Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области, Регион
У аграгардку Нарач каталікі ўшанавалі памяць Марыі Качыньскай

У касцёле Святога Андрэя Апостала ў аграгарадку Нарач Мядзельскага раёна адбылося ўрачыстае асвячэнне мемарыяльнай дошкі ў гонар Марыі Качыньскай, жонкі былога прэзідэнта Польшчы Леха Качыньскага.

Жонку былога польскага прэзідэнта Марыю невыпадкова згадвалі на Мядзельшчыне ў гэтую жнівеньскую пару. 77 гадоў таму ў трывожны час фашысцкай акупацыі нарадзілася яна ва ўрочышчы Махава пад Кабыльнікам – цяпер гэта вёска Нарач. А 27 верасня 1942-га бацькі прынеслі дачку ў мясцовы касцёл Святога Андрэя Апостала, каб ахрысціць. Запіс аб хрышчэнні Марыі-Гэлены Мацкевіч занатаваны ў Метрычнай кнізе, якая захоўваецца ў парафіі святога Бернарда ў польскім Сопаце.

Нашай зямлячцы было наканавана лёсам стаць першай лэдзі Польшчы. Яна прайшла жыццёвы шлях ад махаўскай леснічоўкі ў Нарачанскім краі да Прэзідэнцкага палаца ў Варшаве.

Прэзідэнцкай пары, на жаль, не стала 10 красавіка 2010 года. Качыньскія разам са шматлікай афіцыйнай дэлегацыяй, якая ляцела на жалобны мітынг у Катынскі мемарыял, загінулі ў авіякатастрофе пад Смаленскам.

У Польшчы клапатліва ўшанавана памяць аб удзельніках гэтага трагічнага авіярэйса. Пасольства суседняй рэспублікі шукала магчымасць зрабіць гэта і на малой радзіме Марыі Качыньскай. На жаль, у нарачанскім краі ад былой старой сядзібы Мацкевічаў ужо нічога не засталося – прыгожая драўляная леснічоўка была пабудавана яшчэ перад вайной. А вось велічны мураваны касцёл па-ранейшаму збірае хрысціян у духоўную малітоўную супольнасць. Таму Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь звярнулася з ініцыятывай да мясцовых улады і духавенства ўстанавіць у каталіцкім храме памятную мемарыяльную дошку. Прапанову падтрымалі.

22 жніўня ў нарачанскім касцёле Святога Андрэя Апостала ўрачыста прайшла святая імша з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскай архіепархіі Рымска-каталіцкай царквы ў Беларусі Тадэвуша Кандрусевіча. Затым адбылося асвячэнне мемарыяльнай дошкі. На мерапрыемстве прысутнічалі парафіяне, духавенства, прадстаўнікі мясцовай улады, віцэ-маршал і дэпутаты Сейма Рэспублікі Польшча.

— Мне давялося неаднойчы бачыць прэзідэнцкую пару на набажэнствах, дзе Качыньскія прысутнічалі не дзеля таго, каб паказацца перад людзьмі, а каб маліцца, заўсёды прыступалі да Святой Камуніі. Яны публічна сведчылі сваю веру, не хаваліся ад яе, былі вернымі свайму хрысціянскаму пакліканню. І гэта добры прыклад для кожнага з нас, — зазначыў, выступаючы перад вернікамі, Тадэвуш Кандрусевіч. — Сённяшняя падзея вельмі важная ў кантэксце ўзаемаадносін нашых дзвюх краін. Мы суседзі. Таму павінны жыць так, як належыць суседзям: разумець адзін аднаго, дапамагаць адзін аднаму, ведаць праблемы адзін аднаго і супольна іх вырашаць. У нас агульныя хрысціянскія карані, нам не дазволена іх падрываць і падсякаць, бо без каранёў дрэва засохне.

Памятная дошка сімвалізуе разгорнутую кнігу з выявай крыжыка ў верхняй частцы. Тэкст на беларускай і польскай мовах сведчыць: «У гэтым касцёле 27 верасня 1942 г. была ахрышчана Марыя Качыньская (Мацкевіч), якая нарадзілася 21 жніўня 1942 г. у Махава на тэрыторыі мясцовай парафіі, жонка Прэзідэнта Рэспублікі Польшча Леха Качыньскага».

Віцэ-маршал Сейма Рэспублікі Польшча Рышард Тарлецкі расказаў:

— Працуючы ў Марскім інстытуце ў Гданьску, Марыя Чаславаўна Мацкевіч здымала кватэру на вуліцы Чырвонай Арміі. У гэтым жа доме ў 1976 годзе пасяліўся і дактарант Гданьскага ўніверсітэта Лех Качыньскі. Так і адбылася сустрэча ўраджэнкі нарачанскага краю з будучым прэзідэнтам Польшчы.

Дадаткова

Сёлета спаўняецца 585 год, як у Кабыльніку (цяпер Нарач) пабудавалі першы драўляны каталіцкі храм, і 115 год, як урачыста асвяцілі мураваны будынак.

Алена Пашкевіч

Фота аўтара

5 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте