Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
В Минской области
Заўсёды запатрабаваная — хто наведвае адзiную ў Пухавiцкiм раёне кругласутачную групу для дашкалят

Яслі-сад № 3 у Мар’інай Горцы — адзіная ў раёне дашкольная ўстанова адукацыі, дзе ёсць кругласутачная група знаходжання дзяцей (адкрыта ў 1996 годзе). Яна ўвесь час была i застаецца запатрабаванай. Зараз туды прыходзяць 19 дзяцей з 16 сем’яў,

— Іншы раз даводзіцца чуць, што сем’і, якія карыстаюцца паслугамі групы, знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, — кажа загадчыца дзіцячага садка Таццяна Мядзведзева. — Гэта абсалютна не так. Бацькі нашых выхаванцаў працуюць у гандлі, медыцыне, ёсць вайскоўцы, прадпрымальнікі. Не ва ўсіх на Пухавіччыне ёсць сваякі, якія маглі б дапамагчы з дзецьмі, калі таты і мамы з’язджаюць у камандзіроўкі, ідуць на працу ў начныя змены або заступаюць на суткі. Хтосьці працуе ў Мінску і позна прыязджае дадому. Многія перад сном паспяваюць забраць дзяцей. Але некаторыя застаюцца і на ноч: у гэтым годзе пяцёра дзетак прыходзяць цалкам на пяцідзёнку.

Група рознаўзроставая. Да педагогаў, якія ў ёй працуюць, — асаблівыя патрабаванні. Выхавацелі ў нейкай меры кампенсуюць дзеткам недахоп бацькоўскай увагі. Вераніка Муха і Вольга Бандаронак імкнуцца зрабіць усё магчымае, каб дзецям было камфортна і нясумна ў садку. Увечары iх змяняе вячэрні выхавальнік Надзея Федарэнкава. Яна — як сапраўдная мама і бабуля ў адной асобе: песціць малышоў, чытае ім на ноч казкі. Дзецi вельмі любяць і заўсёды чакаюць Надзею Аляксандраўну.

Памочнікі Алена Карпук, Наталля Максімовіч, Аксана Мяльгуй разам з выхавацелямi імкнуцца стварыць сапраўдныя сямейныя вечары.

— Развіццю гэтай групы стараемся надаваць больш увагі, таму што дзеці праводзяць там вельмi шмат часу, — кажа Таццяна Славаміраўна. — Праўда, умоў для рэалізацыі нашых жаданняў не так многа: будынак садка пабудаваны ў 1974 годзе, і памяшканні не зусім прыстасаваны для сучасных патрабаванняў па знаходжанні дзяцей. Але мы робім усё магчымае, каб стварыць камфортнае асяроддзе.

Акрамя кругласутачнай у яслях-садку працуе яшчэ пяць груп. Выхавальнікі рэалізуюць у іх некалькі адукацыйных праектаў. У гэтым годзе, напрыклад, стартаваў праект «Развіццё псіхаэмацыйнай сферы ў дзяцей з асаблівасцямі развіцця сродкамі музычнай тэрапіі». Музыка, перакананы педагог Марына Падзвінская, часам творыць цуд. Таму заняткі будуць асабліва карыснымі дзеткам з праблемамі ў зносінах або, наадварот, гіперактыўным дзецям.

Яшчэ адзін праект рэалізуюць дэфектолаг і спецыяліст па фізічным выхаванні. Рух і развіццё маўлення ў дзяцей — такія задачы ставяць перад сабой педагогі.

Цікава выхаванцам і ў тэатральнай студыі. Яна працуе ў старэйшай групе, якая нядаўна стала беларускамоўнай. Мабыць, гэта першы вопыт, калі выхавальнік у рускамоўным гарадскім садку з дзецьмі размаўляе на беларускай мове. Перш, чым прыйсці да такога рашэння, правялі бацькоўскі сход. Высветлілі, што бацькі не супраць таго, каб дзеці з самага дзяцінства чулі родную гаворку і ў школу прыйшлі б з пэўным багажом ведаў. Выхавальнік Валянціна Васкабовіч з цікавасцю ўзялася за распрацоўку заняткаў, падбор літаратуры. Стварылі нават маленькі аўтэнтычны беларускі куток для гульняў і знаёмства з беларускімі традыцыямі. Дзеці вучаць вершы і песні на беларускай мове. І, па словах выхавацеля, выдатна разумеюць усё, што яна ім гаворыць па-беларуску.

— А яшчэ я ганаруся тым, што нашы дзеці ведаюць і спяваюць гімн, — кажа Валянціна Васкабовіч.

— Мне падабаецца, што выхавальнікі падтрымліваюць цікавыя пачынанні, накіраваныя як на ўдасканаленне адукацыйна-выхаваўчага працэсу, так і на паляпшэнне асяроддзя знаходжання дзяцей, — гаворыць Таццяна Славаміраўна, якая, дарэчы, толькі год таму ўзначаліла калектыў дзіцячага садка. — Мы стараемся агульнымі намаганнямі знайсці нешта такое, што стала б нашай візітнай карткай. І, думаю, у нас абавязкова атрымаецца.

Алена Іванова, «Пухавiцкiя навiны»

4 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте