Лента Новостей
Последние новости
Происшествия
Мнение и спорт
Самое читаемое

Лялькі і этнаскарбы — як педагогі Міншчыны захоўваюць нацыянальныя традыцыі

Пакуль жодзінскія гімназісты захапляюцца лялечным тэатрам, міханавіцкія школьнікі вывучаюць гісторыю продкаў і складаюць радаводы. Якія яшчэ методыкі ў этнакультурным выхаванні дзяцей практыкуюць педагогі Міншчыны, высвятляла карэспандэнт МЛЫН.BY.

Казкі ў скрыні

Тэатральную машыну часу ствараюць дарослыя разам з дзецьмі ў гімназіі №1 Жодзіна. Творчай талакой па старажытных малюнках яны змайстравалі двух'ярусную скрыню для батлейкі, вырабляюць лялькі-персанажы і ставяць спектаклі. У рэпертуары — «Цар Ірад» (пра містычныя падзеі біблейскіх часоў), а таксама пастаноўка «Дзінка, або Адкуль пайшла назва Жодзіна».

— У беларускай батлейцы па касцюмах герояў можна было вызначыць іх статус і нават вывучыць культуру ткацтва асобнага рэгіёна краіны. Кашулі, наміткі, фартухі... Майстры часта расшывалі ўборы ў адпаведнасці з нацыянальнымі традыцыямі. Сярод мініяцюрных персанажаў таксама была свая градацыя. Лялька, вышэйшая за 30 см, — адмоўны герой, — зазначае настаўніца беларускай мовы і літаратуры гімназіі Ірына Стомаль.

Мініяцюрныя персанажы на цвёрдым стрыжні, якія больш за ўсё прыжыліся ў беларускай батлейцы

Яшчэ гісторык Герадот, які жыў на мяжы 490-424 гадоў да н. э., расказваў пра рэлігійныя святы Старажытнай Грэцыі — як з аднаго храма ў другі на калёсах перавозілі маленькі храмік з пазалочанай выявай бога сонца Геліёса. Аднак духоўнымі бацькамі батлейкі былі заходнія манахі. У XV стагоддзі яны прыдумалі інсцэніраваць царкоўныя абрады для распаўсюджвання хрысціянскіх вучэнняў. Заходнееўрапейская містэрыя прыйшла на беларускія землі праз Польшчу ў канцы XVI стагоддзя. Мода езуітаў на рэлігійныя пастаноўкі распаўсюдзілася па ўсёй Беларусі. Тэатр батлейкавага тыпу ў розных рэгіёнах Беларусі меў розныя назвы — яселка, батляемка, остлейка, жлоб, вяртэп.

На думку Ірыны Стомаль, па ўзроўню эмацыянальнага ўздзеяння батлейка займае асаблівае месца сярод іншых відаў мастацтва. За стагоддзі яна не састарэла. Класічныя сюжэты пра барацьбу дабра са злом, вайну і мір, спагаду і жорсткасць будуць заўсёды надзённымі. Такі мабільны міні-тэатр развівае эстэтычны густ, вучыць дзяцей творча думаць, абуджае акцёрскі талент.

Галінка вялікага дрэва

Асновы культуры сямейных узаемаадносін сродкамі народнай педагогікі фарміруюць у вучняў Міханавіцкай сярэдняй школы Мінскага раёна. Ва ўстанове адукацыі лічаць, што складанне радаводаў — адзін з метадаў далучэння дзяцей да дыялогу пакаленняў. Бацькі, бабулі і дзядулі ўдзельнічаючь ва ўсіх этапах гэтай справы, прыходзяць падтрымаць вучняў падчас прэзентацыі радаводу.

— Знялі некалькі відэаролікаў «І прадзед мой дамоў з вайны вярнуўся», дзе на фоне кінахронікі дзеці расказваюць пра ваенныя шляхі сваіх прадзедаў, пра тое, як продкі, прыйшоўшы з вайны, будаваліся, гадавалі дзяцей, — распавядае загадчык музея, педагог дадатковай адукацыі Міханавіцкай СШ Марыя Леўкавец.

Дыпломам у намінацыі «Уклад у сямейныя каштоўнасці» адзначана работа «Валошка на рэліквіі маёй сям'і» Святаслава Хадакова, удзельніка Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Аб'ядноўваемся ведамі» ў Маскве

Марыя Мікалаеўна заўважае: праблему сямейных каштоўнасцей можна лічыць адной з найбольш актуальных у сучасным грамадстве. Сям'я няўхільна зніжае свой патэнцыял у перадачы кампетэнцый сямейнага жыцця непасрэдна ад бацькоў і старэйшых пакаленняў да дзяцей. Каб спыніць гэты працэс, ва ўстановах адукацыі неабходна ствараць супольнае выхаваўчае асяроддзе, у якім педагогі, навучэнцы і іх бацькі будуць дзейснымі прадаўжальнікамі традыцый выхавання, маральна-духоўных каштоўнасцей папярэдніх пакаленняў.

Рэгулярна ладзяцца экспедыцыі, большасць якіх прадугледжвае запіс фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў у сем'ях навучэнцаў, інфарматарамі з'яўляюцца бацькі, бабулі і дзядулі.

Скарбы ў стылі этна

Педагогі Ільянскай сярэдняй школы Вілейскага раёна ўпэўнены: стагоддзямі набыты народны вопыт — эфектыўны рэсурс для навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Ва ўстанове адукацыі рэалізоўваецца інавацыйны праект «Укараненне этнакультурных тэхналогій для пашырэння і ўзбагачэння адукацыйнага асяроддзя ўстановы адукацыі».

— Праект з'яўляецца адказам на сацыякультурныя выклікі сучаснасці. Плённа працуюць аб'яднанні настаўнікаў і навучэнцаў па інтарэсах. Адбыліся пасяджэнні клуба «Цікавыя сустрэчы» з мастаком і краязнаўцам Барысам Цітовічам і яго жонкай Валянцінай, артыстамі літаратурнага тэатра «Слова» Зінаіды Феакціставай, з членамі Саюза пісьменнікаў Беларусі. Праводзяцца заняткі па інтарэсах «Асновы даследчай дзейнасці вучняў па гісторыі», «Літаратурнае краязнаўства», «Асновы праваслаўнай культуры», а таксама факультатыўныя заняткі па беларускай мове і літаратуры, — расказала намеснік дырэктара па навучальнай рабоце Ільянскай СШ Алена Міхалёнак.

У дапамогу педагогу створаны электронны рэсурс, дзе прадстаўлены нарматыўныя прававыя і лакальныя дакументы, анатаваны спіс літаратуры, навуковы слоўнік тэрмінаў і іншае. На пачатку кожнай чвэрці праходзіць Адзіны дзень праекта. Арганізоўваюцца выстава прылад працы беларусаў, вернісажы малюнкаў, прэзентацыя і выстава сімвалаў беларускага арнаменту, конкурсы юных чытальнікаў, літаратурныя кампазіцыі.

Куплет з бабулінай песні

У Пагарэльцаўскай сярэдняй школе на Нясвіжчыне праз абрадавыя святы дзеці знаёмяцца са светапоглядам продкаў — іх уяўленнямі аб узаемаадносінах чалавека з прыродай. Гэтаму дапамог праект «Школьны музей як сродак нацыянальна-патрыятычнага выхавання вучняў».

У выніку даследчай дзейнасці для школьнага этнаграфічнага музея былі набыты прадметы побыту беларусаў, падрыхтаваны экскурсіі, сабраны гістарычныя звесткі. Праект шостага школьнага дня «Карагод», заснаваны на вывучэнні традыцый і абрадаў беларускага народа, адзначаны дыпломам I ступені ў раённым этапе абласнога конкурсу.

Фальклорныя святы «Саракі», «Смачная Масленіца», «Камаедзіца», «Сёмуха», інтэрактыўная гульня «Піліпаўскія вячоркі», кірмаш «Ой, Лявоніха, Лявоніха мая!» — у Пагарэльцаўскай сярэдняй школе штогод праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаюць дзеці з бацькамі і настаўнікі.

— Неабходна з самага ранняга ўзросту фарміраваць у дзяцей уяўленне пра асаблівасці беларускай духоўнай культуры і народных традыцый, фальклорнай спадчыны, — лічыць дырэктар Пагарэльцаўскай СШ Наталля Хадакова. — У школе багата здабыткаў на ніве вывучэння, захавання і трансляцыі беларускай культуры ў сучасную адукацыйную прастору. Штогод праводзяцца выхаваўчыя мерапрыемствы, у якіх удзельнічаючь настаўнікі, дзеці і іх бацькі: праваслаўныя, фальклорныя святы, інтэрактыўныя гульні, этнаграфічныя праекты. Вучні прымалі ўдзел у конкурсе «Захаваем культурную спадчыну разам» (Беларусь — Украіна — Польшча). Каманда нашай школы паспяхова прадставіла раён на міжнародным узроўні. Па выніках удзелу ў конкурсе вучняў запрасілі наведаць Летнюю акадэмію для дзяцей у Польшчы.

Алена Пашкевич

Mlyn.by © 2012 - 2020 Все права защищены.
Яндекс.Метрика