Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Люди
Сакрэт фізічнай маладосці Рыгора Сарокі — музыка, каханне і здаровы лад жыцця

Неяк асабліва вызначае шматгранную асобу Рыгора Сямёнавіча непараўнальнае ўменне сябраваць і тонкае пачуццё гумару. Прызнацца, на тое і разлічвалі, калі спрабавалі дзеля святочнага інтэрв’ю «ўціснуцца» ў надзвычай шчыльны гэтымі днямі працоўны графік маэстра.

Рыгор Сямёнавіч, 75 гэта многа ці мала?

— Як я пачуваюся, то яно быццам і нямнога. А глянеш у пашпарт, то ўжо крыху сумнавата. На паперы гэтая лічба выглядае надта сур’ёзна. (Смяецца.)

Дык не глядзіце!

— Застаецца толькі так і рабіць. Дый доктар кажа: па стану арганізма можна смела адымаць 15 год. Так што мне 60 насамрэч. (Смяецца.) Пажадаў бы ўсім у такім узросце захаваць імпэт да жыцця, да творчасці.

Здаецца, ведаю сакрэт вашай творчай і фізічнай маладосці…

— Так-так, цікава…

Музыка, каханне і здаровы лад жыцця.

— Абсалютна дакладна! Трэба працаваць над сабой з юнацтва. Памятаю, яшчэ з войска — турнікі, спартыўныя залы. Пешшу шмат рухаюся: 20 кіламетраў не праблема.

Што да музыкі, у мяне не было пошуку прафесіі. Мама мая, звеннявая па вырошчванні льну ў калгасе «Светлы шлях», хацела, каб быў ветэрынарам. Усё ж даходная справа. А бацька граў і на гармоніку, і на скрыпцы, і на домры. Ён хацеў, каб я быў музыкантам. А я таксама аб гэтым мроіў. Таму ішоў гэтаю дарогай без усялякіх ваганняў. Толькі наперад!

І каханне… На жаль, мноства сямейных пар жыве у адзіноце. А гэта яшчэ горш, чым аднаму — быць у адзіноце ўдваіх. І не заўсёды муж і жонка сябры… Святлана і я — адна-думцы, сябры. Што тут гаварыць?

Зусім забыўся пра ваша апантанае захапленне гульнёй у більярд..

— (Смяецца.) Так, так… Як толькі дача з’явілася, кінуўся не ў гароды — хаця садзік ёсць і нешта расце, радуе вока, — а на другім паверсе дома ўсталяваў більярдны стол. Калі няма партнёра, то магу і сам з сабою згуляць партыю-другую. Вельмі цікавая гульня, дарэчы.

Аднак калі больш сур’ёзна, то самае вялікае захапленне, што мяне трымае ў цікавасці да жыцця, — гэта кнігі. Я страшэнны кнігалюб. Чытаю штодня. Зараз перачытваю апавяданні Уладзіміра Караткевіча, «Родныя дзеці» Ніла Гілевіча. І кніжкі не электронныя, папяровыя — каб быў пах старонак, каб патрымаць у руках, дзе-небудзь зручна прылегчы… Кнігі — маё выратаванне. Яны зрабілі мяне чалавекам: літаральна з дзяцінства заўсёды з кнігай.

Якія плюсы і мінусы вашага ўзросту вызначыце?

— У нас няма да сталых людзей, як недзе ў іншых краінах, вялікай павагі, а прысутнічае нейкая іронія. Я ж лічу, — а педагагічнай працы гэта датычыць асабліва, — калі няма на педсавеце сівых галоў, дык гэта не педсавет, а дзіцячы сад. Талент і вопыт – вельмі важныя рэчы, прынамсі, у нашай справе. Спяшаешся перадаць свае веды маладым людзям як мага лепш. У мяне ёсць вучні, паслядоўнікі. Той жа аркестр – гэта маё дзецішча, творчая магутная лабараторыя.

Як не памыліцца і выбраць правільную, менавіта сваю дарогу ў жыцці?

— Трэба усё ж такі слухаць сэрца. І бацькам бы раіў… Бываюць сітуацыі: дзіця ўлюбёнае ў музыку, а дарослыя пачынаюць меркантыльныя разважанні. Можа, зарплата не такая ці яшчэ што.

Толькі не ўсё вымяраецца грашыма. Калі чалавек жыве з любоўю да сваёй прафесіі, ідзе на працу з задавальненнем — гэта вялікае шчасце, якое ні на што нельга прамяняць.

Некаторыя ўжо ў 30 гадоў стамляюцца жыць. Ці магчыма асцерагчыся такой апатыі, душэўнай млявасці?

— Сёння сапраўды многа маладых «старэчаў». Юных, але такіх панурых, змучаных… Гэта праблема насамрэч.

Жыве нармальна і доўга, са смакам, напэўна, той чалавек, які ўмее радавацца кожнаму дню. Жыве з падзякай Богу, прыродзе за тое, што дадзены такі цуд. Сёння пасля працы я прыляцеў на дачу, бо мяне чакалі 7 катоў, свае і чужыя. Купіў каўбасы, каб іх накарміць. Па дарозе думаў: колькі ўсяго прыгожага ў нашым жыцці! Трэба гэта бачыць і радавацца.

Згадваючы людзей ці падзеі, якія адыгралі нейкую ролю ў вашым жыцці, часта гаворыце: «Мне пашанцавала…» Вы сапраўды такі шчасліўчык?

— Заўсёды кажу: сябры, рабіце добрыя справы! Бачыце праблемы — працягніце руку насустрач. Бумерангам ўсё вяртаецца чалавеку. Па сабе ведаю.

Разумею, што гэта немагчыма і ўсё-такі… Ці хацелі б нешта ў сваім жыцці перапісаць на чыставік?

— Думаю часам, як пашанцавала таму, у каго бацькі музыканты і дзіця з шасці год ужо займаецца… Вельмі позна я пайшоў вучыцца. З-за мяне бацька нават будаваў дом у Маладзечне, каб я мог ажыццявіць сваю мару. Зрабіў бы больш, канешне, калі б усё раней пачалося.

Некалі дзіцячая мара стаць музыкантам вывела вас на такі шырокі і, напэўна, зайздросны для многіх жыццёвы шлях. Ці марыце сёння пра нешта?

— (Смяецца.) Мае кажуць: калі ў яго скончацца гэтыя ідэі?! Альбо яшчэ так: з ім цяжка, але не сумна. Я такі, ведаеце, генератар. Здаецца, зроблена тое, другое. І не так жа проста ўсё даецца. А ў мяне нешта новае з’яўляецца.

Трэба было, напрыклад, узяцца за форум маладых кампазітараў краін СНД. А гэта — мадэрновая музыка, рознага кшталту складанасці. Але ж цікава!

Я жыву неспакойна, з адвечным пытаннем: што яшчэ трэба зрабіць у мастацтве, у сваёй установе і ўвогуле дзеля таго, каб Маладзечна стала найлепшым і найпрыгажэйшым.

Прапануем зараз стварыць фестываль беларускай і кітайскай музыкі. Ідзе вялікае супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі — чаму ж не ажыццявіць такі праект?

(Смяецца.) Ужо ведаюць: калі што задумаў – самае неверагоднае – усё спраўджваецца. Так, як з музычным дворыкам у каледжы, помнікам Міхалу Клеафасу Агінскаму, мемарыяльнай дошкай ў Фларэнцыі… Усё рэалізавалася!

Як казаў адзін кінагерой, нейкі вы занадта ідэальны атрымліваецеся…

— (Смяецца.) Яно ж вядома: ідэальных людзей няма. І ў мяне хапае усяго. Увогуле лічу, што не варта акцэнтаваць увагу на недахопах. Наадварот, трэба прыцягваць увагу да таго добрага, што ў кожным чалавеку ёсць. Падхвальваць яго, а не таптаць за нейкі недахоп. Менавіта так будую свае адносіны з людзьмі, з падначаленымі. У нас ва ўстанове добры мікраклімат, такі своеасабліы псіхалагічны аазіс. І гэта ўрэшце дазваляе паспяхова працаваць.

Дзякуй за размову! Ад імя чытачоў «Мінскай праўды», сваіх калег дазвольце павіншаваць вас, шаноўны Рыгор Сямёнавіч, з 75-годдзем. Зычым вам добрага здароўя, новых творчых здабыткаў, спраўджаных ініцыятыў.

— Вялікі дзякуй, сябры!

Дадаткова

Рыгор Сарока — заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Дырэктар УА «Маладзечанскі дзяржаўны музычны каледж імя М.-К. Агінскага». Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага музычнага каледжа імя М.-К. Агінскага.

Старшыня Мінскага абласнога аддзялення Беларускага саюза музычных дзеячаў. Старшыня праўлення дабрачыннага фонду «Спадчына Міхала Клеафаса Агінскага». Лаўрэат спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у намінацыі «За ўклад у развіццё міжнародных культурных сувязей Рэспублікі Беларусь».

«Чалавек года Міншчыны — 2012». Ганаровы грамадзянін горада Маладзечна і Маладзечанскага раёна. Ганаровы грамадзянін горада Рытавас (Літва).

Гутарыў Ігар Ганчарук

Фота: Святлана Курэйчык

3 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте