конныя трэніроўкі (пры палку дзейнічала кавалерысцкае падраздзяленне) і пастраенні асабовага складу праводзілі на спецыяльным пляцы. Коні ўтрымліваліся ў стайнях.

Цэнтральнай грамадскай кропкай Гелянова стала… казіно! Менавіта такую мянушку жаўнеры далі вайсковаму клубу, дзе бавілі вольны час. У будынку знаходзілася вялікая сталовая, якая забяспечвала харчаванне ўсіх вайскоўцаў. Працавала гэта так: жаўнер прыходзіў, атрымліваў запакаваную ежу, а ўжо дома разаграваў. Назва «казіно» з’явілася не выпадкова. Афіцэрскі склад любіў паспаборнічаць у азартных гульнях, ці згуляць адну-другую партыю ў більярд.

Прыкладна да пачатку 1930-х ансамбль забудовы быў завершаны, і жыццё Гелянова стала ціхім, вайскова-цывільным.

Арка ў гонар прэзідэнта

Бадай, самая незвычайная пабудова ў Гелянове — трыумфальная арка. Яна з’явілася ў 1929-м (Маладзечна атрымала статус горада, а квартал увайшоў у яго склад), калі пяхотны полк святкаваў дзесяцігоддзе. Паводле задумы архітэктараў, арка павінна была стаць заключным элементам вайсковага гарадка. Пабудову прысвяцілі прэзідэнту Польшчы Юзафу Пілсудскаму. А вось адкрываў яе ўжо іншы кіраўнік дзяржавы — Ігнацій Масціцкі.

Трыумфальная арка, разбураная на пачатку 1960-х

Арку аздобілі шматлікімі барэльефамі ў выглядзе рыцараў і коней. Наверсе размяшчалася невялікая капліца са звонам, вырабленым у ліцейным цэху братоў Фельчынскіх. З вяршыні аркі палкавы капелян бласлаўляў жаўнераў на добрую службу.

На жаль, да нашых часоў міжваенны сімвал Гелянова не захаваўся. З прыходам у 1939-м Савецкай улады барэльефы знялі. Пасля Вялікай Айчыннай хадзілі чуткі, што ў капліцы жылі звычайныя людзі, бо ў горадзе не хапала жылля. Знеслі арку з практычных меркаванняў: яна знаходзілася на дарозе Р56 (тады гэта быў прамы шлях на Валожын). Праз яе мог праехаць толькі адзін аўтамабіль, што было вельмі нязручна. І на пачатку 1960-х ад збудавання пазбавіліся. А вось звон удалося захаваць. Пасля вайны яго выпадкова знайшлі на даху аднаго з дамоў на сталічным праспекце Незалежнасці. Зараз яго можна ўбачыць у адным з музеяў Мінска.

Ці засталася спадчына?

Так. І ў гэтым — галоўная каштоўнасць квартала. Геляноўскі гарнізон удалося захаваць больш чым напалову. Сёння гэта раён Маладзечна, паміж паркам і цэнтральным стадыёнам. «Пілсудаўкі» дайшлі да нашых дзён практычна ў першапачатковым выглядзе, і зараз там жывуць звычайныя гараджане. На шматпавярховіках можна ўбачыць сляды ад куль — адмеціны Другой сусветнай. Будынак афіцэрскага «казіно» трохі мадэрнізавалі, зараз там абласны драматычны тэатр. А пляц змяніў вайсковае прызначэнне на спартыўнае. Цяпер там можна пачуць гук судзейскага свістка ці бессмяротны футбольны марш Блантэра.

Сучасныя «пілсудаўкі»

У памяшканні штаба зараз хірургічнае аддзяленне раённай бальніцы. У ім нават захаваліся старыя (падоўжанага тыпу) вокны і польская сістэма ацяплення. Кажуць, іншы раз зімой пацыенты скардзяцца, што ў палатах надта горача — настолькі вялікімі і моцнымі зрабілі радыятары.

А замест былога каменданцкага дома зараз дзіцячы культурны цэнтр.

Аляксандр Навахрост

Фото аўтара, Narodowe Archiwum Cyfrowe, pl.wikipedia.org

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте