Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Афиша, Регион
Унікальныя гісторыка-культурныя каштоўнасці Міншчыны пакажуць у сталіцы

Фото носит иллюстративный характер

12 верасня ў мастацкай галерэі Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці адкрыецца выстава, на якой прадставяць 12 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны з розных куткоў цэнтральнага рэгіёна. Аб гэтым карэспандэнту МЛЫН.BY паведаміў вядучы метадыст па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны аддзела традыцыйнага мастацтва ўстановы Ігар Жалткоў. 

— Вусныя традыцыі, выяўленчае мастацтва, звычаі, абрады, святы, песні, танцы, рамёствы: Міншчына здаўна славілася сваёй багатай гісторыка-культурнай спадчынай, — адзначыў Ігар Жалткоў. — Аднак не ў кожнага ёсць магчымасць пачуць аўтэнтычныя фальклорныя калектывы або стаць сведкам старадаўняга абраду. Да таго ж ніхто яшчэ не меў магчымасці ўбачыць на адной пляцоўцы ўсе 12 элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны Мінскай вобласці. Зараз гэта даступна.

Па словах Ігара Жалткова, на выставе можна будзе пачуць традыцыйныя абрадавыя і пазаабрадавыя песні ў выканнанні аўтэнтычных фальклорных гуртоў «Журавушка», «Глыбокія крыніцы», «Павалякі» з Любанскага раёна. А таксама ацаніць спеўны стыль гуртоў «Прусаўчанка» і «Набіліцы» са Старадарожчыны.

Тут жа будзе паказаны калядны абрад «Цары» з вёскі Семежава Капыльскага раёна, а таксама ўрачыстасць у гонар ушанавання абраза Божай Маці «Будслаўская». Дарэчы, гэтыя элементы ўключаны ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА.

— Копыльскія майстрыхі прадэманструюць закладную тэхніку ткацтва чырвона-белых ручнікоў, а народны майстар па ткацтве пояса Хрысціна Лямбовіч з Валожыншчыны пазнаёміць наведвальнікаў з унікальнай тэхнікай ткацтва «на ніту», — раскрыў падрабязнасці мерапрыемства Ігар Жалткоў.

Госці з Уздзеншчыны прывязуць «казкі-гулі ад бабулі». Гэта, так бы мовіць, спадчына Лідзіі Цыбульскай, жыхаркі вёскі Магільна. Яна была вядомай казачніцай: унікальную манеру апавядання, як і сюжэты казак, пераняла ад бацькоў. Цяпер «казкі-гулі» лічацца своеасаблівым брэндам Уздзенскага раёна, а ўзорны фальклорны ансамбль «Калыханка» Міханавіцкага Дома фальклору Мінскага раёна з задавальненнем чытае іх.

Ігар Жалткоў ўпэўнены: выстава нематэрыяльнай культурнай спадчыны Міншчыны стане традыцыйнай. Але будзе яна праводзіцца штогод ці радзей — пакуль невядома.

— Хацелася б рабіць такія прэзентацыі дзесьці раз у год, але пры ўмове, што спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны вобласці будзе пашырацца, — патлумачыў вядучы метадыст. — Ва ўсялякім разе, такія святы патрэбны і павінны быць. Нематэрыяльная спадчына — гэта наша культура і гісторыя, нашыя карані. Без гэтага няма нацыі, народу, няма краіны. І наш святы абавязак — збергачы гэтую спадчыну для нашчадкаў.

Выстава будзе доўжыцца з 12 верасня па 13 кастрычніка.

Галіна Наркевіч

Фота: Святлана Курэйчик і з архіва Мінскага абласнога цэнтра народнай творчасці

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте