Впервые у нас? Регистрация


Вход

Забыли пароль? (X)

Зарегистрированы? Войти


Регистрация

(X)

Восстановление пароля

(X)
Еда
Куцця па-слуцку, або Якія стравы былі на святочным стале ў нашых продкаў

Разам з майстрам вытворчага навучання Вольгай Канапелькінай навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа адраджаюць рэцэпты беларускай народнай кухні.

Калядныя традыцыі беларусаў вельмі багатыя, цікавыя, самабытныя.

— Увечары перад Раством, 6 студзеня, на абедзенны стол сыпалі салому — як сімвал таго, што Ісус Хрыстос нарадзіўся ў яслях. Зверху засцілалі абрус і накрывалі стол. Абавязкова на ім былі посныя стравы. Скаромнае елі ўжо пасля каляднай службы, раніцай 7 студзеня, — кажа Вольга Канапелькіна.

На калядны стол нашы продкі ставілі ўсё самае смачнае. У залежнасці ад дастатку сям’і — ад 7 да 12 страў. У кожным рэгіёне былі свае гастранамічныя асаблівасці. Напрыклад, на Случчыне гатавалі запечаную ў цесце з жытняй мукі рыбу і аладкі — грачанікі, з узбітай смятанай ды макам.

— Ва ўсіх рэгіёнах Беларусі была агульная традыцыя: на калядным стале абавязкова прысутнічала вантрабянка, каўбаса з субпрадуктаў. І абавязкова ставілі нейкую мучную страву, запечаную цалкам курыцу або качку. На дэсерт падавалі аўсяны кісель і ўзвар — канцэнтраваны кампот з сухафруктаў з мёдам і мятаю, — распавядае Вольга Барысаўна.

Але гаспадыняй беларускага каляднага стала заўсёды была куцця — салодкая каша з макам, мёдам і сухафруктамі. З яе пачыналася і поснае застолле ўвечары перад Раством, і багаты абед у само свята, 7 студзеня.

— Каша для беларусаў — знакавая страва. З ёю адзначалі нараджэнне дзіцяці, яе гатавалі на вяселле, яна была і на памінальным стале, — расказвае Вольга Канапелькіна. — У калядную куццю дадавалася ўсё самае смачнае, і пабольш. Таму што лічылася: чым багацейшая куцця, тым больш шчасця чакае сям’ю ў новым годзе.

Гатавалі куццю з традыцыйных прадуктаў, якія былі ў кожнай сям’і: сушаныя грушы, слівы, салодкія гарбузовыя лупінкі, мак і мёд. Крупы таксама выбіралі асаблівыя: ячныя, пшанічныя і аўсяныя. А вось з проса і грэчкі калядную кашу не рабілі.

Спецыяльна для чытачоў нашай газеты навучэнцы Слуцкага дзяржаўнага каледжа прапанавалі рэцэпт куцці, якая нікога не пакіне абыякавым.

— Каб куцця прыйшлася даспадобы ўсім, мы вырашылі прапанаваць пяць відаў розных круп: чатыры традыцыйныя і яшчэ рыс, — кажа навучэнка Слуцкага дзяржаўнага каледжа Анастасія Левіна.

Навучэнкі каледжа Анастасія Левіна (злева) і Вольга Сыцько (справа) з выкладчыкам Вольгай Канапелькінай прыгатавалі куццю па-слуцку

— У кожнай куцці свой смак. Мне, напрыклад, больш за ўсё спадабалася аўсяная куцця, — падзялілася ўражаннямі будучы повар Вольга Сыцько. — Неверагодная страва — і як закуска, і як дэсерт. Між іншым, гэтаму рэцэпту не адна сотня год.

Калядная каша

Інгрэдыенты:

  • 2 шклянкі круп (ячных, аўсяных, рысавых або пшанічных);
  • 5 шклянак вады;
  • 5 сталовых лыжак мёду;
  • 1 шклянка разынак;
  • 1,5 шклянкі маку;
  • 1 шклянка арэхаў;
  • цукаты і сухафрукты — на свой густ.

Крупы прамыць, заліць гарачай вадой. Давесці да кіпення, паменшыць агонь і варыць да гатоўнасці. Мак заліць кіпенем і даць настояцца. Зліць ваду і перацерці мак з арэхамі да выдзялення «малачка» белага колеру (сочыва). Дадаць мак з арэхамі да кашы, туды ж — мёд і астатнія інгрэдыенты. Змяшаць, каб сухафрукты і арэхі раўнамерна размеркаваліся ў кашы.

Калі ў крупы падчас варкі дадаць дробку солі, куцця набудзе яшчэ больш цікавы смак.

Смачна есці!

Кацярына Елісеева

Фота аўтара

2 0

*Чтобы оставить комментарий Вам нужно зарегистрироваться на нашем сайте