Наведаць пастаноўку Маладзёжнага тэатра ў Старым Свержані і заўзяць у Капылі на раённым конкурсе прыгажунь. Што яшчэ паглядзець і ў чым паўдзельнічаць на Міншчыне.
Маладзечанскі раён
Першы міжнародны фестываль мастацтваў «Open MoloFantasy — 2019» адбудзецца ў Маладзечне 4–8 снежня. У ім прымуць удзел дзеці з Беларусі, Расіі, Украіны, Славеніі і Польшчы, а таксама падлеткі і моладзь.
Конкурснай праграмай прадугледжаны намінацыі «Харэаграфія», «Інструментальная музыка», «Мастацкае слова», «Тэатральная творчасць», «Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва» і інш.
Усе мерапрыемствы пройдуць пад дахам Цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна.
Стаўбцоўскі раён
Фото носит иллюстративный характер
Старасвержанскі цэнтр культуры прадастаўляе сваю сцэну Маладзёжнаму тэатру з Мінска. Сталічныя госці 29 лістапада прывязуць сюды шоу-праграму «Асаблівасці нацыянальнага адпачынку» (пачатак у 18:00).
У аснове пастаноўкі — курортная гісторыя, героем якой можа апынуцца кожны. Сюжэт такі: Яна і Ён прыязджаюць у санаторый «Ластаўчына дупло» на беразе Чорнага мора. Вада, сонца, пляж — што яшчэ трэба чалавеку? Але ў гэтых свае мэты: акружыць сябе актыўнай анімацыйнай праграмай, прайсці курс аздараўленчых працэдур, адсвяткаваць адпачынак у караоке-бары, атрымаць зарад энергіі на год наперад і, безумоўна, зафіксаваць свой адпачынак у галоўнага фотамастака ўзбярэжжа…
Будуць на сцэне і гумар, і хіты зорак беларускай эстрады.
Капыльскі раён
Фото носит иллюстративный характер
Раённы этап Нацыянальнага конкурсу прыгажосці «Міс Беларусь — 2020» пройдзе 5 снежня (18:00) у Капыльскім раённым цэнтры культуры.
Прэтэндэнткі на карону ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў і ростам не ніжэй за 174 см павінны мець грамадзянства Рэспублікі Беларусь і пастаянна пражываць на яе тэрыторыі (незалежна ад месца вучобы, працы), не быць у шлюбе, не мець дзяцей, татуіровак і пірсінгу на целе.
За ўсю гісторыю конкурсу, які праходзіць дванаццаты ўжо раз, мінчанкі заваявалі карону толькі двойчы. Дзяўчаты з рэгіянальных і абласных гарадоў перамагалі дзевяць разоў.
Слуцкі раён
Выстава акварэлі Гунэфы Мацюшэнкавай «Суб’ектыўнае ў аб’ектыўным» будзе працаваць да 24 студзеня 2020 года ў галерэі мастацтваў імя Уладзіміра Садзіна Слуцкага краязнаўчага музея.
Прадстаўлена больш за 80 работ мастачкі, якія створаны ў авангардным, абстрактным і рэалістычным кірунках і ўвасабляюць адзінства чалавека і прыроды.
Творы ўражваюць надзвычай багатым каларытам, складанасцю кампазіцыі, узнёсласцю і сур’ёзнасцю думкі. Чапляюць, дзесьці каля самага сэрца.
Гунэфа Мацюшэнкава — мастак, выкладчык кампазіцыі Слуцкай дзіцячай мастацкай школы. Узнагароджана шматлікімі дыпломамі як кіраўнік конкурсных работ на розных міжнародных конкурсах.
Марына Сліж
Фота: Кацярына Елісеева, старонка Facebook Молодёжный театр эстрады, БЕЛТА